• Пульс польскай эканомікі
  • Audio5.58 MB
  • 05.07.2011

         300 цягнікоў, якія належаць кампаніі „Przewozy Regionalne”, сёньня цягам двух гадзін стаялі на вакзалах усяе краіны.

Гэта быў папераджальны страйк машыністаў, якія дамагаюцца павышэньня заробкаў на 280 злотых (прыкладна 100$). Адказу на патрабаваньні машыністы чакаюць да 8 ліпеня, у іншым выпадку разглядаюць магчымасьць правядзеньне генэральнага страйку.

Сёньня акцыя працягнулася з 7-й да 9-й гадзін раніцы. Пры гэтым забастоўка закранула таксама пасажыраў цягнікоў іншых кампаній з-за парушэньня графіку руху саставаў. Некаторыя цягнікі прыбываюць са спазьненьнямі ў цяпер.

Учора кіраўніцтва кампаніі „Przewozy Regionalne” прапанавала машыністам рост зарплаты на 130 злотых з кастрычніка, аднак прафсаюзы на гэта не згаджаюцца. Мінімальны заробак машыніста ў Польшчы складае 1600 злотых (прыкладна 550$).

         1 ліпеня увайшоў у сілу гэтак званы дэрэгуляцыйны закон, які спрашчае працэс рэгістрацыі фірмы. Зараз у Польшчы можна рэгістраваць фірму праз Інтэрнэт

Для пацьверджаньня дадзеных ва ўстановах ужо не патрабуюцца афіцыйныя пасьведчаньні –хопіць, што прадпрымальнік напіша заяву. Таксама для адміністрацыйных справаў не патрабуюцца арыгіналы дакумэнтаў, можна прадаставіць копію. Такім чынам, будучаму прадпрымальніку ня трэба траціць мноства часу й нэрваў у даўжэзных чэргах ва ўстановах, лічыць экспэрт Томаш Ярошак з парталу bankier.pl.

Т. Ярошак: Скажу шчыра: у Польшчы цяжка быць прадпрымальнікам. Законы ў нас даволі складаныя, ня проста выканаць усе патрабаваньні, падаць усе дакумэнты, якіх патрабуюць чыноўнікі. Да таго ж у Польшчы, у параўнаньні зь іншымі краінамі, вельмі складаная падатковая сыстэма. І, па-шчырасьці, усе чакалі гэтых зьменаў. Цяпер хутчэй можна аформіць пэўныя справы.

Томаш Ярошак лічыць, што дэрэгуляцыйны закон узмоцніць сэктар малых і сярэдніх прадрыемстваў і прычыніцца да таго, што свае фірмы ахвотней будуць адчыняць маладыя людзі.


         Ідуць скарачэньні колькасьці настаўнікаў - 30% пэдагогаў могуць страціць працу

Звальняюць муніцыпальныя ўлады, якія ўтрымліваюць школы. Улады гмін – найменшых тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак - такім чынам вырашылі ратаваць свае малыя бюджэты. Найбольшыя скарачэньні плянуюць правесьці малыя гміны й буйныя гарады. Пры гэтым звальняюць як маладых кантрактных настаўнікаў, так і дасьведчаных пэдагогаў з доўгім стажам. У горадзе Кельцэ з насельніцтвам 200 тыс. чалавек, улады ліквідавалі 212 настаўніцкіх ставак. Звальняюць таксама ў Чэнстахове, Быдгашчы, Лодзі, Любліне й іншых гарадах. Скарачэньні зьяўляюцца вынікам зьмяншэньня колькасьці вучняў. Напрыклад, у Быдгашчы лічба школьнікаў зьменшылася на 25%. У выніку гміны атрымаюць меншыя субсідыі зь дзяржаўнага бюджэту.

Тым часам Саюз польскіх настаўнікаў зьвяртае ўвагу на тое, што ў выніку такіх эканамічных падыходаў да адукацыі найбольш пацерпяць вучні, бо фінансавыя абмежаваньні нэгатыўным чынам паўплываюць на ўзровень адукацыі.

      Расея надалей утрымлівае эмбарга на польскую агародніну

Паводле галоўнага фітасанітарнага лекара Расеі Генадзія Анішчанкі, Польшча прадаставіла няпоўную экспартную дакумэнтцыю. Дагэтуль дазвол на продаж агародніны ў Расею атрымалі Нідэрлянды, Данія, Бэльгія й Гішпанія.

Эмбарга на імпарт зьвязаўскай агародніны Расея ўвяла 2 чэрвеня. У выніку шматлікіх перамоваў Брусэля з Масквой было ўзгоднена, што забарона будзе адмяняцца ў чарговасьці для паасобных краін, а паасобныя грузы тавараў павінны мець адпаведныя сэртыфікаты бясьпекі. „Атрыманыя ад Польшчы сэртыфікаты недакладныя й выклікаюць шмат пытаньняў”, – сьцьвярджае кіраўнік расейскіх фітасанітарных службаў. „Пакуль мы ня высвятлім усіх пытаньняў, ня будзем нават разглядаць польскіх заяваў”, - сказаў Генадзій Анішчанка. Раней ён падкрэсьліваў, што польскія экспартэры часьцей займаліся рээкспартам, чым продажам польскай агародніны.

Курсы валют паводле НБП

1 эўра                        3,95 зл
1 даляр ЗША              2,73 зл
1000 БЫР                   0,55 зл

Я. С.