• Агляд друку
  • 06.07.2011

Польскія штодзёнкі шмат увагі прысьвячаюць учорашняму прысуду ўмоўнага пазбаўленьня на 3 гады свабоды Анджэя Пачобута.

 

Анджэй Пачобут, які правёў у арышце 91 дзень,  учора выйшаў на свабоду. Калі суд раней не заўважыць парушэньня права, тады праз 2 гады адбудзецца чарговы працэс па гэтым жа абвінавачаньні, значыць абразе й паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, на якім судзьдзя ацэніць, ці журналіст ня зьдзейніў чарговага злачынства й ці не павінен пайсьці за краты. А пакуль што сям'і Пачобутаў павінны вярнуць канфіскаваныя кампютары. Судзьдзя зьняў таксама арышт з бытавой тэхнікі, якая арыштоўвалася ў выглядзе кампэнсацыі на карысьць быццам бы пацярпелага кіраўніка дзяржавы – піша „Gazeta Wyborcza”.

 Штодзёнка дадае, што Міжнародная амністыя прызнала Анджэя Пачобута вязьнем сумленьня. Яго вызваленьня патрабавалі, між іншым, кіраўнік зьвязаўскай дыпляматыі Катрын Эштан, старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк, кіраўнікі дыпляматы Швэцыі, Нямеччыны й Чэхіі. Таксама ўзгадваў пра яго падчас свайго візыту ў Польшчу й прэзыдэнт ЗША Барак Абама.

 Анджэй Пачобут заяўляе, што намерваецца абараняць свае погляды ў камітэце ААН па правах чалавека, таму што ўвесь працэс і само абвінавачаньне лічыць фарсам.


На старонках польскіх газэт паявіліся розныя меркаваньні наконт вынесенага прысуду.

 

Магчымасьць такога сцэнара, што Анджэй Пачобут выйдзе на свабоду, прадугледзелі, напрыклад, праваабаронца Валянцін Стэфановіч ды палітоляг Аляксандар Класкоўскі, якія сказалі штодзёнцы „Rzeczpospolita”, што справа Анджэя Пачобута можа стацца прадметам закуліснага гандлю паміж Менскам і Варшавай. Польскі бок аднак рашуча гэтаму пярэчыць.
У ацэнцы Караля Карскага, намесьніка Камісіі запежных справаў Сэйму, такі прысуд не павінен мець месца, таксама як і Анджэй Пачобут не павінен быць арыштаваны. Але для Лукашэнкі гэта спэцыфічная форма дыялёгу з Польшчай, таму што Менск цынічна будзе прадстаўляць прысуд як праяву добрай волі беларускага боку. Гэта дзеяньне ў савецкім стылі: спачатку як найбольш пагоршыць справу, а потым – лягчэйшай трактоўкай – стварыць уражаньне, што ідзе да лепшага. Гэты прысуд будзе вісець над галавою Пачобута як Дамоклаў меч, таму што ў выпадку чарговай крытыкі галавы беларускай дзяржавы журналіст можа трапіць у вязьніцу.

Таксама беларускі юрыст, намесьнік БАЖ Андрэй Бастунец уважае, што мэтай умоўнага прысуду зьяўляецца абмежаваньне актыўнасьці журналіста. Але ў беларускіх умовах, дзе вельмі часта за краты трапляюць невінаватыя людзі, такі прысуд цешыць. Трэба разумець, што гэта вынік міжнароднага прэсінгу. Калі б Пачобута загналі ў калёнію, Лукашэнка страціў бы шанцы на дыялёг з Польшчай і цэлым Эўразьвязам.


 

„Gazeta Wyborcza” таксама ўзяла камэнтары ў беларускіх і польскіх палітыкаў і праваабаронцаў.

 Алесь Бяляцкі, старшыня беларускай праваабарончай арганізацыі „Вясна” прыгадаў, што ў палітычных прысудах пасьля 19 сьнежня больш за 40 чалавек былі пазбаўленыя свабоды. Найбольш жорсткія прысуды атрымалі супернікі Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах: Мікола Статкевіч – 6 гадоў калёніі, Дзьмітры Вус – 5,5 году, Андрэй Саньнікаў – 5 гадоў. Каля тысячы чалавек пакаралі штрафамі альбо суткамі арышту. У выніку ператрусаў у соцень людзей канфіскавалі кампютары.  Улада рыхтуецца да ліквідацыі дзьвюх незалежных газэт: „Нашай Нівы” й „Народнай Волі”.

 Цяпер надалей ідзе хваля жорсткіх рэпрэсіяў. Міліцыя груба распраўляецца з сотнямі мірных удзельнікаў маўклівых акцый пратэсту. А што будзе, калі на вуліцы выйдуць рабочыя, якім усё цяжэй жывецца? Тады можа праліцца кроў.

 Падтрымка Лукашэнку рэзка падае. Сёньня нават пэнсіянеркі дрэнна гавораць пра „бацьку”. І ніхто не выступае ў яго абарону. Такога ў Беларусі не было з пачатку 90-х гадоў.

 Таксама палітоляг і публіцыст Аляксандар Фядута ўважае, што ў Беларсуі крызыс паглыбляецца. Масква адмаўлее Менску ў крэдытах, і ў такой сытуацыі прыходзіцца шукаць дапамогу ў Эўразьвязе. Гэта прычына лагоднай трактоўкі Пачобута, бо нельга было раздражняць аднаго з ключавых чальцоў Эўразьвязу.

 Польскіх палітыкаў прысуд, вынесены Анджэю Пачобуту, не задавальняе. У ацэнцы кіраўніка Эўрапарлямэнту Ежы Бузэка, ён сьведчыць пра боязь беларускіх уладаў, бо чым менш дзён застаецца да канца рэжыму, тым вастрэйшыя прадпрымае ён кары за свабоду слова. А меркаваньнем Яцэка Сарыюша-Вольскага, гэты прысуд зьяўляецца элемэнтам той самай рэпрэсійнай сыстэмы, і гэтага Захад ня ўспрыме за пазытыўны адказ у кантэксьце зьвязаўскіх санкцый.      

нб