• Варшава старшынюе, Брусэль кантралюе
  • Audio3.75 MB
  • 08.07.2011

Польшча можа разьлічваць на падтрымку Эўракамісіі падчас свайго старшынства ў ЭЗ - запэўніў ў Варшаве старшыня ЭК Жазэ Мануэль Барозу. У польскай сталіцы адбылося супольнае паседжаньне польскага ўраду й Эўракамісіі.

Эўракамісія падтрымлівае польскае бачаньне будучыні Эўропы. Адзіным спрэчным пытаньнем застаецца палітыка, датычная клімату.

Пасьля сустрэчы з 26 эўрапейскімі камісарамі кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск заявіў, што Польшча будзе імкнуцца да ўзмацненьня супрацы паміж агульнаэўрапейскімі ўстановамі. Туск падкрэсьліў, што фундамэнтам польскага старшынства зьяўляецца спроба выхаду эўрапейскіх краінаў з эканамічнага крызысу, а таксама пытаньне Ўсходняга партнэрства.

Дональд Туск: Мы разумеем, што, магчыма, нашыя пляны будуць вымушаныя адысьці ў другі шэрaг, саступаючы месца пытаньням, якія вынікаюць ня з плянаў, а з жыцьцёвых сытуацыяў. Вельмі важным падсумаваньнем нашай сустрэчы была элястычная дэклярацыя аб супрацы, прычым без усялякіх фармальнасьцяў і пратаколаў. Сёньня камісары й міністры прадэманстравалі пазытыўнае імкненьне да супрацы. 

Старшыня ЭК Жазэ Мануэль Барозу дадаў, што калі Эўропа ня зможа супольна прымаць важных рашэньняў, пазыцыя ЭЗ на міжнароднай арэне значна аслабне. Барозу зазначыў, што Эўропа жыве ў вельмі цяжкія часы, а на сьвеце адбываюцца важныя перамены.

Жазэ Мануэль Барозу: Эўропа надалей павінна сядзець за супольным сталом, дзе прымаюцца найважнейшыя рашэньні сусьветнага значэньня. Іх вырашэньні нельга пакідаць нашым партнэрам ці нашым апанэнтам. Бяз вырашэньня нашых уласных праблемаў мы ня зможам абараніць нашыя каштоўнасьці ў глябальнай эры.

Аднак ня ўсё так проста й прыгожа ў супрацы паміж Польшчай і ЭК. У прыватнасьці, Польшча намерваецца ўнесьці скаргу на ЭК у Эўрапейскі суд справядлівасьці, якая будзе датычыць падзелу бясплатных квотаў на выкід вуглевадароду ў паветра. Пра гэта польскі прэм’ер паведаміў пасьля сустрэчы з эўрапейскімі камісарамі. Польшча вырашыла падаць скаргу ў абарону сваёй эканомікі, якая ў вялікай ступені базуецца на вугальнай энэргетыцы.  Справа ў тым, што за перавышэньне лімітаў па выдзяленьні ў паветра CO2 трэба будзе нямала даплочваць. У сувязі з гэтым хімічныя, мэталаперапрацоўчыя ці азотныя прадпрыемствы будуць несьці вялізарныя страты.

Туск падкрэсьліў, што нягледзячы на блізкія кантакты ягонага ўраду з Эўракамісіяй, зь некаторымі эўрапейскімі пастановамі Варшава ніколі не пагодзіцца.

Дональд Туск: Тое, што ЭК зьяўляецца для Польшчы важным партнэрам, не мяняе факту, што ёсьць працэдуры, ёсьць здарэньні, якія не задавальняюць краіны ЭЗ. Калі закранаць справу CO2, складваецца ўражаньне, што ніхто ня ўзяў пад увагу спэцыфіку польскіх магчымасьцяў і польскіх умоваў. Таму сёньня мы пачынаем судовую працэдуру, але гэта нармальная справа.

Гэтую заяву сташыня ЭК скамэнтаваў такім чынам: „ Станоўчай рысай ЭЗ зьяўляецца тое, што сваю дзейнасьць ён базуе на законносьці, а не на сіле”.

Брусэль імкнецца, каб ад 2012 году ўзровень бясплатных квотаў на выкід вуглевадароду вызначалі новыя тэхналёгіі, даступныя ў ЭЗ.  Аднак ня ўсе краіны эўрасупольнасьці ўкаранілі гэтыя тэхналёгіі.

Тыдзень таму Польшча пачала кіраваць працамі у ЭЗ. Цягам  бліжэйшага паўгоду сустрэчы паміж прадстаўнікамі польскага ўраду й эўрапейскімі чыноўнікамі будуць адбывацца рэгулярна.

КР