• Агляд публікацый у польскім друку
  • 25.06.2011

На пачатку агляду друку зазіраем на старонкі выданьня “Gazeta Wyborcza”. Штодзёнка паведамляе пра працэс над Андрэем Пачобутам, які праходзіць у Горадні. Артыкул ілюструе здымак, на якім бачым момант учарашняга затрыманьня Ігара Банцара – дзеяча непрызнавага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў Беларусі. Банцар ляжыць на зямлі, а яго цягнуць два міліцыянты. “Толькі не перапужайцеся, але пракурор запатрабаваў трох гадоў турмы”, сказаў адзін з адвакатаў Пачобута Ўладзімір Кісялевіч, выйшаўшы з будынку суду. Паводле абаронцы, пракурор выступаў 10 хвілінаў, нічога канкрэтнага не сказаў, а толькі паўтарыў акт абвінавачаньня. Адвакат выказаў меркаваньне, што ніякіх доказаў віны абвінаваўца не прадставіў. У сваю чаргу судзьдзя Віталь Ляцко ў чарговы раз адкінуў прапановы Пачобута й абароны. У прыватнасьці, яны прапанавалі дапытаць сьведкаў і мовазнаўцаў. Судовы працэс перакладзены на 28 чэрвеня. Жонка Андрэя Пачобута Аксана кажа, што ўжо стомлена працэсам, які зацягваецца. Пры гэтым дзяўчына зазначае, што прывыкае жыць бяз мужа, бо Андрэй сядзіць у СІЗА ужо некалькі месяцаў. А калі дадуць тры гады – расстаньне будзе даўжэйшым, кажа Аксана.
Сам Андрэй у судзе зачытаў заяву, у якой сьцьвярджае, што яго працэс мае палітычны характар і зьяўляецца помстай рэжыму за грамадзкую й палітычную актыўнасьць. Нагадаем, Пачобута абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі.
Каля будынку суда затрымалі Ігара Банцара – чарговы раз цягам некалькіх апошніх дзён. Яго абвінавацілі ў лаянцы ды непадпарадканьню супрацоўнікам міліцыі. А празь некалькі гадзін Банцара прыгаварылі да штрафу ў памеры 2 млн. рублёў, паведамляе “Gazeta Wyborcza”.

А вось газэта “Rzeczpospolita” піша пра падзею, якая ўчора была адной з важнейшых у Польшчы. У Варшаву прыляцеў самалёт Боінг 787 Дрымлайнэр – адзін з самых сучасных пасажырскіх ляйнэраў у сьвеце. Польская авіякампанія LOT стане першай у Эўропе, якая атрымае гэтыя машыны. У суме ў авіяпарк польскіх авіялініяў паступіць восем сучасных Боінгаў. Машыны будуць выконваць далёкія рэйсы ў Нью-Ёрк, Чыкага, Токіё ды Ганконг. У аэрапорце ды каля яго сабралася каля 800 чалавек, каб сустрэць ляйнэр, а таксама зрабіць здымкі ў палёце. У гэтым ім дапамог пілёт, які зрабіў кола над узьлётна-пасадачнай паласой на нізкай вышыні. Прызямліўшыся, Боінг трапіў пад “вадзяны салют” – згодна з традыцыяй, ва ўрачыстых момантах самалёты вітаюць, паліваючы іх з вадавозаў.
Боінг 787 Дрымлайнэр зроблены ў вялікай ступені з вуглевалакна. Ён спажывае на 20% менш паліва ў параўнаньні зь іншымі ляйнэрамі, паведамляе газэта “Rzeczpospolita”.
            
вс