Лукашэнка абразіўся на Януковіча, чытаем у выданьні „Rzeczpospolita”.

Украінскія СМІ паведамілі, што на лініі Менск-Кіеў адбылася сур’ёзная сварка. Менск выслаў з краіны двух украінскіх дыпляматаў. У адказ на гэта Кіеў выслаў беларускага дыплямата. Паводле інфармацыі ўкраінскага тыднёвіка ”Дзэркало Тыжня”, гэта эфэкт „разборак” паміж Лукашнкам і Януковічам.

Януковіч не захацеў запрашаць Лукашэнку да ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай 25-м угодкам Чарнобыльскай катастрофы. За гэта Лукашэнка абвінаваціў украінскага прэзыдэнта у „вашывасьці”.

МЗС у Кіеве палічыла гэтае выказваньне за скандальнае й безпрэцэдэнтнае. Дыпляматычнае ведамства выказала спадзяваньне, што беларускае кіраўніцтва будзе „больш адказным перад уласнымі грамадзянамі, каб вярнуць канструктыўную палітыку супрацы з Украінай”.

Асабісты адказ Януковіча прывёз у Менск украінскі прэм’ер Мікола Азараў. На гэта Лукашэнка абразіўся яшчэ больш, і менавіта гэта стала асноўнай прычынай высылкі ўкраінскіх дыпляматаў.

- У беларускай замежнай палітыцы настрой Лукашэнкі адыгрывае вядучую ролю. Калі ён зь некім пасварыцца, то й міжнародныя адносіны пагаршаюцца, - пракамэнтаваў здарэньне выданьню „Rzeczpospolita” беларускі палітоляг Валер Карбалевіч.

 

Менск хоча прымусіць МВФ крэдытаваць эканоміку Беларусі. Такую выснову можна зрабіць, прачытаўшы артыкул пад назовам „Лукашэнка змагаецца за грошы”, які друкуе „Dziennik. Gazeta Prawna”.

Беларускія ўлады стараюцца атрымаць ад МВФ крэдыт у памеры некалькіх мільярдаў даляраў. Менск выконвае дружалюбныя жэсты ў бок Захаду й спадзяецца такім чынам атрымаць чарговую фінансавую падтрымку, якая дапаможа перажыць эканамічны крызыс.

Пазаўчора і ўчора Міністэрства інфармацыі адклікала з суду позвы аб закрыці незалежных выданьняў „Наша Ніва” й „Народная Воля”.

«У сваіх дзеяньнях ведамства карысталася прынцыпам свабоды інфармацыі», - абгрунтавала гэты крок Міністэрства інфармацыі.

Адначасова беларускія ўлады ізноў пачалі антырасейскую кампанію ў СМІ. Галоўны ідэоляг дзяржаўнага тэлебачаньня некалькі дзён таму абвінаваціў расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева ў тым, што ён „напляваў у душу беларусам”, паколькі ... не павіншаваў удзельнікаў «Славянскага базару» ў Віцебску.

«Расейская палітыка мае асноўную мэту: прымусіць нас прадаць фірмы й прадпрыемствы іх алігархам. Яны разкралі сваю краіну, а цярпер рвуцца ў Беларусь»,- заявіў нядаўна Аляксандар Лукашэнка.

Пры дапамозе антырасейскай кампаніі й гэтак званай лібэралізацыі (маюцца на ўвазе справы «Нашай нівы» ды «Народнай волі») Менск намякае, што адмова ў крэдыце штурхне яго ў абдымкі Расеі. А вось узамен за грошы ён гатовы зьмякчыць рэпрэсіі. Аднак абодва гэтыя чыньнікі існуюць толькі прапагандысцка. Прыватызацыя маёмасьці стала адной з умоваў выдзяленьня крэдыту з антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС.

Пра лібэралізацыю пакуль няма гаворкі. У калёніях знаходзяцца больш за 30 апазыцыянэраў, асуджаных за удзел у пасьлявыбарчых дэманстрацыях ў студзені 2010 году.

Жорстка разганяюцца акцыі мірнага пратэсту, якія праводзяцца ў кожную сераду. Арганізатары пратэстаў кіруюць акцыямі з-за мяжы, таму КДБ ня ў стане іх кантраляваць, паведмляе „Dziennik. Gazeta Prawna”.

Рух на мяжы праверце ў інтэрнэце, раіць штодзёнка.

Турысты й вандроўнікі, якія зьбіраюцца за ўсходнюю польскую мяжу, могуць праверыць час чаканьня мытнага й памежнага кантролю ў Інтэрнэце на сайце: www.granica.gov.pl. Ад нядаўна грамадзяне, якія едуць у Беларусь праз памежныя пераходы Тэрэсполь- Берасьце й Берасьце-Дамачава, могуць сачыць за рухам дзякуючы камэрам, усталяваным на мяжы.

Польская Мытная служба ўвяла дадатковую паслугу, дзякуючы якой можна падлічыць час кантроля й пераезду. Паслуга заклюцаецца ў тым, што кіроўцы фураў пры выкарыстаньні навігацыйнай сыстэмы праз спадарожнікавую сыстэму спалучаюцца з сэрвэрам свайго прадпрыемства. Пасьля атрыманьня дадзеных з Мытнай сужбы сэрвэр аналізуе й апрацоўвае найбольш адпаведную трасу праезду. Гэтая інфармацыя высылаецца вадзіцелю, які можа выбраць памежны пераход з малой чаргой.

КР