• "Усходні напрамак мабільнасьці”
  • Audio3.17 MB
  • 07.07.2011

Міністры, прэзыдэнты польскіх гарадоў, эўрапейскія чыноўнікі ды амаль 200 гасьцей з былых савецкіх рэспублік дыскутуюць на тэму мабільнасьці вучняў, студэнтаў і навукоўцаў. У Варшаве адбываецца канфэрэнцыя "Ўсходні напрамак мабільнасьці”, мэта якой - паляпшэньне мабільнасьці ў галіне адукацыі, навукі й культуры паміж Эўразьвязам і краінамі Ўсходняга партнэрства.

Даволі мала студэнтаў з краінаў ЭЗ выяжджае на вучобу ў ВНУ краін Усходняга партнэрства. У вось у навучальных установах краін Заходняй Эўропы даволі шмат студэнтаў з былых савецкіх рэспублік.

Удзельнікі канфэрэнцыі пераканыя ў тым, што мабільнасьць у галіне вышэйшай адукацыі вельмі патрэбная ўсім ВНУ. Рэалізуючы супольныя навуковыя й дасьледчыцкія праекты, навучальныя ўстановы ствараюць  прынцыпы супрацыі, якімі пазьней могуць  карыстацца іншыя структуры з розных краінаў.

Генэральны дырэктар па пытаньнях адукацыі й культуры Эўракамісіі Ян Трушчыньскі кажа, што паняцьце мабільнасьці найпрасьцей патлумачыць на прыкладзе студэнтаў.

Ян Трушчыньскі: Людзі, асабліва моладзь, падчас навучаньня павінна мець магчымасьць праводзіць час за мяжой. Іншая мова, іншае асяродзьдзе ды іншая культура спрычыняюцца да пашырэньня кампэтэнцыяў, ведаў, навыкаў. І пасьля прасьцей знайсьці добрую працу. Адным словам, ва ўсіх магчымых галінах адукацыі мабільнасьць і рух празь мяжу маюць сэнс.

На думку Трушчыньскага, найлепшым прыкладам мабільнасьці зьяўляецца праграма студэнкага абмену Erasmus Mundus, у якой прымаюць удзел студэнту зь Беларусі, Украіны ды Грузіі. Аднак са словаў прадстаўніка Эўракамісіі вынікае, што падобнага тыпу праекты вельмі дарагія.

Ян Трушчыньскі: У рамках праграмы Erasmus Mundus амаль 2 тысячы чалавек з 2004 году знайшло магчымасьць навучаньня ў краінах ЭЗ. І гэта толькі кропля ў моры! Аднак мы стараемся, каб у чарговым бюджэце ЭЗ знайшліся большыя сродкі  на падтрымку такога абмену.

Удзельнікі праграмы Erasmus Mundus кажуць, што яна не зьяўляецца цудоўным спосабам на вырашэньне ўсіх студэнцкіх праблемаў. Аднак, як вынікае з дасьледаваньняў, сярод удзельнікаў праграмы зьмяншаецца колькасьць безпрацоўных маладых спэцыялістаў.

Варшава зьяўляецца адным з буйнейшых польскіх студэнцкіх цэнтраў, дзе ў дзяржаўных і прыватных ВНУ навучаецца шмат замежных студэнтаў у рамках разнастайных стыпэндыйных праграмаў.

Прэзыдэнт польскай сталіцы Ганна Гранкевіч-Вальц падкрэсьлівае, што Варшава прапагуе і падтрымлівае мабільнасьць студэнтаў з Усходняй Эўропы, у прыватнасьці, зь Беларусі.

Ганна Гранкевіч-Вальц: Усе дыктатуры й таталітарныя сыстэмы у першую чаргу абмяжоўваюць альбо цалкам ліквідуць мабільнасьць, каб людзі не сустракаліся, не абменьваліся думкамі й поглядамі. Мы па меры нашых магчымасьцяў падтрымліваем і запрашаем моладзь навучацца ў Польшчы. Напрыклад, Варшаўскі ўнівэрсытэт рэалізуе стыпэндыйную праграму для 60 беларусаў.

Канфэрэнцыя зьяўляецца адным зь мерапрыемстваў у праграме польскага старшынстваў ЭЗ. Яна зладжана ў рамках рэалізацыі праекту Ўсходняга партнэрства.
 
КР