• Пульс Польскай Эканомікі
  • Audio6.04 MB
  • 12.07.2011

         Выдаткаваныя 3 мільёны даляраў на прамоцыю польскіх тавараў у сьвеце прыносяць вынікі.

Прамацыйную кампанію праводзіць дзяржанае Польскае агенцтва інфармацыі й замежных інвэстыцый. Прасоўваньне польскіх тавараў і паслуг адбываецца на рознага віду міжнародных эканамічных мерапрыемствах. І так, напрыклад, зь нямецкай ярмаркі „International Boat Show” фірмы па вырабе яхтаў вярнуліся з кантрактамі на суму амаль 2 млн. даляраў. Агулам за 14 месяцаў дзейнасьці агенцтва польскія фірмы атрымалі ў сьвеце кантракты на суму 5 мільёнаў даляраў. І гэта толькі пачатак.

Пры гэтым здараюцца экзатычныя заказы. Уладальнік гатэляў кляса люкс з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў вырашыў увесьці ў мэню вэнджаную рыбу з Польшчы. А вось кітайцы праявілі інтарэс да польскіх агароднінных кансэрваў і марынадаў, а вялікім гітом стаў банкух – папулярны ў Польшчы род пірага. Краіны Паўночнай Афрыкі заказваюць польскую гарчыцу й воцат.

Многія кантракты заключаны па супрацоўніцтве з польскімі фірмамі са сфэры ІТ. Так, фірма «Select» зь невялікага Ясткова вядзе перамовы з каліфарнійскай фірмай SugarCRM - сусьветным лідарам па пастаўках адмысловага праграмнага забесьпячэньня для бізнэсу.

Малыя фірмы ня могуць сабе дазволіць на прафэсійную й буйную прамацыйную кампанію ў сьвеце. І вось у гэтым ім дапамагае дзяржаўнае Польскае агенцтва інфармацыі й замежных інвэстыцый. Укладзеныя 3 мільёны даляраў павінны прынесьці ў дзесяць разоў большы прыбытак, лічаць экспэрты.

 

         Немцы й чэхі маглі б закончыць будаўніцтва магістралі А2 Лодзь-Варшава, якую распачалі кітайцы. Генэральная дырэкцыя дарог і аўтастрадаў паведаміла, што перамовы вядуцца з чарговай фірмай.

Працы на А2 спыніліся з-за таго, што будаўнічую пляцоўку пакінулі работнікі кітайскай фірмы „COVEC”. Генэральная дырэкцыя адразу ж распачала нэрвовыя пошукі магчымых падрадчыкаў у будаўніцтве дарогі.

Жадаючых прыняць удзел у інвэстыцыі было многа, аднак на гэтак званым пляцы бою засталіся толькі дзьве фірмы. Напярэдадні выходных на перамовы былі запрошаны польска-француская фірма „WARBUD –Eurovia” й польска-нямецка-чэскі кансорцыюм фірм „Dolnośląskie Surowce Skalne” „MaxBegl” і „Begl&Krezl”. Кажа Уршуля Нэркэль з Генэральнай дырэкцыі дарог і аўтастрадаў. 

Уршуля Нэркэль: З французамі перамовы працягваюцца ўжо больш за тыдзень, зь іншым кансорцыюмам мы распачалі сустрэчы. Спадзяемся, што з гэтымі выканаўцамі ўдасцца падпісаць кантракты ў другой палове ліпеня, і што работы будуць узноўлены напрыканцы ліпеня.

Нагадаем, польскія ўлады сьпяшаюцца з увядзеньнем шашы ў экплюатацыю да Чэмпіянату Эўропы па футболе EURO 2012. Пытаньне аўтастрады – гэта справа гонару альбо сораму, у залежнасьці ад ходу падзей. І таму прынята рашэньне, што выбар падрадчыка будзе адбывацца ў абыход тэндэра, які мог бы доўжыцца нават некалькі месяцаў.

Адзначым, што часу засталося вельмі мала й няма шанцаў на тое, што магістраль будзе поўнасьцю гатовая - аўтастрада стане толькі праежджай. А гэта азначае, што будуць аддадзены ў карыстаньне дзьве паласы у кожны бок руху. Прыдарожнай інфраструктуры хутчэй заўсё ня будзе, - зазначыў прэс-сакратар ураду Павал Грась.

Такім чынам, перад паездкай па А2 кіроўцам прыйдзецца добра паесьці, заправіцца ды вырашыць фізыялягічныя патрэбы.

 

         Расея ў далейшым не дазваляе імпарт польскай агародніны. У апошні час дазволы атрымалі Чэхія й Грэцыя, а раней - Бэльгія, Нідэрлянды, Гішпанія й Данія.

Паводле заяваў польскага Міністэрства сельскай гаспадаркі, якое вяло перамовы ў Маскве, расейскі бок павінен быў адмяніць эмбарга на польскую сельгаспрадукцыю на гэтым тыдні. Хутчэй за ўсё гэта стане немагчымым, паколькі ня вырашана бюракратычная спрэчка на лініі Варшава-Масква. Спачатку польскі бок перадаў няпоўны сьпіс лябараторыяў, якія выдаюць сэртыфікаты на агародніну. Цяпер жа Расея запатрабавала пісьмовае пасьведчаньне ад польскіх уладаў, што лябараторыі будуць сэртыфікаваць выключна польскую сельгаспрадукцыю.

Чарговы тыдзень эмбарга азначае для польскіх вытворцаў і гандлёвых фірмаў рост стратаў. За апошні месяц яны склалі агулам больш за 10 мільёнаў даляраў.
Напрыклад, Расея імпартуе трэць польскіх памідораў.

У сувязі з такой сытуацыяй эскпэрты бачаць пэўную карысьць, а  менавіта - на польскім рынку агародніна патанела. А ў выніку значнага зьмяншэньня экспарту й эпідэміі кішэчнай палачкі цана на памідоры ўпала ў Польшчы на палову.

Курсы валют паводле НБП

1 эўра              4.03 PLN
1 даляр ЗША    2.90 PLN
1000 БЫР         0.55 PLN

Адзначым, што курс швайцарскага франка вырас да найвышэйшага ўзроўню ў гісторыі – 3.48 ПЛьН. Гэта закранае тысячы палякаў, якія некалькі гадоў таму бралі гіпатэчныя крэдыты ў швайцарскай валюце. Перш за ўсё таму, што гэта больш аплочвалася з-за ніжэйшых працэнтных ставак у параўнаньні з пазыкамі ў злотых. Такім чынам, з-за высокага курсу франка сума крэдыту вырасла нават на 50%. 

Падрыхтавала Я.С.