• Польшча стала старшынём ЭЗ
  • 01.07.2011

А поўначы з чацьвярга на пятніцу Польшча пераняла эстафэту старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе. Бліжэйшыя шэсьць месяцаў польскі ўрад будзе арганізоўваць працу усяго ЭЗ. Варшава хоча прысьвяціць гэты час умацаваньню сваёй міжнароднай пазыцыі, але абяцае не забываць і пра сваіх суседзяў.

Сёньня афіцыйная Варшава сьвяткуе інагурацыю свайго старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе. Фармальна старшынтва пачалося з сумеснага паседжаньня Сэйму ды Сэнату Польшчы. У гэтай урачыстасьці ўзялі ўдзел прэзыдэнт ды прэм’ер-міністар краіны, старшыні абедзьвюх палатаў парлямэнту, прадстаўнікі дяржаўных ды мясцовых ворганаў улады й прадстаўнікі ўсіх канфэсіяў у Польшчы. Пасьля гімнаў Польшчы ды Эўразьвязу выступіў маршалак Сэйму Гжэгаж Схэтына, які зазначыў, што сёньня вялікі дзень для Польшчы.

Гжэгаж Схэтына: Сёньня вялікі дзень, пра які марылі пакаленьні палякаў. Сёньня мы завяршаем гэты марш: свабодная Польшча ў свабоднай Эўропе, якая старшынюе ў аб'янанай Эўропе. Гэта надзвычайны дзень рэалізацыі нашых мараў. Сёньня я хачу, каб мы падумалі пра ўсіх тых, хто марыў пра свабодную Польшчу й не дачакаўся яе. Ушануйма іх памяць. Ад нас шмат чаго чакаюць у Эўропе: новага імпульсу, новай энэргіі ды праектаў. А мы можам шмат чаго прапанаваць: наш вопыт пераўтварэньняў, нашыя веды. Мы творчы народ, адкрыты на зьмены. Гэта бязцэнна, бо Эўразьвяз патрабуе новай дынамічнай формы палітычных адносінаў.

У сваю чаргу маршалак Сэнату Богдан Барусэвіч у сваім выступе зазначыў, што на бліжэйшыя паўгады Польшча будзе флягманскім караблём Эўразьвязу і падкрэсліў, што палякі павінны памятаць пра суседнія краіны ЭЗ.

Богдан Барусэвіч: Ад нашай кампэтэнцыі, ведаў ды дыпляматыі будзе залежаць, ці зможам мы паспяхова выканаць задачу й нашае старшынства будзе пасьпяхова вырашаць праблемы аб’яднанай Эўропы. Мы мусім памятаць пра абавязкі ў дачыненьні да суседаў Эўразьвязу, як на ўсходніх, так і на паўднёвых яго межах. Мы можам падзяліцца вопытам з тымі, хто рашуча адрынуў у сваіх краінах дыктатуру. Мы найбольшая краіна Ўходняй Эўропы, з-за былой жалезнай заслоны, якае пераймае старшынства ў Радзе ЭЗ. Мы павінны зрабіць усё, каб разьвеяць непокой краінаў старой Эўропы, зьвязаны з нашым дэбютам. Прызнаньне ў вачах Эўропы мы здабудзем тады, калі падчас нашага старшынства мы возьмем пад увагу інтэрэсы іншых чальцоў ды ўсяго ЭЗ.

Сярод прыярытэтаў Варшавы на час старшынства называюць такія пытанні, як эканамічны рост ЭЗ ды барацьба з крызысам у эўразоне, міграцыйная палітыка ды рэформа Шэнгенскай дамовы, дапамога дэмакратычным пераўтварэньням у краінах Паўночнай Афрыкі ды Ўсходняй Эўропы.
Што праўда, пасьля прыняцьця Лісабонскага трактату ЭЗ, роля й магчымасьці краіны-старшыні вызначаць замежную палітыку ЭЗ зьменшылася. Сёньня за гэта адказвае прэзыдэнт Эўрапейскай рады Гэрман Ван Рампёй і кіраўнічка эўрапейскай дыпляматыі Кэтрын Эштан. Нягледзячы на гэта, у Польшчы ёсьць шанцы на тое, каб заявіць пра сябе на міжнароднай арэне, як пра прадстаўніка Эўразьвязу, лічыць аналітык Польскага Інстытута міжнародных справаў Бэата Война.

Бэата Война: Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ можа папрасіць польскага міністра, каб ён замяняў яе на розных сустрэчах, а таксама, на яе просьбу, ён можа ўзначальваць розныя дэлегацыі Эўрапейскага Зьвязу. Прыклад такіх сумесных ініцыятываў – гэта візыт у Бэнгазі. Альбо апошні прыклад саміт Эўразьвяз- Казахстан, дзе міністар Сікорскі ўзначальваў дэлегацыю па просьбе Кэтрын Эштан, вярхоўнага прадстаўніка, замяняючы яе.

Падобныя меркаваньні выказваюць і замежныя экспэрты. Напрыклад Яніс Эманаўлідзіс, з брусэльскага Цэнтру эўрапейскай палітыкі, зазначае, што Польшча можа істотна павялічыць сваю прысутнасьць у Брусэлі.

Яніс Эманаўлідзіс: Краіна, якая старшынюе ў ЭЗ, не адыгрывае так істотнай ролі, як раней – гэта праўда. Аднак, зь інашага боку, сёньня у Брусэлі не хапае лідарства. Таму, калі зьявіцца нехта, у каго будуць такія амбіцыі, ёсьць надзея, што за ім пойдуць. Гэта магчымасьць для Польшчы, бо адносна яе вялікія чаканьні.

Учора ў Варшаве адбылася сустрэча польскіх ды эўрапейскіх палітыкаў з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. З высокіх трыбунаў гучалі словы пра тое, што Эўропа чакае дэмакратычную Беларусь і будзе падтрымліваць краіну на шляху да дэмакратыі. Ці за бліжэйшыя шэсьць месяцаў зьменяцца адносіны ЭЗ з Беларусьсю? Гэтае пытанне мы задалі менскаму палітолягу Андрэю Фёдараву.

Андрэй Фёдараў: Польшча будзе спрабаваць нешта зрабіць. Але я баюся, што нічога істотна не зьменіцца, бо ў Эўразьвяза шмат сваіх праблемаў. Тут у Менску добра ведаюць агульны стан праблемаў ЭЗ ды вялікіх надзеяў на польскую дапамогу не ўскладаюць. Гэта бачна хаця б па справе Пачобута. Можа, праўда адцягваньне вынясеньня прысуду сьведчыць пра тое, што ідзе нейкі патаемны гандаль ці перамовы. Але ў мяне няма ўпэўненасьці, што беларускі бок будзе выкарыстоўваць магчымасьць польскага старшынства.

Польшча падрыхтавала палітычную праграму для ЭЗ на бліжэйшыя паўгады. Туды ўключана і Беларусь. Аднак досьвед іншых краінаў ЭЗ паказвае, што не заўсёды атрымліваецца рэалізаваць усе амбітныя пляны. У гэтым пераканаліся французы ды чэхі. Першым пляны сапсавала вайна ў Грузіі, а другім – расейска-ўкраінскі газавы крызыс. Амбітныя пляны ды нечаканыя праблемы – гэта ў будучыні, а пакуль што Варшава рыхтуецца да сьвяткаваньня інагурацыі свайго старшынства. Сёньня ў вечары вялізарны святочны канцэрт ды салют у польскай сталіцы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч