• “Newsweek Polska”: нязломны Андрэй Пачобут
  • 20.06.2011

“Gazeta Wyborcza” друкуе вялікі артыкул, ажно на цэлую паласу, пад назвай “Беларусы сюды ўжо не прыедуць”. Журналісты штодзёнкі наведалі Беласток ды памежныя зь Беларусьсю польскія раёны. Вядома, пішуць журналісты, што самыя танныя ў Беластоку цыгарэты – гэта беларускія. Але ў апошні час трэба добра пабегаць, каб іх знайсьці. А таму, што беларускія ўлады ўвялі значныя абмежаваньні на вываз тавараў па-за межы краіны. “Gazeta Wyborcza” нагадвае таксама пра спантанны пратэст вадзіцеляў на КПП “Брузгі” й пра жорсткі разгон акцыі пратэсту АМАПам. Паводле дадзеных польскіх памежнікаў, пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў колькасьць беларусаў, якія ўяжджаюць на тэрыторыю Польшчы, зьнізілася ўдвая. Газэта нагадвае, што Беларусь ахоплена цяжкім эканамічным крызысам, а паездкі беларусаў за мяжу былі нагодай закупіць тавары ды прадукты, якія часам тут, у Польшчы, намнога таньнейшыя. У Польшчу беларусы везьлі таньнейшыя алькаголь, цыгарэты ды аўтамабільнае паліва. Назад да сябе - прадукты харчаваньня, перш за ўсё мясныя, будаўнічыя матэрыялы, бытавую тэхніку ды дробныя рэчы для дому. Адсутнасьць беларускіх кліентаў пачынаюць адчуваць польскія гандлёвыя кропкі, разьмешчаныя ў Беластоку ды памежных мястэчках, у тым ліку вялікія гіпэрмаркеты ў адміністрацыйным цэнтры рэгіёну. Праўда, безакцызная гарэлка, паліва ды цыгарэты наносілі шкоду фінансам Польшчы, аднак заробленыя на іх грошы беларусы пакідалі ў Польшчы, раскручваючы такім чынам гандаль. Прычым паездкі беларусаў у Польшчу – гэта ня толькі дробныя бізнэсовыя справы: дзякуючы гандлю многія людзі з двух бакоў мяжы пасябралі й па сёньняшні дзень утрымліваюць добрыя адносіны, зазначае “Gazeta Wyborcza”.

“Нязломны” – гэтак называецца артыкул у тыднёвіку “Newsweek Polska”, прысьвечаны Андрэю Пачобуту. Свой тэкст журналіст Міхал Кацэвіч, які займаецца пытаньнямі Беларусі, пачынае ад таго, што нагадвае гісторыю з 2005 году. Тады яго ды фотарэпарцёра штотыднёвіка затрымала гарадзенская міліцыя й абвінаваціла нібыта ў падробцы журналісцкай акрэдытацыі. “Было страшна, - піша Міхал, - бо ніхто ня ведаў, куды нас завезьлі й ці доўга пратрымаюць”. Тады ў пошукі польскіх журналістаў актыўна падключыўся менавіта Андрэй Пачобут. Цяпер Андрэй з красавіка сядзіць у сьледчым ізалятары, абвінавачыны ў тым, што нібыта ў сваіх артыкулах абразіў Лукашэнку. Журналіст “Newsweek Polska” зазначае, што працэс над Пачобутам – гэта ўдар дыктатуры па гарадзенскіх палякаў, таму што Андрэй быў ня толькі актыўным журналістам, але й дзеячам непрызнаванага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў. Яго бацька – Станіслаў Пачобут – гэта энцыкляпэдыя Гарадзеншчыны: ён ведае усе гістарычныя факты роднай зямлі, ведае кожную вёску на беразе Нёмана, яе мінулае, факты з паўстаньня 1863 году, гісторыю Арміі Краёвай у рэгіёне. “Вось каб сабраць пару хлопцаў, стварыць партызанцкі атрад – ды ў лес. Нічога яны б з намі не зрабілі, бо гэта – баязьліўцы”, кажа жартам спадар Станіслаў, маючы на ўвазе ўлады. Яго сын Андрэй выбраў іншую барацьбу – змагаецца за праўду ды справядлівасьць пяром. Ён ніколі не плянаваў пакінуць Беларусь, а хацеў сваімі артыкуламі адчыняць вочы міліцыянтам ды кадэбістам, а таксама звычайным людзям ды Эўропе й сьвету, якія працяглы час верылі ў тое, што рэжым зьменіцца й што наступіць лібэралізацыя. Пасадзіўшы Пачобута ў турму, улады зачынілі гэтае вакенца, празь якое паступала праўдзівая інфармацыя пра тое, што вытварае дыктатура, чытаем на старонках штотыднёвіка “Newsweek Polska”.

А вось штодзёнка “Dziennik. Gazeta Prawna” паведамляе, што Расея прыціснула Лукашэнку да сьценкі. Масква ставіць чарговыя ўмовы, ад выкананьня якіх залежыць выдзяленьне крэдыту ў памеры 3 млрд. даляраў з фонду ЭўрАзЭС. Некалькі дзён таму Лукашэнка заявіў, што можа адмовіцца ад імпарту ды зачыніць межы, а беларусы будуць жыць дзякуючы таму, што самі вырабяць. “Калі Беларусь абмяжуе імпарт з Расеі, мы перагледзім пытаньне выдзяленьня крэдыту”, заявіў міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын. Аналітыкі таксама думаюць над іншымі словамі Лукашэнкі - ён сказаў, што, магчыма, у ліпені крэдыт будзе ўжо не патрэбны. Некаторыя камэнтатары не выключаюць, што дыктатар думае над увядзеньнем надзвычайнага становішча, зазначае “Dziennik. Gazeta Prawna”.

вс