• Агляд польскага друку
  • Audio5.17 MB
  • 07.07.2011

Крымінальная адказнасьць у выглядзе пазбаўленьня свабоды да трох гадоў за публічную зьнявагу прэзыдэнта Польшчы не пярэчыць Канстытуцыі, пастанавіў Канстытуцыйны суд. Камэнтатарка выданьня „Gazeta Wyborcza” Дамініка Велявейска піша: „Я паважаю гэтае рашэньне, але калі турэмнае зьняволеньне за такі ўчынак адпавядае Канстытуцыі, то я лічу, што Сэйм павінен адмяніць гэты артыкул, бо гэта дыскрэдытуе дзяржаву”.

 „GW” зазначае, што суд ў Страсбургу колькі разоў выдаваў вэрдыкт аб дапушчальнасьці рэзкіх слоў у адрас улад.

Навошта выдаваць дзяржаўныя грошы на такія сьледзтвы?- пытае Велявейска. Здаровы розум падказвае, што з гэтым неабходна скончыць, і перастаць перасьледаваць таго ці іншага грамадзяніна за тое, што ён назваў Леха Качыньскага дурням ці Дональда Туска ідыётам. Няхай правасудзьдзе зоймецца сапраўды сур’ёзнымі праблемамі. А калі які-небудзь высокапастаўлены чыноўнік палічыць, што яго абразілі, няхай сам падае ў суд, - лічыць камэнататарка „GW”.

Адзначым, што за зьнявагу прэзыдэта РП пагражаюць 3 гады пазбаўленьня волі, а за паклёп на чыноўніка – адзін год.

            Гэтая ж „GW”  друкуе інтэрвію зь беларускай журналісткай „Новой газеты” й жонкай Андрэя Саньнікава Ірынай Халіп, якая ў траўні гэтага году была прысуджана да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады за парушэньне правапарадку падчас прэзыдэнцкіх выбараў. А дакладней - за ўваход на праежджую частку вуліцы. Вось некаторыя фрагмэнты інтэрвію.

-Якім чынам абмяжоўваецца ваша свабода?

„Раз на два тыдні мне трэба зьяўляцца ў міліцыю. Мне нельга выяжджаць зь Беларусі. Паводле рашэньня суда, мне неабходна вяртацца дадому да 22 гадзіны.

-Пачобут хоча пісаць у „GW”. Вы таксама пішаце сьмелыя тэксты для „Новой газеты”. Вас таксама могуць абвінаваціць у тым, што вы зьняважылі Лукашэнку.

„Пісаць не перастану й ня буду баяцца. У гэтым мяне падтрымлівае мая рэдакцыя. Людзі з „Новой”, у якой трагічная гісторыя й якая страціла многіх супрацоўнікаў, між іншым, Анну Паліткоўскую, адважныя й салідарныя. І я ня веру, што мой муж застанецца 5 гадоў у турме, і ня веру, што мне цягам двух гадоў трэба будзе баяцца й што я пайду за краты пад нейкім прэтэкстам. Зьмены ў Беларусі прыдуць значна раней, чым здаецца”, - сказала Ірына Халіп у размове з журналістам „GW”.

 

      „Узнаўляецца памежны кантроль. Шэнгенскае пагадненьне пад пагрозай”,- піша „Dziennik. Gazeta Prawna”. Чарговая дзяржава абмяжоўвае магчымасьць перамяшчэньня па зоне Шэнген, бо да Даніі далучаецца Нарвэгія.
Эўракамісія спрабуе ратаваць Шэнгенскі дагавор. У верасьні Брусэль прадставіць прапановы, якія даюць магчымасьць узнавіць памежны кантроль унутры супольнасьці. Рашэньне будуць прымаць міністры ўнутраных справаў чальцоўскіх краін большасьцю галасоў, а ня ўрад краіны.

На гэтым тыдні Данія дэ-факта ўзнавіла кантроль на мяжы зь Нямеччынай і Швэцыяй пад выглядам узмацненьня „выбарачнага мытнага кантролю”. Паводле дзейсных законаў ЭЗ, памежны кантроль дазваляецца ўзнавіць толькі на 30 дзён „у выпадку сур’ёзнай пагрозы для бясьпекі дзяржавы”. Афіцыйна дацкі ўрад узмацненьне мытнага кантролю тлумачыць пагрозай павелічэньня плыні наркотыкаў, брудных грошай, алькаголю й цыгарэтаў з новых чальцоўскіх краін ЭЗ.

Брусэль занепакоены тым, што ўсьлед за Даніяй памежны кантроль самавольна ўзновяць іншыя дзяржавы, і таму імкнецца зьмяніць правілы такім чынам, каб узмацненьне кантролю дазвалялася толькі ў двух выпадках: калі вонкавыя межы ЭЗ не кантралююцца адпаведным чынам іншай дзяржавай і калі вонкавыя межы ЭЗ у вялікай колькасьці сталі перасякаць нелегалы. 

„Крэдытаатрымальнікі заплацяць за Грэцыю” -  піша „Dziennik. Gazeta Prawna”. У польскіх банкаў будзе менш грошай на выдзяленьне крэдытаў, а кошты за карыстаньне банкаўскімі рахункамі ды крэдытнымі карткамі падымуцца, такім чынам Польшча адчуе наступствы крызысу ў Грэцыі.

Гэтым разам фінансавы рынак не паддасцца паніцы, як гэта было ў 2008 годзе, мяркуюць экспэрты. Аднак калі эўрапейскія банкі перакрыюць крэдыты, напэўна гэта паўплывае й на польскія фінансавыя ўстановы. І таму могуць падаражаць банкаўскія паслугі, у прыватнасьці, таму, што замежныя ўладальнікі польскіх банкаў будуць ціснуць на іх і патрабаваць павелічэньня прыбыткаў.

Несумненна, сытуацыя ў Грэцыі ўплывае таксама на рост курсу швэйцарскага франка, у якім многія палякі ўзялі іпатэчныя крэдыты. Раты крэдытаў значна падымуцца, і ў многіх палякаў могуць зьявіцца сур’ёзныя праблемы зь іх вяртаньнем, - прагназуе „DGP”.

Варта зазначыць, што крэдыты ў швэйцарскіх франках вельмі папулярныя сярод палякаў з-за таго, што таньнейшыя ў параўнаньні з пазыкамі ў злотых.

Я. С.