• "Эўропа - гэта найлепшае месца на зямлі"
  • 07.07.2011

Дональд Туск прадставіў у Эўрапарлямэнце плян польскага старшынства ў ЭЗ. Выступаючы ў Стразбургу, польскі прэм’ер заклікаў Эўропу быць салідарнай і разам супрацьстаяць любым складанасьцям у кожнай з краінаў-сябраў ЭЗ. Гэта спадабалася ня ўсім. Скептычна адносна “польскага паўгодзьдзя” ў ЭЗ выступілі нават самі польскія эўрадэпутаты.

“Эўропа – гэта найлепшае месца на зямлі, найлепшае вынаходніцтва эўрапейцаў. Ніхто пакуль не прыдумаў нічога лепшага” – так зьвярнуўся ўчора Дональд Туск да эўрадэпутатаў. Прэм’ер заявіў, што нельга дапусьціць росту эўраскептычных настрояў унутры ЭЗ. Польскі лідар перакананы, што Эўропа знойдзе лек ад крызысу, які ахапіў Эўропу.

Д. Туск: Тут, унутры Эўропы, павялічваецца расчараваньне, людзі ў яе ня вераць. Але па-за Эўропай, як  дваццаць гадоў таму, так і цяпер, мільёны людзей мараць, каб жыць у такіх умовах як мы, эўрапейцы. Мы часам ня верым у тое, што гэта найлепшае месца на зямлі, але ўсе па-за Эўропай ведаюць, што так, гэта найлепшае месца на зямлі. І тут няма аніякай ідэалёгіі.

Прэм’ер Туск крытычна выказаўся наконт вяртаньня пашпартнага кантролю ў Шэнгенскай зоне. Замест гэтага ён прапанаваў зрабіць больш шчыльнымі вонкавыя межы зьвязу. Цягам польскага старшынства ў ЭЗ Дональд Туск паабяцаў узмацніць працу агенцтва FRONTEX, якое адказвае за вонкавыя межы ЭЗ. Дональд Туск аднак перакананы, што ў будучыні межы Эўропы будуць пашыраныя, бо да ЭЗ павінны далучацца новыя чальцы. Каб супрацьстаяць эканамічнаму крызысу, на думку польскага прэм’ера, неабходна ліквідаваць бюракратычныя бар’еры й даць яшчэ большую свабоду эўрапейцам. Узгадаў Туск і “Ўсходняе партнэрства”, а таксама дэмакратызацыю Паўночнай Афрыкі.

Выступ Дональда Туска зрабіў фурор сярод эўрадэпутатаў. Польскага прэм’ера падтрымала ня толькі фракцыя хрысьціянскіх дэмакртаў, у склад якой уваходзяць чальцы яго партыі, але й сацыял-дэмакраты, лібэралы ды нават зялёныя.

Гаворыць лідар фракцыі сацыял-дэмакратаў Марцін Шульц.

М. Шульц: У польскім гімне ёьць прыгожы сказ: “Польшча не памерла, пакуль мы жывем”. А я хачу сказаць: “Эўропа не памерла, пакуль мы жывем”.

Скептычна да словаў Туска паставіліся правыя і ўльтраправыя эўрадэпутаты. Некаторыя зь іх, крытыкуючы польскага прэм’ера, перакрочвалі межы добрага густу. Напрыклад, галяндзец Бары Мадленэр заявіў, што выступ Туска быў найгоршым у гісторыі. Ён нечакана заклікаў выслаць усіх палякаў зь Нідэрляндаў назад, у Польшчу.

Б. Мадленэр: 67 мільярдаў эўра дапамогі, 67! Столькі галяндцы вам плоцяць, спадар Туск. Апрача гэтага, больш за 100 тыс. палякаў працуюць у Галяндыі й высылаюць грошы ў вашу краіну. Вы не павінны нас крытыкаваць, Вы павінны нам дзякаваць. Галяндцы з-за вас губляюць працу, а мы плоцім дапамогу вашым грамадзянам. Мы хочам высылаць беспрацоўных палякаў з нашай краіны на радзіму, але Эўропа нам не дазваляе.

Да групы крытыкаў Дональда Туска далучыліся нават некаторыя эўрадэпутаты з Польшчы. Зьбігнеў Зёбра з фракцыі кансэрватараў і рэфарматараў нечакана заявіў, што Польшчы пагражае дыктатура.

З. Зёбра: Менавіта ў часы вашага кіраваньня з грамадзкіх СМІ звальняюць журналістаў, якія крытычна ставяцца да вашага ўраду. Гэта ваш урад патрабуе зачыніць праз суд адну з самых прэстыжных польскіх штодзёнак “Rzeczpospolita” толькі таму, што яна крытыкуе ваш урад. Нядаўна спэцслужбы са зброяй уварваліся ў кватэру маладога інтэрнэт-карыстальніка з-за таго, што ён вёў сайт, на якім крытыкаваў уладу. Посьпех польскага старшынства ў ЭЗ магчымы, але толькі тады, калі ваш урад, спадар Туск, будзе прытрымлівацца каштоўнасьцяў, пра якія Вы тут сёньня так прыгожа казалі. Ад слоў да справы!

Некалькі хвілін паміж польскімі эўрадэпутатамі трывала вострая слоўная перапалка. У самой Польшчы гэта назвалі скандалам і абвінавацілі крытычных да ўраду эўрадэпутатаў у псаваньні іміджу Польшчы на міжнароднай арэне. 

За ўдалы выступ Дональду Туску падзякаваў старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу. Паводле яго, многія эўраскептыкі лічылі, што пашырэньне ЭЗ прывядзе да яго аслбаленьня. Тым часам, кажа Барозу, здарылася наадварот.

Ж. М. Барозу: Яны ўбачылі, што найбольшы сябра зьвязу, Польшча – гэта краіна з сапраўдным энтузіязмам, упэўненасьцю ў сабе й аптымізмам. Такія якасьці я б хацеў пабачыць ва ўсіх сталіцах нашага зьвязу.

Нагадаем, польскае старшынства ў ЭЗ пачалося 1 ліпеня й працягнецца роўна шэсьць месяцаў. Праз паўгады працы ў Эўрапейскай радзе ўзначаліць Данія.

дг