• Польскія фірмы рыхтуюцца да рэкорднай здабычы газу
  • 28.06.2011

У жніўні непадалёк ад гораду Кутна ў цэнтральнай Польшчы пачнецца сьвідраваньне адтуліны ў пошуках сланцавага газу. Навукоўцы мяркуюць, што нават паводле самых сьціплых падлікаў пад зямлёй каля Кутна можа быць каля 100 млрд. кубамэтраў газу. Радовішча параўноўваюць з адным з найбуйнейшых у Эўропе залежаў у Паўночным моры, непадалёк ад берагоў Вялікабрытаніі. Яно належыць Галяндыі й зьяўляецца другім па велічыні пасьля радовішчаў у Нарвэгіі.

Сьвідраваць адтуліну будуць фірмы PGNiG і FX Enery. Праца будзе вельмі скаладанай, бо залежы газу знаходзяцца на глыбіні 6,5 кілямэтраў. Аднак зацікаўленыя фірмы гатовыя пайсьці на цяжкасьці, бо калі ацэнкі навукоўцаў пацьвердзяцца, то колькасьць уласнага газу ў краіне павялічыцца адразу ў два разы. На дадзены момант дасьледчыкі змаглі пацьвердзіць існаваньне ў Польшчы радовішчаў на 95 млрд. кубамэтраў.

Каб забясьпечыць унутраннае запатрабаваньне на газ, штогод Польшчы патрэбна каля 14 млрд. кубамэтраў “блакітнага паліва”. Каля 4,2 мдрд. краіна здабывае сама, а рэшту палякі вымушаныя імпартаваць, пераважна з Расеі.

Калі сьвідраваньне каля Кутна завершыцца посьпехам, то ўжо праз тры гады распачнецца прамысловая эксплюатацыя радовішча, піша Rzeczpospolita.

Выданьне ўзгадвае й пра скандал вакол бел-чырвона-белых сьцягоў у Быдгашчы. Нагадаю, што падчас матчу паміж жаночымі зборнымі Беларусі й Летувы беларускіх заўзятараў выдалілі з залі з-за нацыянальнай сымболікі. Дарэчы, пра скандал Беларуская служба Польскага радыё паведаміла першай.

Газэта паведамляе, што мэрыя Быдгашчы накіравала афіцыйны запыт у Польскую фэдэрацыю баскетболу з патрабаваньнем растлумачыць суботняе здарэньне. “У горада Быдгашч вялікія традыцыі барацьбы за свабоду” – заявіў выданьню прэс-сакратар мэрыі Пётр Курэк.

Rzeczpospolita цытуе беларускага публіцыста Ўладзімера Хільмановіча, які кажа, што самае прыкрае ва ўсёй гэтай сытуацыі тое, што інцыдэнт здарыўся ў Польшчы, краіне, дзе беларусы заўсёды маглі безперашкодна дэманстраваць сваю адданасць нацыянальным сымбалям.

“Беларусь не зьбіраюцца выключаць з “Усходняга партнэрства”, а на саміт арганізацыі ў Варшаву будуць запрошаныя прадстаўнікі афіцыйнага Менску” – заявіў учора міністар замежных праваў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Яго цытуе “Gazeta Wyborcza”

Паводле міністра, Беларусь на саміце будзе прадстаўленая на як мага больш высокім узроўні. Хто будзе прадстаўляць афіцыйны Менск, Сікорскі пакуль не раскрыў.

Галава зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы распавёў, што падчас польскага старшынства ў Эўразьвязе будзе прадстаўлены новы плян “Усходняга партнэрства”.

Галоўнымі прыярытатамі “польскага” паўгодзьдзя ў ЭЗ Сікорскі назваў дэмакратычныя перамены ў Паўночнай Афрыцы, павелічэньне фінансавай дапамогі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, завяршэньне перамоваў з Украінай наконт Дамовы аб супрацы й падпісаньне з Харватыяй пагадненьня аб далучэньні да ЭЗ.

Кожны сінгапурскі жаўнер, апрача зброі й мундзіру, пачынаючы ад лістапада атрымае ад Міністэрства абароны сваёй краіны пляншэт iPad, піша "Dziennik. Gazeta Prawna". Мінабароны ўжо зрабіла першую замову на 8 тыс. штук пляншэтаў. І гэта пры тым, што самы танны iPad каштуе ў Сінгапуры каля 538 даляраў.

Гаджэты будуць прызначаныя ня толькі для адпачынку й навукі ў вольны час. Падчас вучэньняў жаўнеры абавязаныя будуць рабіць здымкі й відэа, каб пасьля іх заканчэньня войска змагло ацаніць узровень вучэньняў і падрыхтоўку вайскоўцаў. Здымкі й фільмікі жаўнеры будуць зьмяшчаць на адмысловым сайце, падрыхтаваным Мінабароны.

дг