• “Гэта Польшча, тут усе палякі”
  • 24.06.2011

“Gazeta Wyborcza” піша пра скандал падчас перапісу насельніцтва на Падляшшы. Польскай беларусцы адмовілі ў праве пазначыць сваю нацыянальнасьць як беларускую. “Гэта Польшча, тут усе палякі” – пачула жанчына ад перапісчыка. Выданьне паведамляе, што падобных выпадкаў было болей.

Марыя Філіповіч зь мясцовасьці Ласінка распавяла, што калі да яе прыйшоў перапісчык, то яна папрасіла пазначыць у рубрыцы “нацыянальнасьць” – беларуска. У адказ яна пачула, што такой графы няма. Спадарыня Марыя ведала, што гэта ня так і спрабавала пазьней дазваніцца ў Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне, каб даведацца, чым жа скончыўся яе перапіс. Аднак па іншым баку тэлефону ёй растлумачылі, што праверыць гэтага ўжо немагчыма.

У Ласінцы, непадалёк ад Гайнаўкі, пражывае каля некалькіх соцень чалавек і толькі два-тры зь іх – палякі, рэшта – беларусы. І такіх вёсак у ваколіцы нямала. У апошнім перапісе беларусамі на ўсходзе Падляшскага ваяводзтва запісаліся 50 тысяч чалавек. Для беларусаў афіцыйная статыстыка вельмі важная. Згодна з законам, калі ў гміне жыве ня менш за адну пятую прадстаўнікоў нацыянальнай меншасьці, то яны маюць права дамагацца ўвядзеньня другой дапаможнай мовы на тэрыторыі гміны.

Газэта піша пра прынамсі больш за дзясятак такіх прыкрых выпадкаў, калі ў людзей не пыталіся пра іх нацыянальнасьць. Алег Латышонак кажа выданьню, што падчас апошняга перапісу палякамі запісалі нават кіраўніцтва Зьвязу беларусаў у Польшчы. Жыхарцы вёскі Шудзялова перапісчык сказаў, што яна жыве ў Польшчы, а тут, маўляў, усе палякі. Жанчына паскардзілася. У выніку перапісчыка звольнілі з працы, а беларусцы дазволілі адказаць на пытаньні анкеты яшчэ раз.

“Dziennik. Gazeta Prawna” прагназуе крызыс у Кітаі. Выданьне мяркуе, што Пэкін пойдзе па сьлядах Токіё. Японія зазнала крызыс з-за таго, што паставіла ў сваім разьвіцьці не на спажывецтва, а на велізарныя інвэстыцыі.

У 1990 годзе Японія дасягнула найлепшага посьпеху з усіх эканомік сьвету й стала ўзорам для іншых, піша газэта. Мала хто спадзяваўся, што праз 20 гадоў яна сутыкнецца з магутным крызысам. Пэкін імкнецца дагнаць Захад, але яму ўсё яшчэ вельмі далёка да стандартаў Амэрыкі й Эўропы. Перашкаджае гэтаму, у прыватнасьці, імклівы рост насельніцтва, што ўплывае на большае запатрабаваньне натуральных рэсурсаў. Не спрыяе разьвіцьцю Кітая й аўтарытарная палітычная сыстэма. Правесьці структурныя рэформы Кітай ня зможа. Нават прэм’ер Вэнь Цзябаа апісаў эканоміку сваёй краіны, як “нестабільную, неўраўнаважаную, нескаардынаваную й абсалютна нетрывалую”. Нядаўна кітайскія эканамісты спрагназавалі падзеньне росту ВУП да 7%. А пры эканамічным росьце, заснаваным на інвэстыцыях, падзеньне ВУП прывядзе да зьмяншэньня даходаў людзей.

Складана знайсьці куток на сьвеце, дзе б не было польскай ежы. Польскі шакаляд палюбілі жыхары Ірану, а сокі з-над Віслы з асалодаю п’юць у Лібэрыі. Пра шалёны посьпех польскіх тавараў за мяжою піша „Rzeczpospolita”.

Магчыма, у гэтыя хвіліны польскі турыст п’е піва Palone дзе-небудзь у Індыі. Піва маркі Okocim карыстаецца велізарнай папулярнасьцю сярод індусаў. Жыхары Індыі, дарэчы, п’юць ня толькі піва. Паводле розных падлікаў, у 2015 годзе Індыя стане пятым рынкам у сьвеце для алькагольных напояў. Немалы ўнёсак у гэта робяць і палякі. Увесну там распачаўся продаж гарэлкі Sobieski. Сёлета кампанія Belvedere плянуе прадаць у Індыі каля 900 тыс. літраў гарэлкі. Пастаўляецца польская водка і ў Кітай. У Паднябеснай папулярнай стала марка Wyborowa. Польская зуброўка прадаецца ўжо на Тайвані, у Ляосе, Камбоджы, Японіі, Віетнаме.

На блізкаўсходнім рынку здолела знайсьці сваю нішу польская шакалядная кампанія Wawel. У Іране гітом стаў кракаўскі шакаляд, у Новай Зэляндыі і Аўстраліі вырабы з цукразамяняльнікам.

Ужо 17 гадоў у Манголіі з посьпехам прадаюцца польскія марынаваныя агуркі. Сёньня там цяжка знайсьці краму, дзе не было б гэтага польскага прадукту. У крамах Эгіпту можна набыць капучына польскай фірмы Maspex, а ва Ўругваі гарбату Ekoland. І на гэтым польскія фірмы спыняцца не зьбіраюцца, піша „Rzeczpospolita”.

дг