• Агляд польскага друку
  • 15.06.2011

Польскія штодзёнкі пішуць сёньня пра працэс Анджэя Пачобута ў Беларусі. “Суд над Пачобутам”, “Рыхтуецца прысуд для Пачобута”, “Рэжым судзіць Пачобута” – вось толькі некаторыя з загалоўкаў сёньняшняй польскай прэсы.

хххххххххххххххххх

Так, “Gazeta Wyborcza” піша пра тое, што беларускія ўлады зьмяняюць абвінавачаньне Анджэю Пачобуту. На ўчорашні працэс гарадзенскага журналіста ўлады не пусьцілі ніводнай асобы: ані сваякоў, ані польскага консула. Учора раніцай міліцыя арыштавала старшыню ды прэсавага сакратара Саюза палякаў у Беларусі, каб яны не змаглі прыйсьці да будынку суда. Судовае слуханьне доўжылася некалькі гадзін. Потым зрабілі перапынак, пасьля якога пракурор папрасіў спыніць разгляд справы да пятніцы, каб удакладніць абвінавачаньне. Ніхто ня ведае, што гэта значыць. Магчыма, зазначае польскае выданьне, пракуратура хоча радыкальна зьмяніць абвінаваўчы акт. Пачобута пакуль абвінавачваюць у абразе ды паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, якога ён назваў у сваіх арыткулах дыктатарам, а беларускія выбары – фальсыфікаванымі. Журналісту пагражае за гэта да 4 гадоў турмы. 70 апошніх дзён ён правёў у заключэньні, - піша газэта.

Штодзёнка “Rzeczpospolita” піша пра тое, што ўлады рыхтуюць новыя абвінавачаньні для Анджэя Пачобута, актывіста Саюза палякаў у Беларусі ды журналіста польскага выданьня “Gazeta Wyborcza”. Працэс Пачобута выглядаў наступным чынам: адвакат падаваў пратэст за пратэстам, а судзьдзя іх адхіляў. Потым пракурор папрасіў перапынак, каб удакладніць абвінавачаньне. Гэта можа азначаць што заўгодна, - зазначае польская газэта. Выданьне падкрэсьлівае, што гэты працэс, як і іншыя палітычныя працэсы, праводзіцца, каб даць Лукашэнку магчымасьць гандлявацца з Захадам: вызваленьне палітвязьняў за фінансавую дапамогу. Польскі эўрадэпутат Яцэк Пратасевіч сказаў у інтэрвію газэце, што на сёньняшні дзень адзінай пасьпяховай формай націску на Лукашэнку застаюцца эканамічныя санкцыі. Эўразьвяз павінен выступіць супраць выдзяленьня крэдыту Беларусі па лініі МВФ ды ўвесьці санкцыі на ўзроўні ЭЗ. Дапамога за вызваленьне палітвязьняў – гэта выхад кароткатэрміновы, бо неўзабаве ўлады зноў узяліся б за шантаж. Гэта паказаў прыклад Аляксандра Казуліна.
Штодзёнка “Dziennik Gazeta Prawna” піша пра працэс Анджэя Пачобута, зьвяртаючы ўвагу на закрыты характар судовага слуханьня. Хутчэй за ўсё пакрыўджаны спалохаўся галоснасьці, а сьледзтву не ўдалося сабраць ніякіх доказаў віны. 

хххххххххххххххххххххххххххххххххххххххх

Цяпер пра іншыя тэмы, якія сёньня абмяркоўвае польская прэса. Штодзёнка “Dziennik Gazeta Prawna” піша пра тое, што былы лібійскі лідар Кадафі – банкрут. Паводле словаў ягонага старшыні Нацыянальнага банку, які перайшоў на бок паўстанцаў, напрыканцы лютага ў Кадафі было 500 мільёнаў даляраў наяўнымі. Сёньня гэтыя грошы канчаюцца, іх хопіць яшчэ на некалькі тыдняў. Гэтую інфармацыю пацьвярджае ўскосна францускі адмірал Філіп Куандро, які сказаў, што вайсковыя сілы лібійскага дыктатара перасталі замяняць і рамантаваць страчаную ў баях тэхніку, больш не падвозяць паліва ды амуніцыі. З кожным днём сілы Кадафі зьмяншаюцца.

хххххххххххххххххх

Штодзёнка “Rzeczpospolita” піша пра плян мірнага ўрэгуляваньня, які прапануе Эўразьвяз Блізкаўсходняму рэгіёну. Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Кэтрын Эштан выслала ўчора ліст да прадстаўнікоў Ізраіля, Палестыны ды міжнароднай супольнасьці. Яна прапануе свой мірны плян, які палягае на падзеле Ерусаліма, абмене тэрыторыямі ды абвяшчэньня незалежнасьці Палестыны. Гэтыя прапановы не задавальняюць палестынскага боку, які падкрэсьлівае, што мае досыць размоваў. Мірныя перамовы цягнуцца з 1993 году, а незалежнасьці так усё й няма.

хххххххххххххххххх

Штодзёнка “Gazeta Wyborcza” піша пра перасьцярогі, якія амэрыканскі сакратар абароны скіраваў эўрапейскім краінам. Калі Эўропа не пачне сур’ёзна ставіцца да NATO, будучыя амэрыканскія прэзыдэнты могуць вырашыць, што альянс зашмат каштуе ЗША. Часы халоднай вайны скончыліся, нельга, каб у NATO былі актыўныя ды пасыўныя ўдзельнікі, - дадаў амэрыканскі палітык.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч