• Агляд польскага друку
  • 02.07.2011

Штодзёнка “Rzeczpospolita” шукае сёньня адказ на пытаньне, ці палякі зь Беларусі змогуць вучыцца ў Польшчы? Гэтае пытаньне - вынік скандалу, які здарыўся нядаўна ў Беларусі, калі дзяржаўныя ўлады пачалі перашкаджаць правядзеньню іспытаў у польскія ВНУ, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі.
Ужо ў траўні стала вядома пра візавыя праблемы польскіх выкладчыкаў, якія штогод езьдзілі ў Беларусь, каб прымаць іспыты ў кандыдатаў на паступленьне ў польскія ВНУ. Таму сёлета ў траўні іспытаў не было. Беларускі бок матываваў гэта тым, што ў сакавіку бягучага году скончылася польска-беларуская дамова, якая дазваляла праводзіць набор на навучаньне ў Польшчы на беларускай тэрыторыі.
Польскі бок пачаў перамовы зь беларускімі ўладамі, каб аднавіць дамову. Беларускія чыноўнікі высунулі непрымальную для палякаў умову, зазначае польскае выданьне. Размова ішла пра ўлучэньне беларускіх прадстаўнікоў у склад польскай экзаменацыйнай камісіі. У выніку перамовы спыніліся. Польскія ўлады пачалі рыхтаваць аварыйны варыянт – правядзеньне іспытаў на тэрыторыі Польшчы ў Саколцы, што каля мяжы зь Беларусьсю.
Урэшцэ бакі дамовіліся й старое пагадненьне аднавілі да красавіка 2012-га году. Такім чынам, іспыт у Горадні адбудзецца 10-га ліпеня ў польскім консульстве.
Гэлена Дубоўска, дырэктарка Польскай грамадзкай школы ў Горадні, чакае зь нецярплівасьцю гэтых іспытаў. Зь ейнай школы ў польскія ВНУ хоча паступаць каля 50 чалавек. З усёй Беларусі паступае недзе 300 чалавек. Гэтая затрымка – непрыемны сюрпрыз для іх, бо яны ня ведалі, ці трапаць на вучобу ў Польшчу, ці трэба здаваць у беларускія ВНУ.
Польскі ўрад рыхтуе праграму дапамогі імя Рамуальда Траўгута для польскай меншасьці, якую ўсё больш і больш перасьледуюць беларускія ўлады, зазначае газэта.

ххххххххххххххххххххххх

Штодзёнка “Gazeta Wyborcza” піша пра ананімныя пагрозы, якія атрымлівае жонка Анджэя Пачобута. На днях ёй прыйшоў ліст, падпісаны “беларускімі патрыётамі”, у кім гаворыцца, што Анджэй Пачобут -- гэта непараўнальны прыклад змагара, які – не зьвяртаючы ўвагу на жонку й малых дзяцей – сьвядома пайшоў да канца ў пагоні за эфемерным шчасьцем, каб стаць сымбалем у вачах вузкага кола польскіх палітычных дылетантаў, -- цытуе газэтае ананімнае пасланьне. Аксана Пачобут сказала польскім журналістам, што адрасат лісту – КДБ. Ейны муж Анджэй Пачобут вось ужо тры месяцы знаходзіцца пад арыштам, яго абвінавачваюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі. Маўляў, ён назваў яго “дыктатарам” у сваіх артыкулах ды допісах на блёгу – зазначае польскае выданьне. Чарговае судовае паседжаньне па ягонай справе адбудзецца ў аўторак. Ананімны ліст канчаецца іранічнымі пажаданьнямі “шчасьця, каханьня ды посьпехаў на новым жыцьцёвым шляху”. Гэта непрыемная ананімка ня першая. Калі Анджэй Пачобут быў на свабодзе, яны атрымоўвалі лісты ды званкі, у якіх ім пагражалі ды хацелі іх пасварыць, цытуе жонку Пачобута польская штодзёнка.

ххххххххххххххххххххххх

Штодзёнка “Polska. The Times” піша сёньня пра зьмены, якія рыхтуюцца на Кубе. Газэта нават зазначыла, што гэта будзе канец кубінскай сацыялістычнай рэвалюцыі. Улады дазволяць кубінцам гандляваць нерухомасьцямі ды набываць аўтамабілі.
Выбар гэтых пазыцыяй мае канкрэтныя прычыны. Дазвол гандляваць нерухомасьцю – гэта крок кубінскіх рэвалюцыянэраў ў бок вырашэньня жыльлёвых праблемаў. Новая норма дазваляе кубінцам дарыць, атрымлiваць у спадчыну, перадаваць або прадаваць іх маёмасць, і яна ўводзіцца замест 188 існуючых правілаў, якія былі фактычна абмежаваньнямі адміністрацыйнага характару.
Адзінае абмежаваньне, якое засталося – не больш адной кватэры на чалавека.
Падобнае новаўвядзеньне датычыць аўтамабіляў. Цяпер браты Кастра дазволілі кубінцам набываць аўто ды іх прадаваць, дарыць ды ўвогуле мець больш чым адну машыну на чалавека. Дагэтуль на Кубе ў свабодным абароце былі толькі транспартныя сродкі, вырабленых да 1959 года. Каб набыць новы аўтамабіль неабходны быў дазвол уладаў.
Паводле польскага выданьня, на гэтым тыдні прэзыдэнт Кубы Рауль Кастра заклікаў урад да правядзення шырэйшых эканамічных рэформаў, каб вывесьці Кубу з застою.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч