• Крызыс у Грэцыі ды Беларусі: прычыны падобныя, вырашэньні розныя
  • 23.06.2011

Да вечара ў мінулы аўторак Эўропа напружана чакала, што адбудзецца ў Грэцыі. Ці пачнецца працэс некантраляванага банкруцтва гэтай краіны, ці адновяцца рэформы? Справа ў тым, што грэцкаму  ўрад прэмэ’ер-міністра Папандрэў пагражала адстаўка й спыненьне праграмы рэформаў ды фінансавага аздараўленьня дзяржавы.
Аднак увечары ў аўторак грэцкі ўрад атрымаў вотум даверу ад парлямэнту краіны. Гэта дазваляе спадзявацца, што грэцкія дэпутаты прагаласуюць і за плян радыкальных бюджэтных скарачэньняў, на якія чакае ЭЗ, каб выплаціць Грэцыі чарговыя траншы дапамогі. Старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу назваў гэтую інфармацыю “добрай навіной”. З Брусэля перадае Бэата Пламэцка, карэспандэнтка Польскага радыё.

Бэата Пламэцка: Жазэ Барозу падкрэсьліў, што грэцкі ўрад павінен сканцэнтравацца цяпер толькі на рэформах. Гэта абавязковая ўмова выдзяленьня чарговага траншу дапамогі. Эўразьвяз вось ужо некалькі дзён націскае на ўрад у Атэнах, каб той даказаў, што будзе надалей выконваць свае абавязкі й рэалізуе амбітны плян фінансавых рэформаў і прыватызацыі. Калі Атэны гэта зробяць – Эўропа дапаможа. Вось такі просты сыгнал. У Брусэлі сустракаюцца лідары эўрапейскіх краінаў, Грэцыя будзе адной з галоўных тэмаў размоваў. Размова ідзе пра другі пакет дапамогі ў памеры ад 90 да 120 мільярдаў эўра.

У другім пакеце дапамогі ЭЗ для Грэцыі будзе ўдзельнічаць таксама й Польшча. Пра гэта казала кіраўніцтва краіны ў Люксэмбургу падчас эўрапейскай сустрэчы ў вярхах. Чакаецца, што польскі ўрад перадасьць 250 мільёнаў эўра ў Эўрапейскі стабілізацыйны фонд. На думку праф. Кшыштафа Апольскага, эканаміста з Варшаўскага ўнівэрсытэту, гэтая дапамога спрэчная.

Кшыштаф Апольскі: Чаму спрэчная? Калі дапамога дзейнічае паводле прынцыпу салідарнасьці, то ў гэтым павінны ўдзельнічаць усе краіны, якія робяць гэта дзеля аб’яднанай Эўропы. Пакуль жа мы бачым, што адныя кажуць “так”, а іншыя “мы ня бачым у гэтым патрэбы”. Таму тут Польшча  пасьпяшалася. Сумнеўная дапамога для нас у будучыні, бо мы па-за зонай эўра. Па-другое, наша краіна сама ў даволі цяжкай сытуацыі.  Мы не павінны адмаўляцца ад дапамогі, але рабіць гэта можна па-рознаму. Ёсьць розныя формы дапамогі: праграмная, кансультацыйная, фінансавая. Аднак трэба падумаць, якіх памераў гэта дапамога павінна быць і куды яе скіраваць.

Нейкі час таму кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі ў Беларусі Ўладзімер Макей выказваў шкадаваньне, што ніхто не аказвае Беларусі дапамогі параўнальнай з грэцкай. У такім выпадку, беларускія ўлады даўно б зрабілі “краіну будучыні”. На думку незалежнага эканаміста, кіраўніка аналітычнага цэнтру “Мізэса” Яраслава Раманчука – гэта самападман. Грошы не дапамаглі Грэцыі, не дапамогуць і Беларусі. Трэба як мага хутчэй праводзіць сыстэмныя рэформы. Прычыны ж грэцкіх ды беларускіх праблемаў вельмі простыя – гэта папулізм, кажа менскі эканаміст Міхась Залескі.

Грэцкі ўрад атрымаў учора вотым даверу ад парлямэнту. Краіну чакаюць цяжкія часы – рэалізацыя амбітнага пляну бюджэтных  ашчаднасьцяў і прыватызацыя. Узнагародай за гэта будзе праграма дапамогі з боку Эўрапейскага Зьвязу, у якой салідарна ўдзельнічаюць нават краіны, што не ўваходзяць у эўразону, як Польшча. Беларускія ўлады таксама шукаюць грошы, каб запаволіць крызыс, але сыстэмных рэформаў яны пакуль не плянуюць.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч