• Два рапарты пра прычыны смаленскай катастрофы
  • 29.06.2011

У Польшчы амаль адначасова прадстаўлены два рапарты пра прычыны авіякатастрофы прэзыдэнцкага Ту-154, якая здарылася 10 красавіка 2010 году пад Смаленскам.

Гаворка ідзе пра дакумэнт Камісіі па рассьледаваньнях катастрофаў у дзяржаўнай авіяцыі пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Ежы Мілера ды парлямэнцкай групы дэпутатаў ад апазыцыйнай партыі „Права й справядлівасьць” пад кіраўніцтвам Антоні Мацярэвіча.

Паводле парлямэнцкай групы Мацярэвіча, 10 красавіка расейцы парушылі шмат працэдураў, а гэта ў вялікай ступені прычынілася да крушэньня польская самалёта.

У гэтак званай „Белай кнізе” расейскі бок абвінавачваецца, між іншым, у парушэньнях расейскага й міжнароднага заканадаўстваў. Так, сьцьвярджаюць аўтары справаздачы, расейцы не зачынілі лётнішча нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я, не вызначылі запаснога аэрадрому, а дысьпетчары працавалі пад ціскам начальства ды фальсыфікавалі паказаньні.

Антоні Мацярэвіч: Мы з жалем паведамляем, што па сёньняшні дзень грамадзкая думка не даведалася пра фальсыфікацыю паказаньняў дысьпетчараў, якія падчас першапачатковых паказаньняў выразна заяўлялі, што не праходзілі неабходных мэдычных даглядаў. Дакумэнты фальсыфікаваліся вельмі простым мэтадам – нехта скрэсьліў слова „не”.

Антоні Мацярэвіч абвінаваціў таксама прэм’ер-міністра Дональда Туска ў тым, што ён адмовіўся ад магчымасьці супольнага польска-расейскага рассьледаваньня прычынаў катастрофы, а гэта, паводле дэпутата, прадугледжана ў двухбаковым пагадненьні з 1993 году.

Антоні Мацярэвіч: З самага пачатку расейцы стараліся ня браць гэтае пагадненьне пад увагу. Канчаткова пад расейскім ціскам прэм’ер Дональд Туск згадзіўся. Тым часам, паводле згаданага пагадненьня, існуе абавязак супольнага рассьледаваньня прычынаў катастрофы вайсковага самалёта.

- заявіў Антоні Мацярэвіч.
 
Кіраўнік дэпутацкай групы па рассьледаваньню прычын авіякатастрофы пад Смаленскам сказаў, што заўтра будзе прадстаўленая другая частка «Белай кнігі», датычная адказнасьці польскага боку.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у дакумэнце сьцвярджаецца, між іншым, што арганізацыя дзьвюх асобных урачыстасьцяў у Катыні была вынікам палітычнай гульні, накіраванай супраць прэзыдэнта Леха Качыньскага. 

У апошні панядзелак Камісія па рассьледаваньнях катастрофаў у дзяржаўнай авіяцыі пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных справаў і адміністрацыі Ежы Мілера перадала кіраўніку польскага ўраду дакумэнт, у якім гаворыцца пра прычыны катастрофы прэзыдэнцкага Ту-154 пад Смаленскам.

Прэс-сакратар ураду Польшчы Павал Грась заявіў, што Дональд Туск пазнаёміцца з дакумэнтам асабіста ды ня будзе ўносіць у яго ніякіх паправак.

Рапарт, які налічвае 300 старона, перакладаецца на ангельскую й расейскую мовы. Над дакумэнтам, у якім гаворыцца пра прычыны катастрофы, людзей і ўстановы, якія адказныя за трагедыю з 10 красавіка 2010 году, больш за 14 месяцаў працавала група экспэртаў у складзе 34 чалавек. 

Паводле кіраўніка камісіі палкоўніка Эдмунда Кліха, польскі ўрадавы рапарт будзе закранаць таксама заўвагі па справаздачы Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту (МАК). Акрамя таго, у дакумэнце агаворваюцца дзеяньні расейскага боку.

Эдмунд Кліх: У рапарце МАК нічога няма пра дзеяньні дысьпетчараў, якія супрацоўнічалі з экіпажам польскага самалёту. Польскі рапарт будзе дапоўнены дадзенымі на тэму тэхнічнага аснаджэньня аэрадрому навігацыйнай тэхнікай – гэта частка, датычная расейскага боку. Думаю таксама, што будзе нямала дадатковай інфармацыі пра тое, што адбывалася тут (у Польшчы) – маю на ўвазе арганізацыю палёту.

Паводле старшыні Камісіі па рассьледаваньнях катастрофаў у дзяржаўнай авіяцыі, польскі ўрадавы рапарт мае шанец зьвярнуць увагу міжнароднай грамадзкай думкі, але ня варта спадзявацца, што ў ім ён будуць апраўданыя памылкі, зьдзейсьненыя польскім бокам.

У сваю чаргу спэцыяліст па авіяцыі Войцех Лучак лічыць, што ў рапарце Мілера ёсьць сьпіс людзей і ўстановаў, дзеяньні якіх прычыніліся да катастрофы прэзыдэнцкага самалёта. Паводле неафіцыйных крыніцаў, гэта каля 180 чалавек.

Войцех Лучак: Зь неафіцыйных крыніцаў я ведаю, што адказнымі за катастрофу называюцца 183-184 чалавекі. На самой справе, гэта асабістая адказнасьць некторых прадстаўнікоў польскага ўраду. Таму я й зацікаўлены рэакцыяй прэм’ер-міністра.

- лічыць Войцех Лучак.

Высновы ўрадавай камісіі будуць прадстаўленыя хутчэй за ўсё напрыканцы будучага тыдня падчас адмысловай прэс-канфэрэнцыі.


аз