• 20 годдзе польска-нямецкай дамовы аб добрасуседзтве
  • 21.06.2011

Польшча ды Нямечына сьвяткуюць юбілей падпісаньня дамовы аб добрасуседскіх адносінах з 1991-га году. Урады абедзьвюх краінаў, якія сустракаюцца сёньня ў Варшаве, рыхтуюць плян супрацоўніцтва на будучыню.

17-га чэрвені 1991-га году Польшча й Нямеччына падпісалі трактат аб добрасуседзкіх адносінах. Гэта стала пачаткам нармалізацыі стасункаў паміж гэтымі дзьвюма краінамі пасьля завяршэньня Другой сусьветнай вайны. 
За мінулыя 20 гадоў палякі й немцы шмат чаго дасягнулі ў палітычным, эканамічным і сацыяльным пляне. Так, нямецкі Бундэстаг рэабілітаваў даваенную польскую меншасьць, наклаў на ўрад абавязак аказаньня фінансавай падтрымкі Польскаму цэнтру дакумэнтацыі ў Бохуме ды структурам польскай дыяспары ў Бэрліне. Неўзабаве будзе вырашана пытаньне навучаньня польскай мовы ў Нямеччыне. 
У сваю чаргу ў Польшчы нямецкая меньшасьць мае пастаяннае прадстаўніцтва ў парляманце, польскія ўлады выступаюць за далейшае паляпшэньне двухбаковых адносінаў.

Сацыялягічныя апытаньні ў абедзьвюх краінах сьведчаць пра тое, што нямецкае ды польскае грамадзтва больш пазытыўна ставіцца адзін да аднаго. На пачатку 1990-х мала хто спадзяваўся такіх дасягненьняў. Як усё пачыналася  - узгадвае тагачасны прэм’ер-міністар Польшчы Ян Кшыштаф Бялецкі.

Ян Кшыштаф БялецкіУ момант падпісаньня дамовы перад намі былі вельмі істотныя выклікі. І таму такая атмасфэра канцэнтрацыі, працоўная атмасфэра. Адсюль і вельмі прагматычная назва трактату пра добрасуседскія адносіны, у якасьці асновы ўзаемадачыненьняў у Эўропе. Жыцьцё паказала, што згодна са словамі прафэсара Скубішэўскага, якасьць дамовы вызначаецца яе вынікамі. А вынікі лепшыя, чым мы спадзяваліся ў 1991-м годдзе. У 1990-м годзе Польшча прадавала тавараў на 14 мільярдаў даляраў на сусьветныя рынкі. А цяпер толькі ў адну Нямеччыну прадаюцца тавары на суму ў два разы большую. Каб зразумець зьмены, якія адбыліся ў Польшчы, трэба памножыць усе лічбы на дзесяць.

У эканоміцы вынікі польска-нямецкага супрацоўніцтва апошніх 20 гадоў таксама ўнушальныя. Пра гэта размаўлялі ўдзельнікі эканамічнага форуму “Польшча-Нямеччына”, які на днях праходзіў у Варшаве. Нямеччына стала галоўным эканамічным партнэрам для Польшчы, а за апошнія гады вырасла месца Польшчы ў нямецкім гандлёвым абароце. Распавядае карэспандэнт Польскага радыё Сыльвія Бялэк. 

Сыльвія Бялэк: Большасьць яблычнага соку, які прадаецца ў Нямеччыне, вырабляецца з польскага канцэнтрату. Палякі экспартуюць у Нямеччыну малако, мяса, яйкі, інструмэнты, аўтамабільныя запчасткі й мэблю. Карацейшым шляхам да ўзаемапаразуменьня стаў свабодны рынак. Пасьля адкрыцьця нямецкага рынку для палякаў ліквідавана апошнюю эканамічную перашкоду паміж дзьвюмя краінамі.
 

Сёньня ў Варшаве адбылося супольнае паседжаньне польскага ды нямецкага ўраду з удзелам прэм’ер міністра Польшчы Дональда Туска ды канцлер Нямеччыны Ангелы Мэркэль. Нагодай для сустрэчы стала 20 гадавіна падпісаньня польска-нямецкай дамовы аб добрасуседзкіх адносінах. Распавядае Малгажата Наўковіч, карэспандэнтка Польскага радыё.

Малгажата Наўковіч: Ангела Мэркэль прыехала ў канцылярыю старшыні ўраду Польшчы, дзе яе сустрэў прэм’ер Дональд Туск. Вынікам паседжаньня стала палітычная дэклярацыя аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, газавай бясьпекі ды дарожнай і чыгуначнай інфраструктуры. Агулам сьпіс сумесных польска-нямецкіх ініцыятываў налічвае каля 100 пазыцыяў. Польскія ды нямецкія палітыкі размаўлялі таксама пра прыярытэты старшынства Польшчы ў Радзе Эўрапейскага Зьвязу. 

Падчас сумеснай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнікоў урадаў польскі прэм’ер Дональд Туск зазначыў, што польска-нямецкае супрацоўніцтва – гэта дасканалы прыклад адносінаў паміж народамі.

Дональд Туск: Гэта вялікая справа, калі сёньня мы можам з такой адкрытасьцю сказаць, што дзякуючы высілкам людзей добрай волі зьнікла гэтае наканаваньне, і польска-нямецкія адносіны могуць быць прыкладам для ўсёй Эўропы, для нашай часткі сьвету. Гэта прыклад таго, як трэба будаваць адносіны паміж людзьмі, дзяржавамі ды цэлымі народамі, нягледзячы на трагічную ды драматычную гістарычную спадчыну.

У сваю чаргу канцлер Ангела Мэркэль сказала пасьля сустрэчы з Дональдам Тускам, што добрасуседзкія адносіны паміж Польшчай ды Нямеччынай павінны стаць прыкладам для усёй Эўропы, бо яны сьведчаць аб тым, што супрацоўніцтва можна разьвіваць, нягледзячы на складаную гісторыю. Нямецкая канцлер заявіла ў Варшавы пра падтрымку з боку Нямеччыны праграмы Ўсходняга партнэрства ды ўступленьня Харватыі ў ЭЗ.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч