• АГЛЯД ПОЛЬСКАГА ДРУКУ
  • Audio4.44 MB
  • 05.07.2011

 

Сёньня чарговы дзень судовага працэсу над Анджэям Пачобутам, прыгадвае „Gazeta Wyborcza”, карэспандэнтам якой ён зьяўляецца.

Працэс за зачыненымі дзьвярыма цягнецца ўжо чацьвёрты тыдзень, паколькі судзьдзя Віталь Ляцко некалькі разоў пераносіў паседжаньне.

У нядзелю ў Горадні ды іншых гарадох Беларусі адбыліся масавыя затрыманьні. На гэты раз у шэраг затрыманых патрапіла шмат мясцовых журналістаў, якія працуюць для незалежных СМІ.

Гарадзенскага журналіста Юрыя Гумянюка міліцыя выцягнула з кавярні ўжо пасьля пратэстаў, яго прысудзілі да 12 сутак. Чарговы журналіст атрымаў 10 сутак. Працэсы іншых журналістаў будуць адбывацца цягам бліжэйшых дзён.

- Затрымліваючы журналістаў, улады хацелі дасягнуць дзьве мэты, - мяркуе праваабаронца Віктар Сазонаў з праваабарончага цэнтру „Вясна”, - каб журналісты не асьвятлялі акцыяў пратэстаў і каб не паведамлялі пра судовыя працэсы, у першую чаргу пра працэс Пачобута».

Ужо трэці раз цягам месяца затрыманы Ігар Банцар, на гэты раз ён атрымаў 10 сутак за ўдзел у „несанкцыянаваным сходзе”. Банцар разам зь іншымі актывістамі непрызнаванага ўладамі СПБ прыходзіў пад будынак суду, дзе адбываецца працэс над Пачобутам.

- Улады зрабілі ўсё магчымае, каб ён не прысутнічаў на абвяшчэньні прысуду, кажа старшыня СПБ Анжаліка Арэхва.

Пакуль што ўлады на чапаюць жонку Пачобута Аксану. Аднак на мінулым тыдні жанчына атрымала зьдзеклівую ананімку, падпісаную „беларускімі патрыётамі”. Аўтары ананімкі напісалі, што Анджэй Пачобут зьяўляецца прыкладам баевіка, які, не зважаючы на жонку й дзяцей, пайшоў да канца ў пагоні за эўфемістычным „шчасьцем”, каб стаць сымбалем і вырасьці ў вачах вузкага кола польскіх палітычных дылетантаў”, прыгадвае „Gazeta Wyborcza”.

Інтэрнэт-выданьне wyborcza.pl паведамляе, што падчас ранішняга паседжаньня Пачобут выступіў з апошнім словам. Ягоная пазыцыя з самага пачатку нязьменная: ён ня лічыць сябе вінаватым.

Пачобута прывезьлі ў суд са спазьненьнем. На яго твары й шыі былі чырвоныя плямы. Пачобут паведаміў адвакатам, што падчас канваяваньня ў дачыненьні яго была выкарыстана фізычная сіла. Журналіст ня ведае прозьвішчаў сваіх канваіраў, але можа іх пазнаць.

Ля будынку суду адбылася штурханіна, калі асобы ў цывільным паспрабавалі перашкодзіць журналістам фатаграфаваць Пачобута, паведамляе wyborcza.pl

 

Варшава салідарная з Пачобутам. Пад будынкам беларускай амбасады адбылася чарговая акцыя пратэсту супраць юрыдычнага беззаконьня ў дачыненьні польскага журналіста, паведамляе „Gazeta Stołeczna”.


 Сёньня адбылася трэцяя акцыя ў падтрымку журналіста, які вырашыў да канца адстойваць свае правы.

- Улады метанакіравана зацягваюць працэс Анджэя з тыдня на тыдзень. Такім чынам яны спрабуюць зламаць ягопсыхічна,- распавядае беларускі апазыцыянэр Алесь Зарэмбюк.

На мінулым тыдні польскія вадзіцелі, праяжджаючы каля беларускай амбасады, сыгналілі ў знак салідарнасьці з журналістам. А ў паветра паляцелі белыя й чырвоныя шары з сымбалічнымі лістамі журналісту. Акцыі ў падтрымку Анджэя Пачобута ладзяць сумесна фундацыя „Свабода й дэмакратыя” й рэдакцыя выданьня „Gazeta Wyborcza”.

У Белсата новы віцэ-дырэктар, а рэдакцыйны калектыў пратэстуе, чытаем у выданьні „Rzeczpospolita”.

Былы кіраўнік TV POLONIA Вітальд Ляскоўскі прызначаны віцэ-дырэктар тэлеканалу Белсат.

Дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўска пра тое, што ў яе новы намесьнік, даведалася ад падначаленых. А яны знайшлі інфармацыю пра прызначэньне новага віцэ-кіраўніка на сайце тэлевізіі. Рамашэўска знаходзіцца ў водпуску, але прыехала ў тэлевізію, каб паразмаўляць пра прызначэньне зь кіраўніцтвам TVP. Чальцы ўправы не знайшлі для яе часу.

Рамашэўская не ўяўляе сабе супрасцы з новым намесьнікам.

- Я ня маю даверу да асобы, прызначанай патаемна, не інфармуючы мяне аб факце, - кажа кіраўнік Белсату. - Я адказваю за людзей. Сытуацыя ў Беларусі абвастраецца, робіцца вельмі небясьпечнай. Я не ўпэўненая, што кар’ера карэспандэнта ў Маскве ў часы СССР дазваляе аб’ектыўна глядзець на беларускія справы, - лічыць Рамашэўска.

Паводле інфармацыі штодзёнкі, журналісты Белсату намерваюцца скіраваць ва ўправу TVP ліст у гэтай справе. У прэс-службе тэлевізіі справы не камэнтуюць, паведамляе „Rzeczpospolita”.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч