• “Мая турэмная камандзіроўка”
  • 16.07.2011

“Мая турэмная камандзіроўка” – так называецца дзёньнік Анджэя Пачобута, у якім журналіст апісвае сваё трохмесячнае знаходжаньне за кратамі ў гарадзенскай вязьніцы. Дзённьнік друкуе “Gazeta Wyborcza”, на старонках якой Пачобут і апублікаваў артыкулы, у якіх, паводле беларускага суду, утрымліваўся паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

Запісы ў дзёньнік Пачобут рабіў таемна. Калі сукамэрнікі пыталіся ў яго, што ён піша, то ён адказваў, што рыхтуецца да працэсу. У дзёньніку Анджэй Пачобут апісвае найбольш запамінальныя сцэны з 90 дзён праведзеных за кратамі.

Падчас затрыманьня сьледчы Арсень Ніколькі пераконваў Анджэя, што максімум праз тры дні ён выйдзе на волю. Але эпапэя зацягнулася ажно на 3 месяцы. Пачобут піша, што адзін з сукамэрнікаў, якога звалі Ігар, увесь час пераконваў Анджэя папрасіць прабачэньня ў Лукашэнкі, маўляў, гэта дазволіць яму вярнуцца да сям’і. Час ад часу Ігар размаўляў сам з сабою пра тое, як добра дома. Анджэй зразумеў, што “калега” мог быць “шпіёнам”, і ад гэтага моманту сачыў за тым, пра што гаворыць зь іншымі сукамэрнікамі. Пазьней Ігар ня раз маляваў чорную карціну, якая можа сустрэць Анджэя ў турме: зьбіцьцё, зьдзекі ды нават гвалт.

Папрасіць прабачэньня ў Лукашэнкі Пачобуту раіў таксама сьледчы. Ён таксама хацеў “уламаць” журналіста супрацоўнічаць са сьледзтвам. Варта нагадаць, што Анджэй не адказваў на пытаньні сьледчых і не прызнаваў сваёй віны.

Цікава, што нават за кратамі Пачобут дамагаўся паважаць і выконваць яго правы. Ён зьвяртаў увагу на перанаселенасьць камэры, дабіўся, дарэчы, гарачай вады ў турэмным душы. Сукамэрнікамі Пачобута былі пераважна крыміналісты, якіх абвінавачвалі ў нявыплаце алімэнтаў альбо ў бойках. Праўда, былі там і буйныя бізнэсоўцы. Незвычайным экспанатам быў летувіскі паляк, які нелегальна перайшоў беларускую мяжу, спадзеючыся знайсьці ў Беларусі працу з добрым заробкам.

Андрэй з гумарам піша пра прастуду ў турме, якая пачалася якраз перад судовым працэсам. Ён вельмі баяўся, што камэра БТ здыме яго ў судовай клетцы са сьлязамі ў вачах і прадставіць гэта як пакаяньне за свае “грахі”.

Пішучы непасрэдна пра працэс, Пачобут узгадвае вялікую колькасьць міліцыі й КДБэшнікаў, якія знаходзіліся ў будынку суду. Да наручнікаў, дарэчы, заўсёды прышпільвалі аднаго міліцыянта.

Падчас разгляду справы Пачобут адмовіўся адказваць на пытаньні судзьдзі й пракурора, заявіўшы, што не давярае ім, а працэс лічыць палітычна матываваным. Усе просьбы Пачобута пра выклік сьведкаў альбо пакрыўджанага, то бок Лукашэнкі, суд ігнараваў. Прысуд быў для Анджэя Пачобута вялікай нечаканасьцю. З самай раніцы ён расплянаваў свой дзень пасьля вяртаньня з суду й падумваў нават пра выбар калёніі, дзе будзе адбываць пакараньне.

“Rzeczpospolita” піша пра сёньняшнія ўрачыстасьці на Грунвальдзкім полі. Штогод там адзначаюць угодкі перамогі Вялікага Княства Літоўскага над крыжакамі. За апошнія гады сьвята ў Грунвальдзе стала адной з найбуйнейшых сярэднявечных імпрэзаў у Эўропе.

У адкрыцьці фэсту возьмуць удзел больш за тысячу рыцараў, чакаецца каля 50 тысяч гасьцей. На саму інсцэнізацыю арганізатары выдаткавалі 120 тысяч эўра.

Летась дзясяткі тысяч турыстаў так і не даехалі да Грунвальду. Віною сталі кілямэтровыя заторы. Памятаючы пра леташнія цяжкасьці, гэтым разам арганізатары паклапаціліся пра гасьцей. З самай раніцы за дарожным рухам ля пад’езду да Грунвальду сочаць узмоцненыя нарады паліцыі.

Адмыслова для турыстаў арганізатары разьбілі намётавае мястэчка. За некалькі даляраў там можна выкупіць пляцоўку для начлегу. Агулам улады Варміньска-Вазурскага ваяводзтва выдаткавалі на сьвяткаваньні больш за 20 тыс. эўра. Некалькі гадоў таму на мадэрнізацыю Грунвальдзкага поля было затрачана ажно 7 млн. эўра. На 50 гектарах была праведзеная каналізацыя й электрычнасьць. У плянах: стварэньне мультымэдыйнага музэю за 12 млн. эўра.

Цікава, што ў 1989 годзе, калі ў Польшчы толькі зараджаўся рыцарскі рух, у грунвальдзкіх сьвяткаваньнях прымалі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. А сёньня на фэст прыязджаюць нават госьці з Новай Зэляндыі й Аўстраліі.

У Вене арыштаваны афіцэр савецкага КДБ Міхаіл Глотаў. Менавіта ён у 1991 годзе кіраваў штурмам спэцназу на тэлевежу ў Вільні. На сумленьні Глотава жыцьці 13 летувісаў, якія 13 студзеня 1991 г. сваімі целамі баранілі віленскі тэлецэнтар. Летува якраз абвясьціла незалежнасьць, але з гэтым не пагадзілася Масква, якая накіравала ў Вільню свае спэцсілы.

Пасьля разпаду СССР незалежная Летува пачала пошук вінаватых у забойстве сваіх грамадзян. Больш за дзясятак удалося арыштаваць і асудзіць, аднак 23 чалавекі ўсё яшчэ хаваюцца ў Расеі і ў Беларусі.

Глотава злавілі ў Вене выпадкова. Летува дамагаецца яго экстрадыцыі. Працэдура высылкі яго ў Вільню можа зацягнуцца на тры месяцы.

дг