• Агляд польскага друку
  • Audio4.79 MB
  • 27.06.2011

 

Гэтак зьбяднелі беларусы, піша „Gazeta Wyborcza” й прадстаўляе сытуацыю на канкрэтных прыкладах.

У Гарадзенскай вобласьці, што ля самай мяжы з Польшчай, вялікай папулярнасьцю карыстаецца volkswagen passat, паколькі мае вялікі бак.

- Палова Горадні езьдзіць да вас з бэнзінам і цыгарэтамі, распавядае журналісту штодзёнкі Данута. Яна настаўніца, у чарзе на памежным пераезьдзе правярае кантрольныя працы вучняў.

- Гэта спэкулянты, - заявіў Аляксандар Лукашэнка, які памежных гандляроў побач з журналістамі, інтэрнэтам і Захадам абвінавачвае ў эканамічным крызысе. Лукашэнка паабяцаў у выпадку неабходнасьці зачыніць мяжу, пакуль што моцна абмежаваў перасячэньне яе.

Пасьля драконскай, амаль у 60% дэвальвацыі беларускага рубля, цэны тавараў у Беларусі сталі прывабнымі для суседзяў. Аднак пасьля таго, як Лукашэнка забараніў вываз некаторых тавараў і значна абмежаваў вываз, напрыклад, аўтамабільнага паліва, значная частка жыхароў Гарадзеншчыны засталася без крыніцы даходаў.

Сёньня ў беларускіх крамах тавараў дастаткова, вось толькі ня кожны пакупнік можа сабе дазволіць нешта набыць. Нават у адпаведнасьці з афіцыйнымі дадзенымі інфляцыя ад пачатку году да траўня перавысіла 20%. Зарплатаў, хаця яны былі павышаныя, то ў параўнаньні з ростам цэн і так не хапае.

- На польскія яблыкі ўжо нават не гляджу, - скардзіцца Галя, якая з сумам глядзіць на прылаўкі гарадзенскага базару. Жанчына зарабляе 600 тысяч рублёў. Яна ўвогуле перастала купляць садавіну, паколькі грошай не хапае на асноўныя прадукты харчаваньня.

Валюты ў абменьніках няма. Набыць можна ў выпадку, калі раней нехта здасьць. Акрамя таго за валютай трэба адстаяць у чарпе ды яшчэ адзначыцца ў сьпісах.
 
Двое гандляроў з Паўднёвага рынку ў Горадні спачатку падазрона пытаюцца ў журналісткі, ці яна не запісвае іх размовы, а пасьля, ня вытрымаўшы, кажуць: „А хто вінаваты, як не ён? Так заўсёды адбываецца, калі да грошай дарвуцца фанатыкі.”

Затое Ірына Лукашэнку бароніць: - З голаду не паміраем. Умеем шыць і варыць ежу зь нічога. А што, упершыню ў нас такая спэкуляцыя?” - зазначае жанчына.

У Беларусі амаль усе паўтараюць, што ўжо столькі ў гісторыі прайшлі, што ўсё перанясуць, толькі б не было вайны.

Летам ніякай рэвалюцыі ня будзе, бо людзі сядзяць на дачах. А там маюць усё, што трэба для жыцьця: клубніцы, моркву й бульбу. Толькі цукар і соль мусяць набыць. Аднак пасьля лета прыйдзе восень і зіма, а тады знэрваваныя  людзі могуць  ня вытрымаць, піша „Gazeta Wyborcza”.
 

 

Ганіцелька перад судом, паведамляе „Rzeczpospolita”. 

 У Польшчы пачынаецца працэс Марты П., якая цягам 5 гадоў перасьледавала лекара тэлефоннымі званкамі й ачарняла яго ў сеціве. Ад нядаўна ў польскай судовай практыцы паявілася крымінальная адказанасьць за сталкінг.

Кашмар варшаўскага хірурга Адама Сідаровіча скончыўся, калі жанчына трапіла за краты.  Сёньня перад раённым судом у Варшаве пачаўся працэс 33-гадовай жанчыны. Толькі ў мінулым месячы пракуратура змагла падрыхтаваць акт абвінавачаньня. Калі жанчыну затрымала паліцыя, злачынства сталкінгу ў Крымінальным кодэксе яшчэ не было, таму затрыманая пачула абвінавачаньні ў некалькі іншых злачынствах, у прыватнасьці, у ствараньні пагрозы, у распаўсюдзе парнаграфіі ў сеціве, ды ў зьневажаньні й паклёпе на лекара.

Усё пачалося ў 2005 годзе ад звычайнага візыту ў кабінэце лекара. Марта П. мела малую хірургічную праблему. Працэдура доўжылася 10 хвілін. Праз тыдзень удзячная пацыентка прыслала кветкі й малы падарунак. А пасьля пачаліся тэлефоны, СМС-ы ды мэйлі эратычнага зьместу. Калі лекар не зарэагаваў, жанчына пачала паводзіць сябе агрэсіўна.

Карэспандэнцыя стала больш вульгарнай, дырэкцыя шпіталя атрымлівала ананімкі зь інфармацыяй, што лекар прымае хабар. У сеціве паявіліся здымкі пакалечаных асобаў з подпісам „гэта эфэкты працы варшаўскага лекара”.

У 2008 годзе пачаліся пагрозы. Лекар атрымаў мэйла з „просьбай” падрыхтаваць чорны мяшок для двухгодка. А менавіта два гады было  ягонаму сыну.

Сабраны доказавы матэрыял укладваўся ў лягічную цэласьць. Судовыя псыхіятры, якія дасьледавалі жанчыну, ацанілі, што ў яе няма адхіленьняў ад псыхікі, але заўважылі наяўнасьць эмацыйнага расстройства.

„Жанчына неадпаведным чынам інтэрпэтавала добрыя манеры лекара. Яна закахалася ў яго, губляючы мяжу паміж уласнай фантазіяй і рэчаіснасьцю. Калі лекар не адказаў узаемнасьцю на ейныя пачуцьці, жанчына пачала помсьціць”, - вынікае з псыхіятрычнай экспэртызы.  За свае паводзіны жанчына адкажа перад судом, паведамляе „Rzeczpospolita”. 
 

KP