• Агляд друку
  • 11.07.2011

 

„Gazeta Wyborcza” апісвае расстрэл па-беларуску.

Менскія міліцыянты вырашылі адпомсьціць вядомаму беларускаму апазыцыянэру, вывозячы яго за горад ды інсцэнізуючы расстрэл. Гаворка ідзе пра віцебскага праваабаронцу Валерыя Шчукіна. Спачатку ён адсядзеў на Акрэсьціна 5 сутак толькі за тое, што 3 ліпеня падчас маўклівай акцыі не дазволіў міліцыянтам забраць унука. Затым яго выпусьцілі, вярнулі асабістыя рэчы, а пасьля скруцілі рукі ў наручніках, закінулі ў машыну й павезьлі за горад.

- Мяне суправаджалі два чалавекі з аўтаматамі. Казалі ісьці наперад. Пасьля казалі затрымацца над выкапанай ямай, - распавёў Шчукін замежным журналістам. - Мне, старому жаўнеру, нельга баяцца. Але калі стаіш над магілай і чакаеш аўтаматнай чаргі ў плечы, ня вельмі прыемнае ўражаньне.

Крыху пастаяўшы, людзі з аўтаматамі селі ў машыну й ад’ехалі.

Шчукін намерваецца скласьці скрагу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў з патрабаваньнем жорстакага пакараньня. Выкрадаючы й інсцэнізуючы расстрэл, яны падварглі яго сьмяротнай небясьпецы, паколькі нават чалавек з жалезнымі нэрвамі ў такой сытуацыі можа памерці ад інфаркту.

Беларускія апазыцыянэры перакананыя, што такім чынам міліцыянты помсьцяць Шчукіну, паколькі той некалькі гадзін у судзе даказваў, што ня ён і не ягоны ўнук, а менавіта міліцыянты справакавалі вулічны беспарадак, піша „Gazeta Wyborcza”.

200 тысяч працаўнікоў з-за ўсходняй мяжы можа знайсьці легальную працу ў Польшчы, інфармуе эканамічны ўкладаш выданьня „Rzeczpospolita”.

 Польскія працадаўцы сталі больш давяраць працаўнікам з Украіны, Беларусі й Расеі.

- У Польшчы рэалізуецца шмат інвэстыцыйных праектаў у галіне разбудовы энэргетычнай інфраструктуры ці па падрыхтоўцы да EURO 2012. Таму патэнцыйныя працадаўцы шукаюць высокакваліфікаваных працаўнікоў, - кажа Томаш Шклярскі з Alter Interium – агенцтва працы, якое шукае працаўнікоў для будаўніча-энэргетычнай галіны. Дзякуючы спрошчаным працэдурам працаўладкаваньня іншаземцаў і жаданьню полькіх фірмаў прыняць іх на працу, з году ў год усё больш працаўнікоў з Усходу прыязджае ў Польшчу на працу.

І яшчэ адзін нюанс: зарплаты польскіх спэцыялістаў на гэтых жа самых пасадах на некалькі адсоткаў вышэйшыя.

- Замежныя працаўнікі таньнейшыя, лепш ангажуюцца ў працу, ахвотна працуюць у выходныя й бяруць дадатковыя гадзіны, - пералічае Томаш Шклярскі.

Ягоная фірма ўжо наняла працаўнікоў на будову экэктрастанцыі ў Бэлхатаве ці на будову аўтастрадаў А1 і А2. Ва Ўкраіне сярэднія заробкі ў будаўнічай галіне 100-150 эўра. У Польшчы спэцялісты ў гэтай галіне зарабляюць каля 1000 эўра.


Украіна не далучыцца да Мытнага зьвязу Расеі, Беларусі й Казахстану.

Затое яна хоча наладзіць супрацу ў фармаце „3+1”. Улады ў Кіеве хочуць зацесьніць супрацу з Мытным зьвязам ў галіне энэргетыкі, авіяперавозак і машынабудаваньня. Прапанова Ўкраіны будзе разгледжана на паседжаньні камісіі Мытнага зьвязу 14 і 15 ліпеня, - паведамляе эканамічны ўкладаш выданьня „Rzeczpospolita”.

Функцыянэр польскай мытнай службы пасьля кожнага вобшуку асобы абавязаны выпісаць пратакол. Ён абавязаны гэта зрабіць як у выпадку праверкі багажу, так і кішэняў.

 Згаданую працэдуру апісвае юрыдычны ўкладаш выданьня „Dziennik Gazeta Prawna”.

Мытнік мае права абшукаць асобы ў адпаведнасьці з Кодэксам мытнай службы, альбо ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам. Аднак гэтыя вобшукі адрозьніваюцца ня толькі спосабам правядзеньня, але таксама мэтамі й наступствамі. Мытнік ня ў праве выбіраць, які параграф зь якога кодэксу ўпіша ў пратакол у якасьці юрыдычнай падставы вобшуку.

Закон аб мытнай службе дае функцыянэрам паўнамоцтвы вобшуку асобаў, багажу ці памяшчэньняў. На дадзены момант кодэкс не адрозьнівае вобшуку ад асабістай рэвізіі.

Мытнік мае права правесьці вобшук асобы, калі няма іншай магчымасьці праверыць, ці дадзеная асоба ня ўвозіць недазволеных тавараў, альбо калі некаторыя тавары не былі пазначаныя ў мытнай дэклярацыі. Такі вобшук палягае на праверцы вопраткі й асабістых рэчаў. Такі дагляд неабходна праводзіць у памяшканьні без прысутнасьці іншых асобаў. Дагляд можа праводзіць асоба выключна таго самога полу з пашанаваньнем асабістай годнасьці кантраляванай асобы.

- Нягледзячы на тое, ці мытнік дакладна нас абшукаў, ці толькі зазірнуў у наш багаж, кожны раз асоба, якую правяраюць, мае права жадаць напісаньня адпаведнага пратаколу, - тлумачыць Марыюш Сітнік з Мытнай палаты ў Беластоку.

Закон аб мытнай службе надзяляе функцыянэраў паўнамоцтвамі праводзіць праверкі ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам. Такія дзеяньні могуць праводзіцца ў выпадку, калі існуюць абгрунтаваныя падазрэньні ў: нанясеньні шкоды для здароўя, падатковых злачынствах, крадзяжы інтэлектуальнай маёмасьці, альбо нанясеньні шкоды прыродзе й навакольнаму асяродзьдзю. У такім выпадку, праводзячы вобшук, мытнікі павінны мець пры сабе пастанову суду ці пракурора. У надзвычайных сытуацыях функцыянэры маюць права дзейнічаць без наяўнасьці дакумэнту, але адпаведныя судовыя ворганы павінны выдаць вусны дазвол.

Калі асоба, у дачыненьні да якой праводзіўся вобшук, мае сумневы ў легальнасьці дзеяньняў функцыянэраў мытнай службы, яна мае права ўнесьці скаргу ў раённы суд мясцовасьці, у якой праводзіўся вобшук, інфармуе юрыдычны ўкладыш выданьня „Dziennik Gazeta Prawna”.


KP