• Польскія газэты пішуць пра...
  • Audio5.06 MB
  • 12.07.2011

 

Расея аплаквае ахвяраў “Булгарыі” – піша газэта “Rzeczpospolita”.

У катастрофе рачнога цеплаходу загінула 130 чалавек, у тым ліку 30 дзяцей. Бошльшасьць зь іх перад трагедыяй была сабраная ў гульнявой залі. Калі карабель нечакана нахіліўся на правы бок, аніматар загадаў малышам заставацца на месцы й пабег на палубу, каб убачыць “што адбываецца”. Дзеці засталіся ў аддаленай залі й загінулі.

Сярод прычынаў катастрофы называюць рашэньне капітана выйсьці ў рэйс, нягледзячы на тое, што адзін з рухавікоў не працаваў, а надворе было выключна дрэнным . Ад самага пачатку судна мела крэн на правы борт, бо паліва запампавалі толькі ў адзін бак.

Дырэктар фірмы-ўласьніка “Булгарыі” Валерый Кірчанаў усю віну за гібель цеплахода ўскладае на “чалавечы фактар”, гэта значыць на капітана, якога няма ў жывых.  Аказалася, што фірма Кірчанава ня мае ліцэнзіі, і “Булгарыя” ўвогуле ня мела права выходзіць у рэйс. Карабель быў перагружаны – замест 140 пасажыраў на яго борце знаходзілася 208 чалавек, зь якіх 25 трапілі на судна безь білетаў – піша газэта “Rzeczpospolita”.

 

Над Італіяй навісла пагроза банкруцтва – паведамляе “Dziennik. Gazeta Prawna”. Інвэстары асьцерагаюцца, што Італія ня зможа выплаціць сваёй велізарнай запазычанасьці, якая раўняецца 119% яе ВУП.


Нават салідныя італьянскія банкі могуць мець праблемы, бо назапасілі шмат пратэрмінаваных пазыкаў, і выдалі занадта многа гіпатэчных крэдытаў. Да гэтага часу італьянская запазычанасьць ня выклікала ні ў каго трывогі, бо міністар фінансаў Джуліа Трэманціні ўпэўнена скарачаў дзяржаўныя выдаткі. Палітыку эканоміі, аднак, пачаў востра крытыкаваць італьянскі прэм’ер Сыльвіё Бэлюсконі, бо яна зьмяншае яго папулярнасьць сярод выбаршчыкаў.

Паводле прагнозаў Эўрапейскага цэнтральнага банку, ў гэтым годзе эканамічны рост Італіі складзе ўсяго 1%. Гэта значыць, што Італія ня зможа аднавіць свае дакрызысныя пазыцыі, а нізкія прыбыткі ад падаткаў не дапамогуць збалянсаваць дзяржаўныя выдаткі – канстатуе “Dziennik. Gazeta Prawna”.

Амэрыка ня можа адмовіцца плаціць па пазыках.

Фінансавыя праблемы маюць таксама ЗША. Сукупная запазычанасьць амэрыканскай дзяржавы наблізілася да 14,3 трыльёнаў даляраў – піша “Dziennik. Gazeta Prawna”. Браць пазыкі далей ЗША забараняе закон.

Дэмакраты на чале з Баракам Абамай вядуць цяжкія перамовы з апазыццяй наконт павышэньня падаткаў і абмежаваньня дзяржаўных выдаткаў. Такім чынам кангрэсмэны спадзяюцца на працягу 10 гадоў скараціць амэрыканскі доўг на 4 трыльёны даляраў.

Калі паразуменьне ня будзе дасягнута на працягу бліжэйшых тыдняў, Амэрыка тэхнічна павінна будзе спыніць абслугоўваньне раней узятых пазыкаў. Гэта значыць аб’явіць дэфолт. Такая навіна выкліча паніку на міжнародных рынках і глябальны гаспадарчы крызыс. Таму калі дэмакраты й рэспубліканцы не дамовяцца скараціць дзяржаўныя выдаткі, яны будуць вымушаныя павысіць заканадаўчы ліміт запазычанасьці – перакананы амэрыканскі міністр фінансаў Цімаці Гайтнэр.

 

Канец дыктату рэйтынгавых агенцтваў.

Камісар Эўразьвязу па справах юстыцыі Віўен Рэдзінг аб’явіла, што тры вялікія рэйтынгавыя фірмы (Standard and Poor’s, Moodys і Fitch) не павінныя вырашаць лёсы цэлых дзяржаваў. Пра гэта піша сёньняшняя “Gazeta Wyborcza”.

Тры амэрыканскія рэйтынгавыя агенцтвы займаюцца ацэнкай плацежаздольнасьці суб’ектаў, якія бяруць у доўг грошы. Заявы агенцтваў аб паніжэньні крэдытных рэйтынаў Партугаліі й Грэцыі выклікалі паніку на рынках і прынесьлі Эўразьвязу вялікія эканамічныя страты.

Не павінна быць так, што картэль з трох прадпрыемстваў вырашае лёс эканомік цэлых краінаў – заявіла Віўен Рэдзінг. Эўракамісар запрапанавала два выйсьця: альбо краіны “Вялікай дваццаткі” будуць патрабаваць ад ЗША падзяліць гэты картэль, альбо паўстануць незалежныя эўрапейскія ды азіяцкія рэйтынгавыя агенцтвы – перадае словы  Віўен Рэдзінг “Gazeta Wyborcza”.

Вулічныя указальнікі на польскай мове аб’яўленыя незаконнымі ў Летуве – інфармуе “Gazeta Wyborcza”.

Надпісы на двух мовах (польскай і летувіскай) павінныя быць зьнятыя з будынкаў на працягу месяца. Так пастанавіў вышэйшы адміністрацыйны суд Летувы. Ён патлумачыў, што назвы вуліц павінныя быць згодныя з законам аб дзяржаўнай мове.

Спрэчкі вакол назваў вуліц на польскай мове трываюць ўжо шмат гадоў. Датычацца яны Віленскага й Шальчыненкайскага раёнаў, дзе большасьць жыхароў зьяўляюцца этнічнымі палякамі. Яны абвінавачваюць урад Летувы ў парушэньні Эўрапейскай хартыі самакіраваньня. Згодна зь ёй, у рэгіёнах, дзе пражывае значная нацыянальная меншась, назвы вуліцаў могуць пісацца на яе роднай мове. Хартыя, аднак, супярэчыць летувіскаму закону аб нацыянальнай мове.

На пачатку ліпеня прэм’ер Летувы паабяцаў унесьці ў парлямэнт законапраект, які б дазваляў назвы вуліцаў на дзьвюх мовах. Праект трапіць ў летувіскі Сэйм увосень.

Настаўнікі ў Англіі зноў атрымалі права ўдарыць вучня – піша “Gazeta Wyborcza”. 

 Сіла можа ўжывацца супраць агрэсыўных падлеткаў, у “выключнай сытуацыі, калі не ўдаецца пазьбегнуць рашучых дзеяньняў”.Настаўнікі таксама атрымалі права абшукваць рэчы выхаванцаў у пошуках наркотыкаў альбо зброі. 

Цяпер яны могуць разьнімаць бойкі паміж вучнямі, адбіваць напад на сябе, іншага настаўнікі ці вучня, не асьцерагаючыся, што падлетак ці яго бацькі пададуць на настаўніка ў суд.

Новыя правілы былі ўведзеныя кансэрватыўным урадам Дэвіда Кэмэрана з мэтай врнуць парадак у школы й спыніць хвалю падлеткавай агрэсіі.

ап