• Распад СССР ня быў катастрофай. Гэта быў шанец. І шмат хто яго змарнаваў (ФОТА)
  • 16.07.2011

 

Чым быў распад Савецкага Саюзу – самай вялікай геапалітычнай катастрофай ці вялікім гістарычным шанцам? І як мы ўсе яго выкарысталі? На гэтыя пытаньні спрабавалі адказаць вядомыя навукоўцы, якія прыехалі на міжнародную канфэрэнцыю, што адкрылася у пятніцу ў Варшаве.

Варшаўская ўсходнеэўрапейская канфэрэнцыя штогод праводзіцца Цэнтрам усходнеэўрапейскіх дасьледваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту. Тэма сустрэчы гэтага году асаблівая. Гэта 20-я гадавіна распаду СССР - распавядае дырэктар Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледваньняў Ян Маліцкі.

Я. Маліцкі: Галоўная мэта нашай штогадовай канфэрэнцыі – сабраць разам навукоўцаў з Усходу й Захаду. Тэма цяперашняй канфэрэнцыі узьнікла сама сабой. Паколькі ў гэтым годзе мінае 20 гадоў ад распаду Савецкага Саюзу, то натуральна было б задумацца, што за гэты час мы здабылі, а што страцілі, што ўдалося дасягнуць, а чаго зрабіць не ўдалося.

Канфэрэнцыю адчыніў былы прэзыдэнт Летувы Валдас Адамкус. У сваім выступе ён казаў пра посьпехі й праблемы польска-летувіскіх стасункаў. Удзельнікі ж першага круглага стала спрабавалі высьветліць, ці быў распад Савецкага Саюзу, як некалі казаў Уладзімер Пуцін, "самай вялікай гэапалітычнай катастрофай дваццатага стагодзьдзя".

Захад не хацеў распаду Савецкага Саюзу, бо панічна баяўся праблемаў, якія маглі ўзьнікнуць – казаў прафэсар Вірджынскага ўнівэрсытэту Алан Лінч.

А. Лінч: Злучаныя Штаты ў часы прэзыдэнта Буша рабілі ўсё, каб не дапусьціць распаду Савецкага Саюза. У сьнежні 1989 Буш запэўніваў Гарбачова, што Амэрыка ня будзе падтрымліваць незалежнасьць краінаў Балтыі, калі Савецкі Саюз ня будзе выкарыстоўваць супраць іх ваенную сілу. У 1991 гдзе ў Кіеве ён асьцерагаў украінцаў ад “самагубчага нацыяналізму”. Захад баяўся грамадзянскай вайны ў СССР. Трэба таксама памятаць, што Савецкі Саюз і ЗША ў часы халоднай вайны змагаліся з распаўсюджаньнем ядзернай зброі значна эфэктыўней, чым Амэрыка й Расея робяць гэта сёньня.

Для Расеі распад савецкага Саюзу сапраўды быў катастрофай – прызнаўся прарэктар МГІМО Арцём Мальгін. На працягу 20 гадоў Масква стварала розныя інтэграцыйныя праекты, шукаючы, чым замяніць вакуум, які ўзьнік. Постсавецкая прастора сёньня падзялілася на 3 незалежныя рэгіёны: Цэнтральную Азію, Каўказ і Усходнюю Эўропу.  І менавіта з Усходняй Эўропай, у сэрцы якой рзнаходзіцца Расея, трэба збліжацца новым сябрам Эўразьвязу – перакананы расейскі палітоляг Арцём Мальгін. 

А. Мальгін: Краіны, якія нядаўна далучыліся да Эўрапейскага зьвязу, зразумелі, што іх сапраўдныя эканамічныя інтарэсы, іх палітыка й нацыянальная тоеснасьць зьвязаныя з Усходам. Нават іх сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе губляе сэнс без іх сувязяў з Усходам. Гандаль Вугоршчыны, Славакіі, Чэхіі зь іх усходнімі суседзямі расьце, а з краінамі “старой Эўропы” – падае. Краіны Балтыі сёньня аднаўляюць свае гаспадарчыя сувязі з Усходам. Тое самае можна сказаць пра краіны Цэнтральнай Эўропы.

З ідэяй палыбленьня інтэграцыі з Расеяй не пагадзіўся былы амбасадар Польшчы ў Маскве Станіслаў Цёсэк.

С. Цёсэк: Калі нас хтосьці раптам пераканае стаць “больш усходнімі” эўрапейцамі, пайсьці разам ў супрацьлеглым кірунку, то мы ўсе прайграем. У краінах Захаду набытак, створаны супольнай працай людзей, захоўваецца й расьце, таму што яны паважаюць агульныя для ўсіх законы й нормы, разумеюць, што іх парушаць нельга. У нашай жа частцы Эўропы мы марнуем уласную працу, бо пагарджаем прынцыпамі, не выконваем правілы, штодзённа парушаем законы. І мне падаецца, што ў Польшчы гэта зразумелі. Таму мы без пярэчаньня выконваем тыя абавязкі, якія на нас ускладае Эўразьвяз. Нам нялёгка гэта рабіць, балюча, але з кожным годам – усё менш.

Распад Савецкага Саюзу катастрофай ня быў. Наадварот, у 1991 годзе катастрофы ўдалося пазьбегнуць – перакананы былы Старшыня вярхоўнага савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

С. Шушкевіч: Гэта не была катастрофа. Гэта быў выхад зь вельмі цяжкага становішча. І такі, якому няма адпаведнікаў  у сусьветнай гісторыі. Перад 1991 годам усе заходнія дыпляматы пісалі, што ў СССР распачнецца грамадзянская вайна. Яны лічылі, нібыта гэтыя “дзікуны”, у якіх ёсьць ядзерная зброя, распачнуць такі канфлікт, які распаўсюдзіцца на ўвесь сьвет. А ў сьнежні 1991 году мы проста мірна канстатавалі распад СССР, які адбыўся яшчэ ў жніўні. І не было праліта ані кроплі крыві. Прыкладаў такога мірнага распаду імпэрыяў у сусьветнай гісторыі няма.

Савецкага Саюзу больш няма. Але каб збудаваць штосьці лепшае на постсавецккай прасторы трэба інвэставаць у людзей. Вельмі важна, каб моладзь постсавецкіх краінаў навучалася ў эўрапейскіх унівэрсытэтах – перакананы старшыня Партыі дэмакратычных рэформаў Азэрбайджану Асім Малазадэ. Азэрбайджанскі палітык закрануў і тэму Беларусі.

А. Малазадэ: Ізаляваць Беларусь з-за Лукашэнкі – гэта памылка. Усе эўрапейскія арганізацыі павінны стварыць спэцыяльныя праграмы, якія б дапамаглі беларускай моладзі вучыцца ў эўрапейскіх унівэрсытэтах. Трэба, каб беларускія грамадзкія й палітычныя арганізацыі кантактавалі са сваімі калегамі ў Эўропе. Эўразьвяз павінен думаць пра беларускі народ, які па сваёй культуры й духу зяўляецца самым эўрапейскім народам на усёй постсавецкай прасторы.

 

Распад Савецкага Саюзу ня быў катастрофай – падкрэсьліў былы амбасадар Польшчы ў Расеі Станіслаў Цёсэк. Гэта быў выклік. І мы не змаглі знайсьці годнага адказу на гэты выклік да сёньняшняга дня. “Нашая мара аб супольнай Эўропе бязь межаў да сёньняшняга дня ня споўненая. Мы ня выкарысталі таго вялікага шансу, якім быў распад Савецкага саюзу”, – падсумаваў дыскусію польскі дыплямат.

Аляксандар Папко

Здымкі: Аляксандар Гразеўскі