• Агляд друку
  • 08.07.2011

“Сотні беларусаў у турмах” – гэтак называецца артыкул на старонках штодзёнкі “Gazeta Wyborcza”. Найменш 1730 чалавек затрымана на бягучым тыдні ў Беларусі падчас гэтак званых маўклівых акцый пратэсту. У апошнюю сераду, паводле беларускіх праваабаронцаў, людзі ў цывільным затрымалі каля 400 чалавек. Акцыі прайшлі ў Менску, Горадні, Магілёве ды Маладзечне.
Газэта нагадвае, што з пачатку чэрвеня праціўнікі рэжыму Лукашэнкі дамаўляюцца праз інтэрнэт і ў кожную сераду зьбіраюцца на цэнтральных плошчах гарадоў. Удзельнікі акцый проста стаяць на плошчы альбо шпацыруюць, а свой супраціў і незадавальненьне выказваюць, пляскаючы ў далоні. І гэтага хапае, каб трапіць у турму, бо акцыі рэжым называе “несанкцыянаванымі мерапрыемствамі”.
На самым пачатку маўклівых акцый большасьць затрыманых вызвалялі празь некалькі гадзін, цяпер жа суды ўсё часьцей прыгаворваюць да адміністрацыйнага абмежаваньня свабоды альбо штрафаў, паведамляе “Gazeta Wyborcza”.

Гэтая ж самая штодзёнка піша, што ў Варшаве прайшла канфэрэнцыя пад назвай “Усходні напрамак мабільнасьці”, у якой прынялі ўдзел выкладчыкі, студэнты ды міністры адукацыі з краін Эўразьвязу ды дзяржаў-удзельніц Усходняга партнэрства. Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што неабходна павялічваць абмен групамі студэнтаў, каб больш студэнтаў з Эўрасупольнасьці вучылася ў краінах Усходняга партнэрства, і наадварот – каб павялічылася колькасьць маладых людзей з усходніх суседзяў ЭЗ, якія навучаюцца ў эўрапейскіх ВНУ. Нагадаем, краінамі-ўдзельніцамі Ўсходняга партнэрства зьяўляюцца Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова ды Ўкраіна.
Удзельнікі канфэрэнцыі нагадалі, што студэнты з краін Усходняга партнэрства могуць вучыцца толькі паводле некаторых эўрапейскіх адукацыйных праграма абмену. Толькі 2% студэнтаў, якія прыехалі вучыцца ў краіны Эўразьвязу паводле агульнаэўрапейскіх праграм, гэта маладыя людзі з краін партнэрства. Паводле міністра навукі ды вышэйшай адукацыі Польшчы Барбары Кудрыцкай, такі стан рэчы неабходна зьмяніць і даць магчымасьць маладым людзям з Усходняй Эўропы навучацца ў ВНУ Эўразьвязу. Прычым на гэта ёсьць шанец, бо ў наступным бюджэце на адукацыйныя мэты й праграмы па мабільнасьці моладзі будзе прызначана 15 млрд. эўра – гэта ажно на 70% больш, чым прадугледжана ў актуальным бюджэце. Аднак гэта толькі адна зь перашкодаў. Іншымі зьяўляюцца візавыя праблемы й тое, што многія студэнты з краін Усходняга партнэрства ня ведаюць замежных моваў.
Цяпер штогод на вучобу, падрыхтоўку ды курсы прыяжджае каля 700 студэнтаў з краін Усходняй Эўропы, а з Турцыі, для параўнаньня, ажно 8 тыс. Дарэчы, неафіцыйна падчас канфэрэнцыі гаварылася, што прыезд студэнтаў з краін Усходняга партнэрства ў эўрапейскія ВНУ можа ім папамагчы ў барацьбе з вынікамі дэмаграфічнага крызысу, чытаем на старонках штодзёнкі “Gazeta Wyborcza”.

Аляксандар Лукашэнка адхіліў прапанову міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства запрапанаваў Лукашэнку выпусьціць палітычных вязьняў узамен за дапамогу ў рэфармаваньні беларускай эканомікі. Лукашэнка сказаў, што калі Эўразьвяз хоча вязьняў забраць, дык ён ім нават купіць білет на Захад, паведамляе газэта “Rzeczpospolita”.       

вс