• Агляд польскага друку
  • 22.06.2011

Польская штодзёнка “Gazeta wyborcza” нагадвае ў чарговы раз пра справу Анджэя Пачобута. Заўтра, -- піша газэта – чарговае і магчыма апошняе судовае паседжаньне па справе абразы Анджэем Пачобутам, гарадзенскім журналістам, Аляксандра Лукашэнкі. За гэта журналісту пагражае да 4 гадоў турмы.
Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі сказаў польскаму выданьню, што рашэньне будзе прымаць не суд ,а адміністрацыя Лукашэнкі. Паводле словаў беларускіх праваабаронцаў улады пачалі перасьлед  Пачобута па трох прычынах: па-першае, за яго незалежнасьць і тое, што ён працаваў для адной з вядучых польскіх газэт, па-другое, за яго актыўную пазыцыю і дзейнасьць у Саюзе палякаў у Беларусі, па-трэцяе, за тое, што Варшава змабілізавала Эўропу ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да рэжыма Лукашэнкі.
Сам Пачобут рыхтуе сваіх сваякоў да найгоршага сцэнару. Улады ж у міжчасьсі працягваюць ціск на сям’ю ды саратнікаў арыштаванага. Тыдзень таму міліцыя арыштавала на пяць дзён Ігара Банцара, дзеяча Саюза палякаў ды сябра Анджэя Пачобута, нібыта за брыдкаслоўе ў прысутнасьці міліцыянтаў. На гэтым тыдні ў дом да жонкі Анджэя Пачобута Аксаны завіталі судовыя выканаўцы з патрабаваньнем заплаціць  падаткі за ганарары за артыкулу Анджэя Пачобута, надрукаваныя ў Польшчы. “Я сказала ім, што няма чаго браць, бо ўсё апячатала КДБ на выпадак пакрыцьця маральнай шкоды “абражанага” Лукашэнкі” – распавяла польскай газэце жонка арыштаванага журналіста.
Брат журналіста Станіслаў Пачобут распавёў у вялікім інтэрвію  польскаму выданьню, як ён з Анджэем стаў апазыцыянэрам ды пра тое, што Анджэй  не   будзе прасіць вызваленьня ў таталітарнага рэжыму. Апазыцыйнасьць Пачобутаў нарадзілася з пачуцьця сваеасаблівасьці, з прыналежнасьці да польскай меншасьці ды з дому. Працэс над братам Анджэем Станіслаў Пачобут называе “дзіўнай справай” Лукашэнкі супраць усіх тых, хто не здаецца і мае свое меркаваньне ды не баіцца яго выказваць. На думку Станіслава Пачобута, для палітычных вязьняў было б прыніжэньнем прасіць таталітарны рэжым, каб ён выпусьціў іх.  Станіслаў Пачобут перакананы, што Анджэй не будзе прасіць нягледзячы на суровы прысуд, у якім ён не сумняецца.   

хххххххххххххх

Штодзёнка „Dziennik Gazeta Prawna” піша пра тое, што расейская дапамога прыйшла ў Беларусь. Гэта першы транш у памеры 800 мільёнаў даляраў з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭ. Пра гэта заявіў ў аўторак расэйскі мністар фінансаў Аляксей Кудрын, кажучы, што Беларусь выканала ўсе фармальныя патрабаваньні. Што гэта за патрабаваньні – задае пытаньне польская газэта. Верагодна, беларускі бок падчас учорашняга візыта міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава, пагадзіўся на продаж расейцам аднаго з дзяржаўных канцэрнаў – спэкулюе газэта. Як вядома, Масква дамагалася, каб Лукашэнка правёў прыватызацыю на 7,5 мільярдаў даляраў.
Расейскі крэдыт пойдзе на вырашэньне валютнага крызісу, які ахапіў краіну. Дагэтуль няма даляраў у абменных пунктах. Магчыма яна і не зьявіцца ўвогуле. Беларускія ўлады па прыкладу Кітаю разважаюць забараніць продаж замежнай валюты фізычным асобам.
Расейскія грошы не адзіны паратунак беларускага рэжыму. Паводле неафіцыйных крыніцаў па 1 мільярду даляраў абяцалі даць Менску Туркмэністан ды Кітай. Апроч гэтага Беларусь стараецца атрымаць 8-мільярдны крэдыт з МВФ. Тыдзень таму пачаліся афіцыйныя размовы ў гэтай справе. Аднак новыя пазыкі не ўратуюць эканоміку, калі не будзе рэформаў. У мінулым годзе беларускі зьнешні доўг не перавышаў 50% ВУП. Цяпер пасьля дэвальвацыі й новых пазыкаў гэта лічба ўзрасла да 85% -- піша польскае выданьне.   

ххххххххххххххх

Штодзёнка „Rzeczpospolita” піша пра тое, што Масква пачынае ўсё больш і больш злавацца на сваіх кіеўскіх партнэраў. Януковіч перамог на выбарах, крытыкуючы НАТО, а цяпер супрацоўнічае з Альянсам – абураюцца ў Крамлі. Справа ў тым, што 23-га лютага Кіеў падпісаў праграму супрацоўніцтва Ўкраіна-НАТО на гэты год. Сярод тэмаў, па якіх Кіеў размаўляе з Альянсам, знаходзяцца такія важныя для Масквы пытаньні, як будучыня расейскага Чарнаморскага флёту, энэргетычная бясьпека, супрацьракетная абарона і нават канцэпцыя замежнай палітыкі Ўкраіны, -- абураюцца расейскія СМІ. Украінцы зьдзіўляюцца гэтай рэакцыі Крамля і кажуць, што яны не зьбіраюцца ўхіляцца ад удзелу ў пабудове эўрапейскай сыстэмы бясьпекі. Кіеў ідзе да набліжэньня з Паўночнаатлянтычным альянсам але іншым шляхам: цераз супрацу з ЭЗ – зазначае польская штодзёнка.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч