• Наколькі незалежныя недзяржаўныя беларускія СМІ?
  • 09.07.2011

Прагнозы разьвіцьця падзей у Беларусі, роля Эўропы ў палітычных пераменах, сакрэты дзейнасьці недзяржаўных СМІ – пра ўсё гэта маглі даведацца ўдзельнікі летняй школы “Беларусь. Эўропа. Дэмакратыя”, якая прайшла ў Варшаве.

Заключным акордам летняй школы, якую арганізаваў для маладых беларусаў Рух “За Савбоду” сталі дзьве дыскусіі. Падчас першай абмяркоўвалася разьвіцьцё падзей у Беларусі ў бліжэйшы час. Другая ж датычылася сучаснасьці й будучыні незалежных беларускіх СМІ.

У Беларусі шырацца пратэсты, але апазыцыйныя палітыкі не вырашаюцца стаць на іх чале. Чаму? Бо Лукашэнка паступова губляе аўтарытэт і давер грамадзянаў, а апазыцыя аўтарытэту пакуль не заваявала – тлумачыць кіраўнік Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч. Таму палітыкі пакуль ня здольныя ўзначаліць спантанны грамадзкі рух – лічыць ён.

А. Мілінкевіч: Тое, што нараджаецца праз сацыяльныя сеткі – гэта натуральны працэс. Ня ўсім трэба камандаваць! Гэта Лукашэнка любіць кантраляваць усё. А мы павінныя супрацоўнічаць. Палітычныя лідары, натуральна, павінныя ўдзельнічаць у гэтых акцыях, але не спрабаваць падначаліць іх сабе. Гэта толькі пашкодзіць.

Апазыцыйным палітыкам трэба выходзіць да людзей, кантактаваць зь імі, каб грамадзяне ўбачылі ў іх лідараў. “Больш трэба працаваць усім палітыкам, у тым ліку й мне” , - зазначыў Аляксандар Мілінкевіч.

Што можа зрабіць Эўразьвяз дзеля палітычных пераменаў у Беларусі? На жаль, ня так ужо й шмат – перакананы палітоляг Андрэй Фёдараў.

А. Фёдараў: Я б раіў не дамаўляцца з Масквой аб лёсе Беларусі за сьпіной беларусаў. Эўразьвязу трэба  дапамагаць грамадзянскай супольнасьці, вырашыць ўрэшце рэшт візавае пытаньне, дапамагаць рэпрэсаваным. Таксама трэба падтрымліваць незалежныя мас-мэдыя. Гэта неабходна, каб мяняць мэнталітэт беларускага грамадзтва.

Надзвычай цікавай стала дыскусія з прадстаўнікамі беларускіх радыёстанцыяў і тэлебачаньня, якія вяшчаюць з тэрыторыі Польшчы. На сустрэчу прыйшлі кіраўнікі тэлеканалу “Белсат”, Беларускага Радыё Рацыя, Эўрапейскага радыё для Беларусі і, канешне, Беларускай рэдакцыі Польскага Радыё.

У крызысныя часы беларусы шукаюць навіны са шматлікіх недзяржаўных крыніцаў. “Сёньня незалежнай інфармацыі ня знойдзе толькі лянівы”, – заявіў дырэктар Радыё Рацыя Яўген Вапа. Кожны зь пералічаных СМІ мае свой твар і арыентаваны на розную аўдыторыю.

Радыё Рацыя адметнае тым, што скіраванае на жыхароў польска-беларускага памежжа. Яно становіцца ўсё больш папулярным на Берасьцейшчыне, Гарадзеншчыне й Падляшшы – распавядае Яўген Вапа.

Я. Вапа: Мы маем інфармацыю з памежных рэгіёнаў, якой ня маюць іншыя радыёстанцыі. Дзякуючы нам жыхары Горадні й Берасьця могуць даведацца ня толькі пра падзеі ў іх рэгіёне, але й пра тое, што адбываецца ў беларускай сталіцы. Акрамя таго, дзякуючы нам беларусы зь Беларусі могуць даведацца як выглядаюць справы беларусаў у Польшчы.

Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, наадварот, скіраваная да тых, хто цікавіцца падзеямі ў сьвеце й аналітыкай. Польскае Радыё мае доступ да інфармацыі з ключавых эўрапейскіх сталіцаў – распавядае кіраўнік Беларускай рэдакцыі Польскага Радыё Ніна Баршчэўская.

Н. Баршчэўская: Пры падрыхтоўцы нашых перадачаў мы шмат увагі надаем таму, як кіраўніцтва Польшчы й іншых эўрапейскіх краінаў глядзіць на падзеі ў Беларусі. Мы часта тэлефануем у Францыю, Бэльгію й іншыя эўрапейскія дзяржавы й размаўляем зь іх палітыкамі. Дзякуючы матэрыялам, якія прадстаўляе нам нашае Інфармацыйнае радыёагенцтва, мы можам паказаць пэўныя праблемы больш глыбока й з шырэйшай пэрспэктывы.

Эўрапейскае радыё для Беларусі – гэта станцыя  для маладых, якая сочыць за сусьветнымі тэндэнцыямі ў радыёвяшчаньні й імгненна інфармуе пра падзеі ў Беларусі. Пра гэта распавядае рэдактарка “Эўрарадыё” Сьвятлана Курс.

С. Курс: Мы даходзім да тых людзей, якія зазвычай не цікавяццца палітыкай і жывуць звычайным жыцьцём маладога чалавека. Мы даходзім да маладзёнаў, якія жывуць у Любані, Рэчыцы, Слуцку, Слоніме, хочуць штосьці сказаць і зрабіць, але ня ведаюць, куды зьвярнуцца. Яны зьвяртаюцца да нас. Мы чуем іх галасы й аразу даем у эфір. Калі хочаце даведацца, як жыве рэальная Беларусь, а ня толькі Менск – то запрашаем на “Эўрарадыё”.

Ну а “Белсат” – гэта малады й адзіны неперадузяты беларускі тэлеканал, які, з разумела, адрозьніваецца ад усіх іншых СМІ. Моцныя бакі “Белсату” апісвае кіраўнік адзьдзелу навінаў каналу Аляксей Дзікавіцкі.

А. Дзікавіцкі: Дваццаць першае стагодзьдзе – гэта стагодзьдзе карцінкі. Заўсёды лягчэй уключыць тэлевізар, чым падключацца да інтэрнэту ці шукаць ў эфіры радыёстанцыю. Па-першае, тэлебачаньне больш зручнае, а па-другое, ў адрозьненьні ад радыё ці інтэрнэту, мы маем больш паўтораў. Гістарычныя праграмы ці нават інфармацыйныя праграмы паўтараюцца, ёсьць шанец яшчэ раз паглядзець і больш дакладна зразумець, пра што вядзецца гаворка.

Наколькі незалежным зьяўляецца “Белсат” ці іншыя СМІ, якія вяшчаюць з Польшчы? Не сакрэт, што яны існуюць за кошт эўрапейскіх спонсараў. Выпадкаў умяшальніцтва ў зьмест перадачаў не было й рэдакцыя ніколі на гэта ня згодзіцца – катэгарычна заяўляе Аляксай Дзікавіцкі.

А. Дзікавіцкі: Я прыйшоў на тэлеканал “Белсат”, каб ствараць менавіта незалежную службу інфармацыі. За час маёй працы ніколі не здаралася сытуацыі, калі б хто-небудзь прыйшоў, ці патэлефанаваў, ці хаця б намякнуў, што чагосьці трэба паказваць больш, а чагосьці менш. І дзень, калі хтосьці з кіраўнікоў ці грантадаўцаў прыйшоў бы і загадаў, як нам трэба асьвятляць падзеі, быў бы апошнім днем, калі б я працаваў на гэтым тэлеканале. Такога не было й я практычна ўпэўнены, што ня будзе.

Запалохваньні, рызыка быць арыштаваным, зьбітым ці аштрафаваным – гэта штодзённая рэальнасьць журналістаў у Беларусі. Чаму ж моладзь ідзе на незалежныя радыё й телебачаньне? Што прыцягвае яе? Мажлівасьці хуткага кар’ернага росту й прафэсійнага разьвіцьця, праца сярод аднадумцаў, а галоўнае – мажлівасьць казаць праўду і быць сабой – тлумачыць Сьвятлана Курс.

С. Курс: Галоўнае, што мы даем – гэта магчымасьць быць сабой. Калі ты пойдзеш на БТ, то, можа, ты будзеш зарабляць больш, але ты згубіш сябе як чалавека. У нас ты будзеш мець што паесьці, у што апрануцца й яшчэ трошкі на клюбныя забавы, але ты будзеш сабой. Табе ня прыдзецца хлусіць. Наш шэф і яго намесьнікі – гэта людзі, якім ня трэба хлусіць. Калі ты патрапіш у турму, то яны зробяць усё, каб цябе выцягнуць. Нядаўна двух нашых журналістаў арыштавалі, і сам галоўны рэдактар хадзіў у турму й выцягваў іх, як мог.

Розныя беларускія СМІ, якія вяшчаюць з Польшчы, глядзяць адзін на аднаго не як на канкурэнтаў, а хутчэй як на партнэраў – зазначыла кіраўнік Беларускай службы Польскага Радыё Ніна Баршчэўская. Усім нам неабыякавы лёс Беларусі і ўсе мы верым, што калі небудзь бар’еры паміж аб’яднанай Эўропай і Беларусьсю будуць разбураныя.

Аляксандар Папко

 

 

Круглы стол "Мэдыі з замежжа для Беларусі"

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Старшыня Руху "За Свабоду" Аляксандар Мілінкевіч

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Палітоляг Андрэй Фёдараў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Яўген Вапа, дырэктар Радыё Рацыя

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Ніна Баршчэўская, кіраўнік Беларускай рэдакцыі Польскага Радыё

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сьвятлана Курс, рэдактар Эўрапейскага радыё для Беларусі

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Аляксей Дзікавіцкі, дырэктар адзьдзелу навінаў тэлеканалу "Белсат"