• “Gazeta Wyborcza”: "Байкі Лукашэнкі"
  • 18.06.2011

Сёньняшнія польскія газэты даволі абшырна пішуць пра Беларусь. У прыватнасьці, “Gazeta Wyborcza” публікуе артыкул на поўпаласы пад гумарной назвай “Байкі Лукашэнкі”. У Беларусі няма крызысу, палітычных вязьняў ды зачыненых працэсаў над апазыцыянерамі, але ёсьць паніка й дыктатура, сказаў Аляксандар Лукашэнка падчас прэс-канфэрэнцыі, якая працягвалася больш за пяць гадзінаў. Газэта паведамляе, што Бацька запрасіў на сустрэчу верных журналістаў, і таму госьці не задавалі вострых пытаньняў, а дыктатар вёў сябе па-сяброўску, часам аж занадта. Журналісту, які пахваліўся, што ў яго нарадзілася дачка, дыктатар заявіў, што ў яго ёсьць нешта супольнае са зьяўленьнем дзіцяці на сьвет. А журналістцы, якая сказала, што пастараецца нарадзіць трэцяе дзіця, Лукашэнка паабяцаў дапамагчы. Праўда, прадстаўнікі СМІ не пыталіся, якую канкрэтна дапамогу мае Лукашэнка на думцы, але можна было здагадацца, што маецца на ўвазе матэрыяльная дапамога з боку дзяржавы. У чарговы раз дыктатар заявіў, што ў краіне ўсё добра й крызысу няма. Ён праўда падкрэсьліў, што была паніка, але ў ёй вінаватыя самі грамадзяне, якія кінуліся раскупаць цукар, соль ды воцат. Вінаватыя, паводле Лукашэнкі, таксама замежныя сродкі масавай інфармацыі, якія абступілі Беларусь з усіх бакоў, брэшуць ды чакаюць, калі разваліцца “беларускае эканамічнае цуда”.
А яшчэ дыктатар сказаў, што ў Беларусі няма ані воднага палітычнага вязьня. Паслушныя журналісты, зразумела, не запыталіся, а хто гэта сядзіць у турмах – амаль 180 чалавек – са сьнежня, з моманту прэзыдэнцкіх выбараў? І тут жа Лукашэнка запярэчыў сам сабе: паабяцаў выпусьціць палітычных вязьняў з турмы, “калі заплацяць”. Ён таксама сказаў, што ў Беларусі судовая сыстэма празрыстая й што ў краіне няма працэсаў за зачыненымі дзьвярамі. “Gazeta Wyborcza” зазначае, што дыктатар пэўна забыў сказаць пра Андрэя Пачобута, гарадзенскага журналіста, працэс над якім адбываецца менавіта за закрытымі дзьвярамі. Лукашэнка таксама хваліўся тым, што праца беларускіх уладаў эфэктыўная, бо таму – як зазначае “Gazeta Wyborcza” – што ў “Беларусі дыктатура”.

А вось штодзёнка “Rzeczpospolita” інфармуе сваіх чытачоў пра працэс над Андрэям Пачобутам. Каля 40 хвілін працягвалася паседжаньне суду ў пятніцу, наступнае паседжаньне адбудзецца 23 чэрвеня. Адвакаты абвінавачанага нібыта ў зьнявазе журналіста ня хочуць размаўляць з прадстаўнікамі СМІ. Адзін зь юрыстаў, Аляксандар Бірылаў, сказаў: “Калі пачну расказваць пра падрабязнасьці працэсу, то страчу працу”. Нагадаў, што працэс адбываецца за зачыненымі дзьвярамі й ён абавязаны захаваць таямніцу. Пракурор прадставіў суду дапрацаваны акт абвінавачаньня, а паседжаньне перанесена на 23 чэрвеня, каб са справамі працэсу маглі пазнаёміцца адвакаты Пачобута.
Андрэю Пачобуту за нібыта абразу Лукашэнкі ў артыкулах пагражае да чатырох гадоў зьняволеньня, зазначае газэта “Rzeczpospolita”.  

Гэтая ж самая газэта паведамляе, што ва Ўкраіне Канстытуцыйны суд забараніў вывешваць савецкія сьцягі на Дзень перамогі 9 траўня. У вэрдыкце гаворыцца, што сьцяг Савецкага Саюзу ня мае нічога супольнага з украінскай нацыянальнай сымболікай. Суд таксама заклікаў парлямэнт прыняць закон аб выкарыстаньні нацыянальных сымбаляў. Закон аб тым, каб на 9 траўня побач са сьцягам Украіны вывешваць сьцяг СССР, пряняла ў красавіку Вярхоўная Рады. Дакумэнт падпісаў таксама прэзыдэнт Віктар Януковіч. Пасьля гэтага на разгляд у Канстытуцыйны суд закон падаў дэпутат Юрый Кастэнка ад Украінскай народнай партыі. І вось учора быў аб’яўлены вэрдыкт. 
Украінскія камуністы, незадаволеныя пастановай Канстытуцыйнага суду, прыгразілі Партыі Рэгіёнаў выхадам зь кіруючай кааліцыі. Супраць пастановы суду бунтуюцца таксама ўлады некаторых гарадоў. Так, кіраўніцтва Луганска заявіла, што павесіць савецкія сьцягі на вуліцах і яны там застануцца да 22 чэрвеня – дня нападу Гітлера на Савецкі Саюз. Пастановай Канстытуцыйнага суду задаволеныя аднак жыхары заходняй Украіны. Паводле былога савецкага дысыдэнта Лэўкі Лук’яненкі, калі Канстытуцыйны суд адменіць сваё ўчарашняе рашэньне, гэта можа азначаць толькі адно: ціск на незалежнасьць судзьдзяў з боку кіруючай Партыі Рэгіёнаў ды камуністаў, зазначае газэта “Rzeczpospolita”.        

вс