• Лукашэнка, увядзі малы памежны рух !
  • Audio3.45 MB
  • 08.07.2011

Больш за 1200 чалавек з Падляшша падпісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам хутка ўвесьці малы памежны рух паміж Польшчай і Беларусьсю.

Больш за месяц ў Падляшскім ваяводзтве адбывалася грамадзкая акцыя з мэтаю мабілізаваць беларускі бок да выкананьня ўсіх неабходных працэдур для ўвядзеньня пагадненьня ў жыцьцё.

Да акцыі далучыліся няўрадавыя арганізацыі й прыватныя асобы, падтрымалі яе таксама ворганы мясцовага самакіраваньня з Падляшша. Зварот падпісалі ўлады Аўгустоўкага й Сэйненскага паветаў, а таксамі гмінаў Сямяцічы, Гайнаўка, Саколка ды Нараўка. Распавядае войт Нараўкі Мікалай Павільч.

Мікалай Павільч: Рада гміны на апошняй сэсіі адзінагалосна падтрымала ініцыятыву. Мы не кіруемся ніякімі палітычнымі поглядамі: проста неабходна разьвіваць кантакты паміж людзьмі, кантакты ў эканамічным жыцьці. А малы памежны рух - гэта адна з магчымасьцяў.

Старшыня камісіі Сэйму Польшчы па пытанях Беларусі Робэрт Тышкевіч - ініцыятар акцыі - зазначыў, што малы памежны рух зьяўляецца вельмі важнай ініцыятывай для Падляшскага ваяводзтва й беларускіх суседаў. А датычыць ён каля 2 мільёнаў людзей, што пражываюць на „памежжы Эўропы й Беларусі”.

Робэрт Тышкевіч: Я вельмі ганаруся тым, што 25 ворганаў мясцовага самакіраваньня ў розных формах падтрымалі заклік да беларускіх уладаў. Яны разумеюць, наколькі важным для эканамічнага разьвіцьця нашага рэгіёну зьяўляецца свабоднае перамяшчэньне праз польска-беларускую мяжу.

Вынікі акцыі былі падведзены на беластоцкім Рынку Касьцюшкі. Удзельнікі акцыі выпусьцілі ў паветра блакітныя шары з напісам „Патрабуем малога памежнага руху”.

Жанчына: Я хачу, каб гэтыя шарыкі даляцелі да Беларусі й каб Аляксандар Лукашэнка іх убачыў. Я трапіла сюды выпадкова, але лічу, што гэта вельмі добрая ініцыятыва й яе падтрымліваю. У мяне сваякі жывуць каля мяжы за Баброўнікамі й лічу, што гэтая дамова проста неабходная. Тут жыве шмат беларусаў, там жыве шмат палякаў. Завяршэньне працэдураў па ўвядзеньню пагадненьня павінна адбыцца як мага хучэй.

На жаль, подпісы жыхароў Падляшша пад зваротам да Александра Лукашэнкі ў беларускае консульства ў Беластоку пакуль ня трапілі. Арганізатары акцыі дамовіліся з прадстаўнікамі ўстановы, што ў вызначаны час прынясуць дакумэнты. Аднак, прыйшоўшы пад консультва, пабачылі, што яно зачынена. Цяпер яны намерваюцца выслаць дакумэнты па пошце.

Пагадненьне аб малым памежным руху прадугледжвае магчымасьць бязьвізавага перасячэньня мяжы для жыхароў 30- кілямэтровай памежнай зоны па абодвух баках граніцы. У гэтай зоне пражывае 1,7 мільёна грамадзянаў Польшчы й Беларусі.

Па польскаму боку дамовай аб малым памежным руху ахоплены мясцовасьці Люблінскага й Падляшкага ваяводзтваў, у якіх пражываюць 590 тысяч людзей. У прыватнасьці, гэта жыхары гарадоў Бяла Падляска, Аўгустаў, Бельск Падляшскі, Гайнаўка, Саколка й Сямяцічы. Па беларускаму боку ў зону малога памежнага руху ўвойдуць Горадня й Берасьце з прылягаючымі мясцовасьцямі, у якіх пражывае каля 1 мільёна 100 тысяч чалавек.


КР