• Усходні аўтамабільны рынак
  • 09.07.2011

 

Пра „Усходні аўтамабільны рынак” піша сёньняшняя „Gazeta Wyborcza”. Аб чым гавораць кіроўцы на ўсход ад Польшчы? У Беларусі - пра загараджальныя стаўкі мытаў. На Ўкраіне - пра адмену тэхагляду аўтамабіляў.

Некалькі дзён на мяжы Беларусі з Польшчай і зь Летувой ужо няма даўжэзных чэргаў, таму што КПП не блякуюць лафеты з патрыманымі аўтамабілямі. У апошнія месяцы беларусы везьлі мноста машын з Захаду, каб пасьпець перад увядзеньнем расейскіх загараджальных мытных ставак, якія ад 1 ліпеня ўвёў Менск, далучаючыся да эканамічнага саюзу з Расеяй і Казахстанам.

Цягам апошняга паўгоду на імпарт машын з Захаду беларусы выдалі 2 мільярды даляраў і заплацілі 300 мільёнаў даляраў мыта. Агулам прывезьлі 250 тыс. аўтамабіляў. І гэта ня дзіўна. Бо калі ў чэрвені за аўтамабіль з рухавіком аб’ёмам 2 літры трэба было заплаціць у беларускую казну 800 эўра, цяпер мыта за дакладна такую ж машыну складае больш за 9,5 тысячы эўра.

У Маскве пабаяліся, што частка беларусаў спрабуе зарабіць, прадаючы расейцам патрыманыя заходнія аўто, і ўвялі дадатковае правіла: беларус, калі прадае ў Расеі машыну, якую ён купіў на Захадзе да 1 ліпеня, абавязаны даплаціць мыта паводле сёньняшніх ставак.
Аднак калі беларусам ня ўдасцца прадаць аўтамабіль у Расеі, ён можа яго прадаць украінцу, - раіць „GW”. На гэтым тыдні ўкраінскі парлямэнт адмяніў абавязковыя тэхагляды аўтамабіляў у выпадку, калі іх не выкарыстоўваюць для камэрцыйнай перавозкі грузаў ці пасажыраў.

Страсбург адхіліў скаргу камуністкі, - паведамляе „Rzeczpospolita”. Людміла Бражава-Паляднава, якой сёньня 89 гадоў, скардзілася на чэскае правасудзьдзе. Яна лічыць, што працэс, які супраць яе ўзбудзілі ў 2008 годзе, несправядлівы. За ўдзел у перасьледаваньні апазыцыі ў камуністычныя часы ў Чэхаславаччыне, у тым ліку ў працэсе, падчас якога быў вынесены сьмяротны прыгавор, Бражаву прысудзілі да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Пры камуністах фігурантка справы была пракурорам.

Аднак суд у Страсбурзе вырашыў адхіліць скаргу, патлумачыўшы, што няма такіх законаў, якія б абаранялі тых, хто ўдзельнічаў у „зьнішчэньні палітычных праціўнікаў, выносячы сьмяротныя прысуды”. Судзьдзя не прыняў таксама аргумэнту, што ў 1950 годзе пракурор быў толькі выканаўцам загадаў начальства.

Людміла Бражава-Паляднава зьяўляецца адзіным жывым сьведкам, які ўдзельнічаў у шырокавядомым працэсе Міляды Гараковай. Папулярную ў той час дэпутатку абвінавацілі ў шпіёнстве й прысудзілі да сьмерці праз павешаньне. Пракурору было тады 29 гадоў, падсуднай – 49.

Пасьля падзеньня камунізму Гаракова сталася для чэхаў сымбалем змаганьня за свабоду. 
 
Тысячы польскіх кіроўцаў атрымліваюць штрафы за парушэньне правіл дарожнага руху на тэрыторыі іншых краін ЭЗ, - піша „Rzeczpospolita”. Пацьвярджае гэта польскае Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі. У міністэрстве створана адмысловая група, якая дамагае калегам іншых краін ЭЗ вызначыць ўладальніка аўтамабіля, сфатаграфавага фотарадарам. Найбольш запытаў прыходзіць з Аўстрыі. За цэлы мінулы год – 2200. Многа таксама зь Нямеччыны, Нідэрляндаў ды Італіі.

У Польшчы  за перавышэньне хуткасьці на больш чым 50 кілямэтраў штраф складае 120 эўра, а ў Нямеччыне – 375 эўра, інфармуе „RZ”

   „GW” папярэджвае чытачоў аб новым спосабе ашукаства ”на ўнучка”. Цяпер ашуканцы ўгаворваюць пажылых людзей дапамагчы схапіць злодзеяў. І прыкідваюцца супрацоўнікамі паліцыі.

- „Алё, Пані Кавальска? Гаворыць падпаручнік Маліноўскі. З паліцыі. Магчыма, неўзабаве вам патэлефануе злодзей, адзін з тых, хто выкарыстоўвае мэтад „на ўнучка”. Вы напэўна пра гэта чыталі ў газэтах. Паліцыя назірае за ім нейкі час. Ён зноў знаходзіцца ў нашым горадзе й спрабуе выцягнуць грошы. Вы дамоўцеся зь ім і дайце яму грошы. Мы за ім сочым і затрымаем адразу ж з доказамі злачынства. Вашы грошы адразу вам аддамо”.

На самой справе падпаручнік Маліноўскі ніякі не паліцыянт, а звычайны ашуканец ды махінатар.
А сам мэтад „на ўнучка” заключаецца ў тым, што бабулі тэлефануе нібыта ўнук і кажа, што зь ім здарылася нейкае няшчасьце й яму патрэбныя грошы. Просіць даць гэтыя грошы калегу.

 „Gazeta Wyborcza”” паведамляе, што за апошнія два гады ашуканцы мэтадам „на ўнучка” абрабавалі пажылых людзей на суму каля 6 мільёнаў злотых (гэта прыкладна 1 млн. 250 тыс эўра).

яс