• Вялярына Кустава ў Варшаве
  • Audio4.57 MB
  • 17.07.2011


З шумнай вуліцы Новы Сьвят зьбягагаем на застаўленую столікамі вуліцу Фоксаль, пасьля павярнуць налева й мы апынаемся каля рэдакцыі часопіса “ResPublika Nowa”. Невялічкая група людзей апанавала ўваход у будынак. Чуваць шапаценьне беларускай мовы й гэта не чарговая палітычная акцыя, хаця для беларуса сёньня быць апалітычным амаль немагчыма. Пасьля ўсе ўваходзяць у цемнаваты пакой і пачынаецца сьвята. Гэта вечар беларускай паэзіі з маладой паэткай Вялярынай Куставай, якая прачытала гасьцям свае вершы, але адмовілася распавядаць пра што яна піша свае вершы.

Вострая на слова, а часамі забіваючая сваёй прастатой Валярына пачаставала ўсіх беларускай настойкай “Крамбамбуля”, якая была ўводзінамі ў беларускае. Арганізатары спадзяваліся ўбачыць на вечары паэзіі палякаў, але прыйшоў толькі адзін, той хто перакладаў вершы Валярыны на польскую мову.  Ад “Крамбамбулі” ў паветры завітаў водар алькаголю, ўсе неяк разварушыліся й не вядома ці то беларусам захацелася прадоўжыць частаваньне, ці ў іх разгарэлася жаданьне паслухаць творчасьць паэткі. Валярына распавядала гісторыі з жыцьця й чытала вершы.

А што за нагода запытаецеся вы. Выданьне кнігі, ці можа яшчэ што-небудзь? А вось нагоды ніякай не было. Усе хто прыйшоў 15 ліпеня ў рэдакцыю “ResPubliki Nowa” выбіраў нагоду сам. Хочаш прыходзь з нагоды перамогі пад Грунвальдам, хочаш з нагоды дня народзінаў Сапегі ці Ўладзімера Дубоўкі, а хочаш адзнач запаздалае Купальле. Прыйшлі ўсе свае, паролі пры ўваходзе называць не прыйшлося. Не абышлося на вечары паэзіі й без палітыкі. Хаця сама паэтка кажа, што ўсяляк спрабуе пазбягаць палітычнага кантэксту у сваёй творчасьці.

Валярына чытала вершы пра каханьне, пра Беларусь, дзялілася ўражаньнямі ад таго, што яна зараз назірае ў Беларусі. Расказала пра тое, што ў Варшаве яна забылася, абстрагавалася ад беларускай рэчаіснасьці і ўпершыню за апошнія паўгады адчула нейкую палёгку на душы, бо на яе паэтычную душу не ціснуў цяжар шэрай беларускай рэчаіснасьці. Тут у Варшаве яна проста чытала вершы, якія, дарэчы пачала пісаць яшчэ ў дзяцінстве.

Маладая паэтка падчас сваёй паэтычнай дэклямацыі ўзгадвала імёны вядомых беларусаў: Барадуліна, Арлова, Някляева, якія для яе сябры й гуру. А вось галоўны гуру й герой яе паэзіі – гэта яна сама.

У госьці на сустрэчу з Валярынай Куставай заглянуў і былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, але пасьля хутка зьнік. Авацыяў канешне ў гонар творчасьці паэткі не было, але былі авацыі ў гонар вольнай Беларусі. Апладысменты прагучалі для тых, хто зараз знаходзіцца пад арыштам за ўдзел у маўклівых акцыях, для тых, хто трапіў за краты пасьля выбараў 2010 і для той краіны, пра якую піша Валярына Кустава.

Юры Высоцкі/яс