• Бел-чырвона-белыя сьцягі забароненыя і ў Польшчы? (Абноўлена)
  • 25.06.2011

Сёньня ў спорткомплексе “Łuczniczka” ў Быдгашчы адбыўся інцыдэнт з удзелам грамадзянаў Беларусі. Падчас матчу Эўрабаскета Беларусь-Летува заўзятары беларускай жаночай зборнай вывесілі на трыбуне бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта паслужыла нагодай для аховы вывесьці заўзятараў з трыбунаў. Была ўжытая фізычная сіла.

Празь некалькі хвілінаў пасьля таго, як некалькі заўзятараў вывесілі вялізарны бел-чырвона-белы сьцяг, да іх падыйшла прадстаўніца Міжнарожнай фэдэрацыі баскетболу (FIBA) Ванэса Ройтэр. Жанчына пачала тлумачыць, што яны маюць права вывешваць толькі дзяржаўны сьцяг Беларусі. Заўзятары адмовіліся прыбіраць сьцяг. Пазьней на трыбуну прыйшоў супрацоўнік стадыёну й разам з прадстаўніцай FIBA пачалі забіраць палотнішча. Тады беларусы ўзялі ў рукі меньшыя сьцягі й працягвалі стаяць на трыбунах.

Праз пару хвілінаў на трыбуне зьявілася шасьцёра ахоўнікаў, якія, спасылаючыся на загад, пачалі сілай выводзіць заўзятараў з залі.

Як сказаў нашаму радыё заўзятар Алесь Аляхновіч, польскія ахоўнікі дзейнічалі па просьбе прадстаўнікоў беларускай зборнай. Дагэтуль Алесь неаднаразова браў удзел у спартыўных спаборніцтвах з нацыянальным сьцягам і падобных пытаньняў не ўзьнікала.

Сьведкамі інцыдэнту сталі дзясяткі польскіх заўзятараў, якія абураліся дзеяньнямі аховы й запісвалі здарэньне на відэа. Падтрымаць беларусаў прыйшоў нават заўзятар летувіскай зборнай.

Як даведалася Польскае радыё, рашэньне пра выдаленьне заўзятараў прыняла Міжнародная фэдэрацыя баскетболу. Прычына: наяўнасьць у заўзятараў кантраверсійных прадметаў, якія прапагандуюць палітычныя погляды. Патлумачыць якія дакладна на трыбуне былі прадметы, у FIBA не змаглі.

У спорткомплексе “Łuczniczka” пакуль адмаўляюцца камэнтаваць здарэньне. Цяпер заўзятары беларускай зборнай зьвяртаюцца са скаргай у польскую паліцыю.

дг