• ПУЛЬС ПОЛЬСКАЙ ЭКАНОМІКІ
  • Audio4.73 MB
  • 28.06.2011

Французы: пабудуем аўтастраду А2, але за ўдвая больш

Толькі адна з 16 запрошаных да перамоваў фірмаў гатовая выканаць усе патрабаваньні польскага боку па заканчэньні будаўніцтва адрэзку аўтастрады А2, якую два тыдні таму пакінулі кітайскія будаўнікі.

Польскі ўрад павінен вылучыць новую фірму, якая завершыць 50-кілямэтровы адрэзак адной са стратэгічных польскіх інвэстыцыяў на Чэмпіянат Эўропы па футболе EURO 2012. Сёньня апоўначы ў сілу ўвайшло рашэньне Генэральнай дырэкцыі польскіх дарогаў і аўтастрадаў аб ануляваньні пагадненьня зь кітайскім канцэрнам COVEC.

Да перамоваў аб заканчэньні будаўніцтва запрошана 16 фірмаў. Паводле выданьня „Dziennik”, толькі адна фірма згадзілася на ўсе ўмовы польскага боку. Гаворка ідзе пра канцэрн „Eurovia”, непасрэдна зьвязаны з францускім канцэрнам „Vinci” (Вінсі). Французы гатовыя пабудаваць 30 кілямэтраў аўтастрады. Яны, між іншым, згадзіліся ўвайсьці на будаўнічую пляцоўку, якую не закончылі кітайцы, даць гарантыі на пабудаваную кітайцамі шашу ды прыняць прадстаўлены палякамі інжынерскі праект.

Паводле прадстаўнікоў канцэрну „Eurovia”, інвэстыцыя павінна завершыцца да 10 траўня 2012 году, але за ўдвая большую суму, чым прапанавалі кітайцы. Нагадваем, згодна з пагадненьнем, кітайскі канцэрн павінен атрымаць за здачу ў эксплюатацыю 30-кілямэнтровага адрэзку А2 больш за 190 мільёнаў эўра.

Калі гаворка ідзе пра астатнія 20 кілямэтраў аўтастрады, пакуль зацікаўленых падрадчыкаў няма.


Польскія вытворцы агародніны аднаўляюць экспарт у Расею

Польскія вытворцы агародніны аднаўляюць экспарт у Расею.

На мінулым тыдні Масква адмяніла эмбарга на агародніну з Эўразьвязу, уведзенае ў выніку эпідэміі небясьпечнай для здароўя чалавека бактэрыі кішэчнай палачкі ў Эўропе й перш за ўсё ў Нямеччыне.

Паводле міністра сельскай гаспадаркі Польшчы, міжнародным гарантам бясьпекі польскай сельскагаспадарчай прадукцыі стаў Інстытут аховы расьлінаў і насеньня. Апрача таго, вызначаны лябараторыі, якія будуць праводзіць пастаянны маніторынг бясьпекі польскай агародніны, экспартаванай у РФ.

Тым часам паводле апошніх паведамленьняў, груз з польскай агароднінай сёньня не ўедзе на тэрыторыю Расеі, паколькі тамтэйшыя санітарныя службы выдалі толькі два дазволы для Галяндыі й Бэльгіі. Польшча наступная ў чарзе. Заявы Варшавы будуць разглядацца разам з заявамі Гішпаніі й Нямеччыны.

Да 11 ліпеня польскія фэрмэры, якія панесьлі страты ў выніку гэтак званай агурковай панікі, могуць падаваць у Агенцтва сельскагаспадарчага рынку заявы з просьбай аб выдзяленьні грашовай кампэнсацыі. Эўрапейская камісія прызначыла на згаданую мэту 210 мільёнаў эўра для ўсіх краінаў ЭЗ ды вызначыла максымальныя стаўкі дапамогі, - заявіў Бартломей Куліш з Агенцтва сельскагаспадарчага рынку.

Бартломей Куліш: Грошы выдзяляцца пацярпелым паводле наступных ставак:  за 100 кіляграмаў сапсаваных памідораў – 38,90 эўра, агуркоў – 24 эўра, салодкага перца – 44,40 эўра, салаты– 38,90 эўра, і 29.60 эўра за 100 кіляграмаў кабачкоў.

Міністар сельскай гаспадаркі паведаміў таксама, што ў выніку расейскага эмбарга ды панікі сярод спажыўцоў польскія фэрмэры страцілі прыкладна 56 мільёнаў эўра.

У выпадку, калі фэрмэры ва ўсім Эўразьвязе пададуць заявы на агульную суму, большую чым 210 мільёнаў эўра, то Брусэль можа зьменшых стаўкі кампэнсацыі.


Працягваецца мадэрнізацыя польскіх аэрапортаў 

Будаўніцтва тэрміналу гданьскага аэрапорта імя Леха Валэнсы (39 тысячаў квадратных мэтраў) набліжаецца да поўэтапу.

Новы тэрмінал будзе адчынены ў красавіку будучага году. Яго рэканструкцыя дазволіць больш эфэктыўны абслугоўваць самалёты й пасажыраў, кажа старшыня праўленьня авіяпорту Тамаш Кляскоўскі.

Тамаш Кляскоўскі: У будучыні будзе не чатырнаццаць як цяпер, а сорак пунктаў білетна-багажнага кантролю. Ня шэсьць, а адзінаццаць пунктаў кантролю пасажыраў. Акрамя таго, у чатыры разы павялічыцца паверхня тэрміналу для камэрцыйных мэтаў, будзе ўведзена сучасная сыстэма загрузкі ды дастаўкі багажа.

Учора на будаўнічай пляцоўцы пабываў прэм’ер-міністар Дональд Туск. Кіраўнік польскага ўраду пазнаёміўся таксама з плянамі мадэрнізацыі ды рэканструкцыі 11 іншых польскіх аэрапортаў, у тым ліку ў Познані, Жэшаве, Лодзі, Кракаве й Любліне.

Як заявіў Дональд Туск, дзякуючы інвэстыцыям, сума якіх складае каля 1 млрд. 250 млн. эўра, да 2015 году польскія аэрапорты будуць у стане прыняць удвая больш пасажыраў чым цяпер.

Сума інвэстыцый у гданьскі аэрапорт - амаль 100 млн. эўра. Частка новай інфраструктуры, напрыклад, некаторыя ўзьлётна-пасадачныя палосы, будуць аддадзеныя ў эксплюатацыю ўжо ў лістападзе бягучага году.


BCC: ці Польшча павінна далучыцца да зоны эўра – апытаньне?

Паводле апытаньня, праведзенага сацыялягічным інстытутам „Gfk Polonia” для аб'яданьня польскіх бізнэсоўцаў Business Centre Club, больш за палова прадпрымальнікаў лічыць, што польскую валюту трэба замяніць на эўра.

Дырэктар сацлябараторыі Агнешка Сора  зьвяртае ўвагу на тое, што ня ўсе бізнэснэмы пазытыўна адносяцца да будучага звядзеньня эўра.

Агнешка Сора: 15% прадпрымальнікаў зьяўляюцца больш прыхільнікамі, чым праціўнікамі далучэньня Польшчы да зоны эўра. 39% лічыць, што ўвядзеньне эўра найлепш адкласьці на пазьнейшы тэрмін. А 25% выступаюць супраць таго, каб Польшча адмаўлялася ад нацыянальнай валюты.
 
З дасьледаваньняў таксама вынікае, што для 13% прадпрымальнікаў далучэньне да зоны эўра ня мае значэньня, а 9% бізнэсоўцаў ня маюць пункту гледжаньня па гэтаму пытаньню.

Агнешка Сора падкрэсьліла, што з увядзеньнем эўрапейскай валюты ў Польшчы бізнэсмэны зьвязваюць падобныя меркаваньні, як і польскія спажыўцы. Яны, між іншым, баяцца пагаршэньня матэрыяльнай сытуацыі й павышэньня цэнаў. Калі ж казаць пра карысьці, то на першым месцы называецца рост інтэграцыі з Эўропай, павелічэньне замежных інвэстыцыяў ды больш камфортныя ўмовы для паездак у іншыя краіны зоны эўра.

Паводле апытаньня, 30% прадпрымальнікаў, уладальнікаў малых фірмаў выступаюць супраць увядзеньня эўра ў Польшчы.

Курс валютаў паводле НБП:

Эўра- 4.00 зл
Даляр- 2.82 зл
1 тысячаў БР- 0.55 зл

Падрыхтавала Анна Задрожна