• "У польскіх турмах катуюць вязьняў"
  • 13.07.2011

Удары токам па палавых ворганах і біцьцё па ступнях – гэта найбольш жорсткія прыклады перакрочваньня польскімі паліцыянтамі сваіх паўнамоцтваў. Вельмі часта затрыманых запалохваюць і прымяняюць да іх фізычную сілу – такая карціна Польшчы прадстаўленая ў рапарце Эўрапейскага камітэту па справах супрацьдзеяньня катаваньням і гуманнаму абыходжаньню (CPT), піша “Dziennik. Gazeta Prawna”.

Паводле Пятра Кладочнага з Хэльсінскай фундацыі правоў чалавека, галоўнай праблемай зьяўляецца адсутнасьць мэханізму, які б дазваляў пакараць паліцыянта за зьдзекі над затрыманымі. Як вынікае з рапарту, за дысцыплінарнае спагнаньне з парушальнікаў часьцеў за ўсё адказвалі ягоныя калегі з пастарунку. “Гэта прыводзіць да таго, што супрацоўнікі паліцыі адчуваюць сябе безпакаранымі” – кажа Кладочны.

Прымяньне сілы гэта не адзіны “грэх” паліцыянтаў, пра які ідзе гаворка ў рапарце. Большасьць затрыманых зьвяртае ўвагу на тое, што паліцыя не інфармуе пра іхнае права на адваката.

Эўрапейскі камітэт зьвяртае таксама ўвагу на тое, што ў Польшчы няма разьвітай сыстэмы юрыдычнай дапамогі. Затрыманы чалавек, у якога няма сродкаў на адваката, ня мае ў Польшчы права на дзяржаўнага абаронцу. На аплачанага дзяржавай адваката затрыманы мае права толькі падчас судовага працэсу. Вялікай праблемай у рапарце называюць перапоўненасьць польскіх турмаў.

Упершыню ў гісторыі катынскай трагедыяй зоймецца міжнародны суд. Стразбурскі суд пагадзіўся разглядзець справу чальцоў сямей ахвяр катынскай трагедыі, якія дамагаюцца рэабілітацыі сваіх блізкіх, піша “Gazeta Wyborcza”.  

Дарэчы, пасьля вайны нават сама Расея накіроўвала заявы адносна катынскага пытаньня ў міжнародныя ўстановы, але віну за расстрэл польскіх афіцэраў Масква ўскладала на нацыстаў.

Першую скаргу стразбурскім судзьзям ад імя гэтак званых катынскіх сем’яў даслала Вітаміла Волк-Язерска. Яна дамагалася рэабілітацыі свайго бацькі. Перад гэтым яна зьвярталася і ў расейскія суды, але адтуль ёй далі адпіску, што яе бацька ня можа быць прызнаны ахвярай сталінскіх рэпрэсій, паколькі яго расстралялі без суду. Сёньня Волк-Язерска задаволеная рашэньнем стразбурскага суду, але шкадуе, што працэс ідзе так павольна. “На жаль, людзі нашага пакаленьня адыходзяць у лепшы сьвет. Напрыклад, учора мы разьвіталіся з адной асобай. Але мы хочам давесьці гутую справу да канца” – кажа жанчына.
Пры гэтым спадарыня Вітаміла падкрэсьлівае, што катынскія сем’і не чакаюць ад расейцаў грашовай кампэнсацыі. “Нас цікавяць сымбалічная маральная кампэнсацыя, грошы нам ня трэба” – кажа яна.

Паводле польскага МЗС, калі рашэньне суду будзе на карысьць катынскіх сем’яў, то на падставе заявы Варшавы Камітэт міністраў Рады Эўропы мог бы зьвярнуцца да Расеі з афіцыйным патрабаваньнем рэабілітацыі польскіх афіцэраў, паведамляе “Gazeta Wyborcza”.
Пры паступленьні ў ВНУ польская моладзь аддае перавагу экзатычным накірункам – піша “Rzeczpospolita”. Рэкорднай папулярнасьцю карыстаецца сёлета япаністыка. У Ягелёнскім унівэрсытэце конкурс на факультэт япаністыкі складае ажно 21 чалавек на месца, у Варшаўскім унівэсрытэце – 18. Цікаўнасьць да Японіі выклікана ня толькі арыгінальнай і багатай культурай гэтай азіяцкай краіны, але й пэрспэктывай працы на вядомыя японскія карпарацыі.

Па 15 чалавек на месца прэтэндуе на факультэт кітайскай мовы й культуры ў Варшаўскім унівэрсытэце. Абітурыенты спадзяюцца пасьля заканчэньня адукацыі ўладкавацца на працу ў адну зь кітайскіх фірмаў у Польшчы.

У Сілезскім унівэрсытэце гітом стала ангельская й кітайская мовы – 16 чалавек на месца. У Познаньскім унівэрсытэце імя Адама Міцкевіча рэкордны конкурс зафіксаваны на нарвэскую філялёгію – 21 чалавек.

Немалы конкурс быў сёлета й на абсалютна новыя факультэты, напрыклад, войсказнаўства, джаз-музыку, нацыянальную бясьпеку.

дг