• У Польшчы пачынаецца перадвыбарчая кампанія
  • Audio3.97 MB
  • 14.06.2011

На мінулых выходных у польскай палітыцы было вельмі горача. У Гданьску адбыўся зьезд моладзевага крыла кіруючай партыі “Грамадзянская плятформа”. А ў Варшаве сабралася апазыцыя з партыі “Права й справядлівасьць”.

Палітычную атмасфэру падагрэлі гучныя “палітычныя пераходы”. Да “Грамадзянскай плятформы” далучылася адна з былых лідарак апазыцыйнай “Права й справядлівасьці” Яанна Клюзік-Расткоўска, а таксама іншыя дзеячы. Яна выступіла з прамовай у Гданьску. Апазыцыя адказала на гэта зьменай стратэгіі. Рэха гэтых палітычных падзеяў камэнтуюць для нашай рэдакцыі польскія экспэрты: палітэхнолягі, палітолягі ды сацыёлягі.
Так, на думку доктара Норбэрта Малішэўскага, экспэрта ў галіне палітычнага маркетынгу, галоўныя палітычныя гульцы рыхтуюцца да зьмены выбарчай стратэгіі.

Норбэрт Малішэўскі: Першая тактыка: “Грамадзянская плятформа” імкнецца паказаць, што яна партыя лідараў, а рэшта ня мае такога патэнцыялу. Другая тактыка, наадварот, зьвязаная зь месцам на палітычнай сцэне. “Плятформа” пачынае штурхацца, кажучы, што яна ў цэнтры, аб’ядноўвае асобы, якія думаюць пазытыўна пра мадэрнізацыю Польшчы, а рэшта – маргінальныя й скрайнія партыі, як “Права й справядлівасьць” ці Саюз левых дэмакратычных сіл. Гэта стратэгія адкрыцьця новых фронтаў-дыскусіяў, каб мабілізаваць свой электарат ды партыйных палітыкаў. У сваю чаргу “Права й справядлівасьць” прайграла мінулыя выбары ў 2007 годзе таму, што грамадзтва ўспрымала іх як партыю, якая глядзіць у мінулае. Сёньня яны імкнуцца гэтае ўспрыняцьцё зьмяніць і паказаць, што партыя скіраваны ў будучыню ды зьяўляецца сучаснай арганізацыяй, якая займаецца мадэрнізацыяй.

Паводле словаў палітоляга Барталамея Біскупа, кіруючая партыя ставіць перад выбарамі на дэманстрацыю адзінства й сілы.

Барталамей Біскуп: Апошні зьезд быў адзінай вялікай дэманстрацыяй сілы. Там было столькі людзей, што можна казаць амаль пра рэкорд з боку “Грамадзянскай плятформы”, якая хацела перамагчы ў колькасьці прыхільнікаў. Усе выступы былі дэманстрацыяй таго, што мы – партыя моцная ды згуртаваная. Затое апазыцыя крыху кідаецца ў розныя бакі. Там адбываюцца вялікія пэрсанальныя зьмены. Гэта ня добра перад выбарамі ані для партыі, ані для партыйнага іміджу. На сёньняшні дзень – гэта партыя лідара Яраслава Качыньскага, і ніхто ня думае пра будучыню.

На думку сацыёляга з Польскай акадэміі навук Генрыка Даманьскага, на гэтых выбарах ня варта спадзявацца канкрэтнай ды зьмястоўнай дыскусіі. Партыі будуць выкарыстоўваць старыя правераныя мэтады.

Генрых Даманьскі: Я думаю, што будуць узаемныя атакі з усіх бакоў. Партыі будуць выцягваць памылкі сваіх апанэнтаў. З боку “Грамадзянскай плятформы” будзе ісьці кампанія запалохваньня вяртаньнем “Права й справядлівасьці”ды  таго, што можа здарыцца, калі Яраслаў Качыньскі прыйдзе да ўлады. Гэта значыць, будзе сачэньне з боку спэцыяльных службаў, магчымае абмежаваньне грамадзянскіх свабодаў. Гэта звычайныя “страшылкі” “Грамадзянскай плятформы”. А вось з боку “Права й справядлівасьці” будзе крытыка “плятформы”, што яна нічога ня робіць, нягледзячы на знаходжаньня пры ўладзе. Я думаю, што на гэтых выбарах будзе шмат дэмагогіі й мала зьмястоўнай крытыкі.

Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, праведзеных па замове Польскага радыё, папулярнасьць кіруючай “Грамадзянскай плятформы” крыху павялічылася. А грамадзская падтрымка апазыцыйных партыяў зьменшылася.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч