• Р. Сікорскі: Лукашэнку ня ўдасца зрабіць з Польшчы закладніка сваёй палітыкі
  • Audio2.45 MB
  • 24.06.2011

Працэс Анджэя Пачобута матываваны палітычна, заявіў у інтэрвію Польскаму радыё міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Сёньня суд у Горадні, пасьля заслуханьня абвінавачаньняў пракурора, які запатрабаваў для журналіста трох гадоў у калёніі агульнага рэжыму, адтэрмінаваў паседжаньне да аўторку.

Аналізуючы судовы працэс польскага актывіста й журналіста, кіраўнік польскай дыпляматыі ня мае сумневаў, што справа мае палітычную афарбоўку.

Радаслаў Сікорскі: На маю думку, гэты працэс матываваны чыста палітычна, а дакладней кажучы, гэта спроба аказаць ціск на Польшчу ў такіх пытаньнях, як палітыка ўсяго ЭЗ у дачыненьні да Беларусі.

Працэс Пачобута, які адбываецца за зачыненымі дзьвярыма, а таксама інфармацыя адвакатаў, што па справе не прадстаўлены ніякія канкрэтныя доказы віны журналіста, даюць падставу да высновы, што Пачобут зьяўляецца прадметам гандлю Лукашэнкі з Захадам. Міністар Сікорскі заяўляе, што Аляксандру Лукашэнку ня ўдасца зрабіць з Польшчы закладніка сваёй палітыкі.

Радаслаў Сікорскі: Польшча не дазволіць сябе шантажаваць. Мы будзем працягваць весьці палітыку патрабаваньня пашаны элемэнтарных стандартаў грамадзянскіх правоў і правоў чалавека, паколькі мы падтрымліваем беларускае грамадзтва.

Сікорскі прыгадаў, што ў панядзелак у Люксэмбургу Эўразьвяз прадпрыняў канкрэтны крок, уводзячы эканамічныя санкцыі, якія адаб’юцца на фінансавых інтарэсах беларускага рэжыму. Польскі дыплямат чарговы раз даў зразумець, што лёс Беларусі знаходзіцца ў руках ейнага кіраўніцтва.

Радаслаў Сікорскі: Польшча заўсёды цьвёрда рэагавала на перасьлед, аднак яна ўвесь час гатовая дапамагчы Беларусі, але выключна ў выпадку, калі Беларусь абярэ курс на Эўропу й дэмакратыю.

Прыгадаем, што карэспандэнт  польскай штодзёнкі „Gazeta Wyborcza” абвінавачваецца паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі ў паклёпе й абразе Александра Лукашэнкі.

Журналіст  быў затрыманы 6 красавіка й з таго часу знаходзіцца пад вартай.

Вызваленьня Пачобута патрабуюць беларускія й міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Польшчы й Эўразьвязу. Лёс журналіста таксама абмяркоўваўся на перамовах польскіх уладаў з прэзыдэнтам ЗША падчас чэрвеньскага візыту Барака Абамы ў Варшаву.

KP