• Польскія газэты пішуць пра...
  • Audio4.82 MB
  • 15.07.2011

Лукашэнка адпускае цэны. Беларускае Міністэрства эканомікі заявіла, што адмовіцца ад замарожаньня цэнаў на тавары першай неабходнасьці, піша „Gazeta Wyborcza”.

Цэнтральнае рэгуляваньне цэнаў на 106 тавараў, у прыватнасьці, сьвежую й марожаную рыбу, малочныя вырабы, кашы, агуркі, памідоры, яблыкі, каву й гарбату, сокі й некаторыя каўбасныя вырабы дзейнічала да 1 ліпеня й праводзілася з мэтаю зьмяншэньня нэгатыўных наступстваў інфляцыі, якая моцна ўдарыла па грамадзянах, перш за ўсё па бяднейшай частцы грамадзтва.

Дарэчы, як зазначае штодзёнка, да эканамічнага абвалу ў краіне давёў сам Лукашэнка, які напярэдані выбараў загадаў павысіць сярэднюю зарплату з 300 да 500 даляраў. Такім чынам ён асабіста раскруціў інфляцыю й пад канец траўня быў вымушаны правесьці дэвальвацыю беларускага рубля на 56%. У выніку з банкаў і абменьнікаў імгненна зьнікла замежная валюта й высока падскочылі цэна на тавары, для вытворчасьці якіх неабходна набываць сыравіну за мяжой.

Урад вырашыў зьверху устанавіць цэны на тавары першай неабходнасьці. Аднак такім чынам ён стварыў беларусам „іншую магчымасьць” абмену абясцэніўшыхся „зайцоў” на валюту. Людзі пачалі масава скупляць танныя прадукты харчаваньня й вывозіць на продаж за мяжу.

Эканаміст Яраслаў Раманчук пазытыўна ставіцца да лібэралізацыі цэнавай палітыкі.

«У першую чаргу яна выратуе прадпрымальнікаў, якія вымушаныя прадавць тавары па нярынкавых цэнах. Таксама можна спадзявацца зьмяншэньня ўзроўню кантрабанды, бо яна перастане аплочвацца. Аднак досьвед паказвае, што вынікі дзеяньняў ураду й так будуць мінімальныя»,- лічыць эканаміст. На яго думку, Лукашэнка як заўсёды будзе змагацца з наступствамі павышэньня цэнаў, павышаючы пэнсіі й сацыяльную дапамогу. Ужо заяўлена пра павышэньне на 35 % зарплатаў у бюджэтнай галіне. Такім чынам урад будзе надалей друкаваць „зайцы” і ў выніку яшцэ больш раскручваць інфляцыю, - сказаў выданьню „Gazeta Wyborcza” эканаміст Яраслаў Раманчук. 

Ці Летува прыме беларускіх палітвязьняў? Над гэтым пытаньнем задумоўваецца  газэта „Rzeczpospolita”. Такая прапанова прагучала ў летувіскім Сойме ў якасьці рэакцыі на словы Лукашэнкі.

Некалькі дзён таму беларускі дыктатар заявіў, што калі ЭЗ хоча забраць да сябе тых, каго лічыць палітвязьнямі, то ён „хоць заўтра падставіць спэцыяльны цягнік, а калі хочуць хутчэй, то нават гатовы пазычыць свой самалёт”.

«Тады я адчуў, што павінен зарэагаваць. Трэба нешта зрабіць, каб беларусы маглі жыць у нармальнай дэмакратычнай дзяржаве. Таму камісія, якую я ўзначальваю, заявіла, што Летува адчынена для палітвязьняў»,- заявіў штодзёнцы старшыня камісіі замежных справаў летувісага Сойму Эмануэліс Зінгерыс. Паводле словаў палітыка, Летува як краіна ЭЗ гатовая прыняць апанэнтаў Лукашэнкі.

 Аднак з выедзам могуць быць праблемы. Па-першае, на думку беларускіх палітыкаў і экспэртаў палітзьняволеныя не скарыстаюцца магчымасьцю прытулку ў ЭЗ, паколькі гэта для іх можа азначаць палітычны нябыт у Беларусі. Па-другое, цяжка ацаніць, ці да прапановы Лукашэнкі варта ставіцца ўсур’ёз.

«Умовай вызваленьня апазыцыянэраў з турмаў зьяўляецца памілаваньне Лукашэнкі. Дзеля гэтага патрэбны пісьмовы зварот самых асуджаных. А яны наўрадці яго папросяць»,- мяркуе палітоляг Раман Якаўлеўскі.
Напэўна гэтага ня зробіць найбольш сур’ёзны апанэнт Лукашэнкі Андрэй Саньнікаў.

«Калі б адбыўся сапраўдны падлік галасоў, то аказалася б, што Саньнікаў зьяўляецца сапраўдным прэзыдэнтам Беларусі, за гэта ён і сядзіць»,- заявіў штодзёнцы Станіслаў Шушкевіч, давераная асоба Саньнікава. На думку Шушкевіча, выезд Саньнікава ды й іншых апазыцыянэраў зь Беларусі быў бы раўназначны здрадзе.

У Летве прапанова Зінгерыса можа мець праціўнікаў. У гэтай справе пакуль што ня выказаліся ані прэм’ер, ані прэзыдэнт, якія апошнім часам узмацняюць адносіны зь Беларусьсю.

Станіслаў Шушкевіч раіць, каб ЭЗ не рэагаваў на правакацыйныя заявы Лукашэнкі й каб цьвёрда й пастаянна патрабаваў выпусьціць усіх палітзьняволеных без ніякіх умоваў, піша „Rzeczpospolita”.

Сьвет урэшце зразумеў польскае пачуцьцё эстэтыкі. Польшча ўвайшла ў склад лідараў сусьветнага дызайну, паведамляе „Dziennik. Gazeta Prawna”.

Паводле апошніх дадзеных рапарту ААН „Creative Economy Report 2010”, палякі займаюць 8 месца ў глябальным рынку дызайнэрскіх паслугаў. Польскія дызайнэры прадалі вырабы на суму амаль 4 мільярдаў даляраў і абагналі калегаў з Галяндыі, Гішпаніі й Швэцыі. Палякаў дацанілі ня толькі за высокую якасьць, але й за цэны твараў, паведамляе „Dziennik. Gazeta Prawna”.

КР