• Агляд польскага друку: Беларусь на мяжы катастрофы
  • 30.06.2011

Штодзёнка „Dziennik. Gazeta prawna” піша пра складаную сытуацыю, у якой апынуўся афіцыйны Менск: без электрычнасьці ды пад ціскам Максвы. Цягам 24-х гадзінаў Беларусь была адключана ад паставак электраэнэргіі з Расеі. Доўг за пастаўкі энэргіі, якія зь цяжкасьцямі плаціць Беларусь, стаў інструмэнтам палітычнага ціску ў руках Крамля – піша польскае выданьне. Мэтай Масквы зьяўляецца доступ да стратэгічных актываў беларускай эканомікі.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Эканамічную сытуацыю ў Беларусі камэнтуе сёньня й штодзёнка „Rzeczpospolita”. Гэтае выданьне адрэагавала на выказваньні міністра эканомікі Беларусі Мікалая Снапкова, які прадставіў учора аптымістычны ды пэсымістычны варыянты разьвіцьця эканомікі краіны. У першым выпадку размова ідзе пра 6-7% рост ВУП, а ў другім – 1-3%. На думку польскіх журналістаў, абодва варыянты памылковыя. Беларуская эканоміка на мяжы катастрофы. Адзіны ратурак – гэта дапамога з Масквы, як гэта было раней і дзякуючы якой афіцыйны Менск мог утрымліваць нерэфармаваную эканоміку. Беларускія ўлады надалей хочуць гэта рабіць -- піша газэта. Так, міністар Снапкоў сказаў, што замежныя валюты – гэта кепскі паказчык стану беларускай эканомікі. „У нас даляры не зьяўляюцца пляцёжным сродкам ані ў краме, ані пры разьліку за камунальныя паслугі. А заробкі ў беларускіх рублях выглядаюць вельмі добра” – цытуе польскае выданьне беларускага службоўца. Улады ня маюць пляну па выхаду з крызысу, і таму такія сьмешныя заявы – падсумоўвае тэму «Rzeczpospolita”, грунтуючыся на меркаваньнях беларускіх экспэртаў.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Штодзёнка „Gazeta wyborcza” сёньня зноў друкуе заклік да беларускіх уладаў вызваліць Анджэя Пачобута. Газэта нагадвае, што ейнаму беларускаму карэспандэнту пагражае 3 гады зьняволеньня. Ягоны працэс разглядаецца судом з 14-га чэрвеня, а журналіст вось ужо 86 дзён знаходзіцца за кратамі. Яго абвінавачваюць у абразе ды паклёпе на Аляксандра Лукашэнку.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

З іншых тэмаў, якія сёньня асьвятляе польская прэса, врта нагадаць сытуацыю ў Грэцыі. Штодзёнка „Dziennik. Gazeta prawna” падкрэсьлівае, што гэтая краіна аддаліла ад сябе пагрозу банкруцтва, але на які час - не вядома. Учора грэцкі парлямэнт прыняў пакет законаў па скарачэньні дзяржаных выдаткаў ды прыватызацыйнай праграме. Гэта дазволіць краіне ў бліжэйшыя пяць гадоў зэканоміць 78 мільярдаў эўра. Брусэль ды кіраўніцтва эўрапейскіх краінаў ужо заявілі, што дадуць Грэцыі дадатковую фінансавую дапамогу. Супраць гэтых плянаў актыўна выступае „грэцкая вуліца”. Учора маніфэстанты ў Афінах атакавалі будынкі міністэрства фінансаў ды парлямэнту.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Штодзёнка „Rzeczpospolita” у сваю чаргу піша пра напружаную сытуацыю, якай склалася ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Размова ідзе пра абвастрэньне тэрытарыяльных спрэчак на Паўднёвакітайскім моры паміж трымя краінамі: з аднаго боку Кітаем, а з другога боку - Віетнамам ды Філіпінамі. Паміж гэтымі краінамі насьпявае вайна, ужо прагучалі першыя стрэлы, -- непакоіцца польскае выданьне. Віетнам і Філіпіны шукаюць падтрымкі ЗША, каб ураўнаважыць пазыцыю Кітаю.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Штодзёнка „Gazeta wyborcza” зьвятае ўвагу на праблему з атэстатам сталасьці ў Расеі. Справа ў тым, што ў гэтым годзе падчас іспытаў на атэстат сталасьці (Адзіны дзяржаўны іспыт) вучні масава спісвалі, ім дапамагалі ў гэтым настаўнікі, адукацыйныя ўлады ды спэцыялізаваныя фірмы. Гэта не атэстат сталасьці, а атэстат карупцыі – падсумоўвае польскае выданьне.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч