• АГЛЯД ПОЛЬСКАГА ДРУКУ
  • Audio5.32 MB
  • 29.06.2011

 

Ці справа Анджэя Пачобута зьяўляецца прадметам закулісных размоў між Варшавай і Менскам?, - задае пытаньне сёньняшняе выданьне „Rzeczpospolita”.

Учарашняе паседжаньне Гарадзенскага суду па справе журналіста й прадстаўніка арганізацыі польскай меншасьці ў Беларусі працягвалася толькі гадзіну. За гэты час свае канчатковыя прамовы змаглі прадставіць адвакаты абвінавачанага ў абразе й паклёпе на Аляксандра Лукашэнку журналіста. 

„Пазьней суд аб’явіў тыднёвы перапынак, дарэчы, не паясьняючы прычынаў,” – заявіў адзін з адвакатаў Пачобута Ўладзімер Кісялевіч. Ён нагадаў, што падчас папярэдняга паседжаньня пракурор запатрабаваў для падсуднага трох гадоў пазбаўленьня свабоды. Абаронца дадаў, што ў сваёй прамове ён дамагаўся апраўданьня Пачобута ды зьвяртаў увагу на шматлікія парушэньні працэсуальнага кодэксу, зьдзейсьненыя пракуратурай падчас амаль усіх сьледчых дзеяньняў па справе журналіста. 

У ацэнцы Валянціна Стэфановіча, праваабаронцы з Цэнтру „Вясна”, гэта дастаткова, каб суд адхіліў увесь акт абвінавачваньня. Ён нагадаў, што суд не задаволіў патрабаваньняў абароны апытаць сьведкаў ды даць незалежную ацэнку артыкулаў Пачобута, на якіх грунтуецца абвінавачаньне. Гэтыя ды іншыя іншых факты, напрыклад, адсутнасьць перакладчыка артыкулаў журналіста на польскай мове, паводле Стэфановіча, сьведчаць пра тое, што суд фаварызуе бок абвінавачаньня.

Ці 5 ліпеня пасьля апошняга слова Пачобута будзе вынясены прысуд? „Усё залежыць ад судзьдзі”, - лічыць Уладзімер Кісялевіч.

У сваю чаргу праваабаронца Стэфановіч зацягваньне працэсу журналіста тлумачыць загадам беларускіх уладаў, паколькі ніякія юрыдычныя падставы адтэрміноўкі працэсу не існуюць. Ён дае зразумець, што справа можа быць зьвязаная з тым, што 1 ліпеня Польшча узначаліць працы ў Эўразьвязе. „Пачобут можа быць патрэбны беларускім уладам дзеля закулісных таргоў”, - лічыць Стэфановіч.

Тэорыя, што Пачобут зьяўляецца заложнікам у сакрэтных перамовах між Варшавай ды Менскам, мае верагодны характар таксама й паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага.

„Калі сапраўды падобныя перамовы праходзяць, то працэс можа закончыцца сэнсацыяй – менш жорсткім прысудам, чым патрабуе пракурор”, - лічыць Класкоўскі. Палітоляг нагадвае працэсы грамадзянаў Расеі, абвінавачаных ва ўдзеле ў сьнежанскіх дэманстрацыях, якія закончыліся штрафамі. „Менск не хацеў тады раззлаваць Маскву. Цяпер ён можа таксама баяцца „спаліць масты” у адносінах з Варшавай,”- падкрэсьлівае Класкоўскі.

Чуткі пра сакрэтныя перамовы абвяргае польскае МЗС, хаця ананімны суразмоўца выданьня „Rzeczpospolita” кажа, што, магчыма, шляхам зацягваньня парацэсу Лукашэнка хоча даць нейкі сыгнал.

„Лукашэнка добра ведае, што наш голас ва ўсходняй палітыкі ЭЗ бярэцца пад увагу. Можа цяпер ён думае над тым, як працягваць гульнб. Я баюся, што ён аб’явіць амністыю, а гэта ня тое самае, што апраўданьне”, - гавораць у польскім МЗС.
 
Чаго хоча Лукашэнка? „Менск зацікаўлены у заходніх крэдытах, паколькі грошай, якімі рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Масква, мала для выратаваньня беларускай эканомікі,”- гаворыць Аляксандар Класкоўскі ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.

 

Учора ля будынку амбасады Беларусі ў Варшаве  вадзіцелі сыгналілі ў падтрымку Анджэя Пачобута, - павядэмляе „Gazeta Wyborcza”.

„Улады робяць усё магчымае, каб не паказаць сапраўдную сытуацыю ў Беларусі, - гаворыць апазыцыянэр Алесь Зарэмбюк. -  Для нас, беларусаў, гэта вельмі важнае, што нехта мае адвагу паведамляць сьвету праўду пра тое, што ў нас адбываецца. Ужо многія гады Анджэй Пачобут менавіта такім чынам выдатна падтрымлівае беларускую дэмакратычную апазыцыю. Таму мы будзем змагацца за яго, пакуль ён ня выйдзе на свабоду”.

Учора Зарэмбюк удзельнічаў у пікеце ля беларускай амбасады. Да акцыі салідарнасьці з журналістам спантанна далучаліся выпадковыя мінакі ды кіроўцы аўтамабіляў. Праяжджаючы па Вяртнічай вуліцы, дзе знаходзіцца амбасада, яны сыгналілі, сымбалічна далучаліся да акцыі.

Удзельнікі акцыі выпусьцілі таксама паветраныя шарыкі белага і чырвонага колераў сымбалічнымі лістамі: „Анджэй, жадаем табе, каб тваё месца ў гарадзенскай турме як найхутчэй заняў Аляксандар Лукашэнка. Чакаем твайго рэпартажу з судовага працэсу над ім!”.

Акцыю суарганізавалі Фундацыя „Свабода й дэмакратыя” ды выданьне „Gazeta Wyborcza”.

 

Усе асобы, якія выказваюць нейкія засьцярогі адносна працы перапісчыкаў, асабліва калі гаворка ідзе пра пытаньні нацыянальнасьці, будуць перапісаныя яшчэ раз, - заявіў Мацей Жыўна, Падляскі ваявода. Гэта адказ на скаргі прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасьці на рахункаводаў, якія падчас перапісу насельніцтва ня бралі пад увагу іншую нацыянальнасьц,а толькі польскую, - паведамляе інтэрнэтнае выданьне „Gazeta Wyborcza”.

Гэткія выпадкі былі зафіксаваныя ў Шудзялове, Гайнаўцы, Бельску Падляскім і Беластоку. Сцэнар быў адзін – перапісчык не пытаў грамадзяніна пра яго нацыянальнасьць. А калі ён сам пачынаў пытаць пра пра магчымасьць выбару іншай, чым польская, нацыянальнасьці, то перапісчык казаў пра адсутнасьць такой магчымасьці.

Для нацыянальных меншасьцяў справа вынікаў перапісу мае практычнае значэньне. У гмінах, дзе колькасьць прадстаўнікоў меншасьці перавышае адну пятую частку жыхароў, меншасьці маюць права на двухмоўныя табліцы з назвамі вуліцаў ці ўвядзеньне сваёй мовы як дадаковай, - нагадвае „Gazeta Wyborcza”.

Агляд прэсы падрыхтавала Анна Задрожна