• “Ад сёньняшняга дня Эўропа – гэта мы”
  • 01.07.2011

“Ад сёньняшняга дня Эўропа – гэта мы” – піша на першай старонцы “Gazeta Wyborcza” й дадае, што “калі Польшчы ўдасца выканаць тое, што задумана, то Варшава стане адной з калёнаў Эўропы, як Бэрлін і Парыж”.

У Польшчы шасьмімесячнае старшыняваньне краіны ў ЭЗ зьяўляецца тэмай нумар адзін ня толькі ў газэтах, але й на ўсіх радыёстанцыях і тэлеканалах.

На першай старонцы газэта публікуе ліст прэм’ер-міністра Дональда Туска.

“Наша старшынства ў ЭЗ супала зь нялёгкімі часамі. Працягваецца фінансавы крызыс зоны эўра, які найбольш балюча ўдарыў па Грэцыі. Падзеі ў Афрыцы й на Блізкім Усходзе выклікалі дадатковыя праблемы й выклікі. Эўразьвяз абавязаны дапамагчы ў дэмакратычных пераменах гэтай часткі сьвету. Часам можа скласьціся ўражаньне, што гэтыя падзеі аслабляюць у эўрапейцаў веру ў адзіную Эўропу. Але ж Эўропа стваралася і на добрыя часы, і на дрэнныя” – піша Дональд Туск.

Галоўнай задачай для Эўропы польскі прэм’ер называе ажыўленьне даверу да Эўропы. Дональд Туск заклікае эўрапейцаў быць салідарнымі й шукаць кампрамісы.

“Мы будзем імкнуцца да паглыбленьня інтэграцыі эўрапейскага рынку, бо гэта дазволіць нам хутчэй разьвівацца. Мы будзем падтрымліваць далейшае пашырэньне ЭЗ і супрацу з нашым суседзямі, бо гэта зьяўляецца гарантыяй стабільнасьці эўрапейскіх межаў, як на поўдні, так і на ўсходзе. Мы будзем узмацняць энэргетычную, харчовую й мілітарную бясьпеку Эўропы” – працягвае прэм’ер Туск.

Напрыканцы ліста Туск дзякуе мільёнам палякаў, дзякуючы працы й веры якіх Польшча сёньня зьяўляецца неад’емнай часткай аб’яднанай Эўропы.

„Rzeczpospolita” даступна тлумачыць тым, хто ня ў курсе, што такое старшынства ў ЭЗ. Вакол гэтай падзеі існуе шмат мітаў, і выданьне спрабуе іх выкрыць.

Шмат людзей думаюць, што Дональд Туск будзе цяпер цягам шасьці месяцаў прэзыдэнтам ЭЗ, будзе паціскаць руку Бараку Абаму падчас саміту ЭЗ-ЗША й прамаўляць ад імя Эўропы на паседжаньнях ААН альбо групы G20. А калі б, ня дай Бог, пачаўся нейкі вайсковы канфлікт, то ён, як Нікаля Сарказі ў 2008 годзе ў Маскве, імкнуўся б прыміраць Расею й Грузію. На жаль, гучыць прыгожа, але гэта ня так.

Эўразьвяз ужо мае свайго прэзыдэнта, які рэпрэзэнтуе супольнасьць на прадстаўнічых сустрэчах – гэта Герман ван Рампёй. Міністру Сікорскаму таксама ня будзе асабліва шмат працы. Так званы эўрапейскі МЗС узначальвае брытанка Кэтрын Эштан.

Палякам застаецца свабода дзеяньняў у эўрапейскай палітыцы суседзтва з краінамі былога СССР. Урад Дональда Туска плянуе таксама завяршыць цягам шасьці месяцаў дамову аб эканамічнай прасторы ЭЗ з Украінай.

Польскі прэм’ер ня зможа склікаць тэрміновы саміт эўрапейскіх лідараў у Варшаве, не залагодзіць унутранага канфлікту ў краіне ЭЗ, як гэта рабіла Ангела Мэркель, а дамова аб далучэньні Харватыі да ЭЗ, на жаль, ня будзе называцца варшаўскай.

Істотнае слова ў будаваньні эўрапейскай фінансавай палітыкі, што праўда, будзе мець міністар фінансаў Польшчы Яцэк Растоўскі. Аднак ён ня зможа нават уплываць на вырашэньне крызысу ў зоне эўра, бо Польшча пакуль знаходзіцца па-за гэтай дамовай. Дык можа, прынамсі, міністар навакольнага асяродзьдзя Анджэй Кашэўскі зможа неяк паўплываць на палітыку зьмяншэньня выкідаў вуглякіслага газу, што адмоўна абдіваецца на польскай эканоміцы? Таксама не. У ЭЗ вельмі цяжка рэалізоўваць нацыянальныя інтарэсы.

“У Польшчы цягам шасьці месяцаў будзе вельмі шмат працы – піша выданьне, - але на рэвалюцыйны вынік спадзявацца няварта”.

Самым дарагім месцам для жыцьця ў Эўропе зьяўляюцца Скандынавія й Швайцарыя. Польшча, нават у параўнаньні зь некаторымі экс-камуністычнымі краінамі, усё яшчэ застаецца таннай, піша „Dziennik. Gazeta Prawna”.

Прынцып разьлікаў вельмі просты: чым багацейшая краіна, тым вышэйшыя ў выніку цэны. Самымі багатым краінамі Эўропы працягваюць заставацца Люксэмбург, Нарвэгія й Швайцарыя.

Самае таннае жыцьцё, паводле штодзёнкі, на Балканах. У большасьці краін балканскай паўвыспы ўзровень цаны складае ад 50 да 60% сярэднеэўрапейскіх коштаў. Апрача Балканаў параўнальна танна жывуць летувісы.

Цікава, дарэчы, што ў самай беднай краіне Эўропы Альбаніі цэны на электроніку на 4% вышэйшыя, чым у самай багатай краіне ЭЗ – Люксэмбургу. Самы дарагі ў Эўропе алькаголь – у Скандынавіі. Гэта вынікае з-за частковай палітыкі “сухога закону” й дзяржаўнай манаполіі на некаторыя напоі.

Адным сказам газэта ўзгадвае й Беларусь. Выяўляецца, што беларусы выдаткоўваюць на харчаваньне ажно 39% сваіх даходаў. Гэта адзін з найгоршых вынікаў у Эўропе. Больш чым беларусы на ежу трацяць малдаване (41) і ўкраінцы (50). У Польшчы гэта толькі 18%.

дг