• "Нам нельга ўвесь час разьдзіраць раны, мы павінны будаваць будучыню"
  • 11.07.2011

Учора ў мястэчку Едвабнэ на Падляшшы ўзгадвалі ахвяраў так званага габрэйскага пагрому. 70 гадоў таму мясцовыя жыхары сагналі на плошчу некалькі соцен сваіх суседзяў-габрэяў. Частку зь іх забілі на месцы, а астатніх, каля 300 чалавек, жыўцом спалілі ў хляве. Падзеі 1941 году ў Едвабнэ сталі вялікай траўмай для палякаў.

Пра пагром у Едвабнэ ў Польшчы ведалі даўно, але шырокія масы былі перакананыя, што гэта немцы стаялі за сьмерцю 300 мясцовых габрэяў. Нагодай для гучнай дыскусіі пра падзеі 10 ліпеня 1941 году стала кніга “Суседзі” Яна Тамаша Гроса. Гісторык сьцьвярджаў, што ахвярамі палякаў сталі 1 600 габрэяў. На месцы трагедыі ў 2001 годзе была праведзеная эксгумацыя, і Інстытут нацыянальнай памяці пацьвердзіў лічбу – мінімум 340 асобаў. Сьледзтва вёў пракурор Радаслаў Ігнацьеў.

Р. Ігнацьеў: Адназначна ўстаноўлена, што непасрэднымі выканаўцамі злачынства ў Едвабнэ была група мясцовых мужчын. Ёсьць доказы, што да гэтага чыну іх падбухторвалі немцы. Але менавіта ў самім забойстве немцы ня ўдзельнічалі. 

“Пасьля прыходу нямецкіх акупантаў на землі ўсходняй Польшчы такія выпадкі здараліся неаднаразова” – кажа гісторык Кшыштаф Пэрсак зь Інстытут нацыянальнай памяці. Паводле доктара Пэрсака, новыя акупанты спэцыяльна выкарыстоўвалі антысэміцкія й антыкамуністычныя погляды палякаў.

К. Пэрсак: Напрыканцы чэрвеня быў апублікаваны загад Галоўнага ўпраўленьня імпэрскай бясьпекі ІІІ Рэйха. У ім было распараджэньне аддзелам бясьпекі й Eineseitzgruppen не супрацьстаяць і нават дазваляць мясцовым жыхарам праводзіць антыгабрэйскія акцыі. Немцы вельмі хутка зразумелі антысэміцкія настроі палякаў, якія, у сваю чаргу, былі вынікам стэрэатыпу пра жыда-камуністаў і іх віну за савецкую акупацыю й шматлікія рэпрэсіі.

Паводле Пэрсака, з самага ранку мясцовыя мужчыны сагналі на плошчу мястэчка габрэяў. Там над імі зьдзекваліся й прымушалі працаваць. Напрыканцы дня іх загналі ў хлеў на акраіне гораду й жыўцом спалілі.

Цягам дзесяці гадоў пасьля высьвятленьня абставінаў гэтай трагедыі тэма Едвабнэ выклікала ў Польшчы вельмі шмат гарачых спрэчак. Адныя казалі, што гэта змова супраць палякаў і спроба паказаць іх на сьвеце ў нэгатыўным сьвятле, а іншыя сьцьвярджалі, што палякі на роўні зь немцамі ўдзельнічалі ў Галакосьце.

У 2001 годзе тагачасны прэзыдэнт Квасьнеўскі папрасіў у габрэяў прабачэньня. Вялікай частцы палякаў ягоны крок не спадабаўся. Учора прабачэньня ў габрэяў у чарговы раз папрасіў прэзыдэнт Камароўскі. Яго ліст зачытаў першы прэм’ер незалежнай Польшчы Тадэвуш Мазавецкі.

Т. Мазавецкі: У 70-ую гадавіну забойства ў Едвабнэ нельга ня думаць пра адзіноту, страх і цярпеньне яго ахвяраў. Сёньня мы смуткуем па ўсіх загінулых. 70 гадоў таму на гэтым месцы не было Польшчы, але сёньня яна ёсьць. І ад яе імя я аддаю пашану цярпеньням ахвяраў і ў чарговы раз прашу прабачэньня.

Ва ўрачыстасьці ў Едвабнэ прынялі ўдзел галоўны рабін Польшчы Міхаэль Шудрых, прадстаўнікі Рады аховы памяці змаганьня й пакутніцтва, а таксама старшыня Камісіі Эпіскапату па справах дыялёгу зь юдаізмам біскуп Мечыслаў Цісла.

М. Цісла: Нам нельга ўвесь час разьдзіраць раны, мы павінны будаваць будучыню. А фундамэнт будучыні – гэта праўда й салідарнасьць паміж людзьмі. І, вядома, перамена ў нашым сэрцы, каб унутры нас не было штучных межаў.

Так мяркуюць і мясцовыя жыхары.

Жыхарка: Мы павінны жыць разам, гэта нашыя браты, мы павінны іх шанаваць і заўсёды адзначаць гэтую сумную гадавіну. У нас у Беластоку жыве шмат габрэяў, але мы ня дзелім нікога паводле нацыянальнасьці. Я жыву разам з праваслаўнымі й ані разу за ўсё жыцьцё зь імі не пасварылася. Гэта нашыя браты й сёстры. Навошта мне зь імі сварыцца, калі яны такія ж людзі, як і я.

У 2001 годзе на месцы трагедыі быў усталяваны помнік.

дг