• Польскія газэты пішуць пра...
  • Audio4.29 MB
  • 18.07.2011

 

Прызначаны, але звольнены. Пад такім таямнічым загалоўкам „Rzeczpospolita” апісвае гісторыю з прызначэньнем і звальненьнем намесьніка кіраўніка тэлеканалу Белсат.

Управа Польскай тэлевізіі прызначыла на гэтую пасаду Вітальда Ляскоўскага. Аднак прызначэньне выклікала востры пратэст з боку кіраўнічкі й рэдакцыі Белсату.

- Я ня давяраю чалавеку, якога на пасаду прызначаюць у сакрэце, калі мяне няма на працы, - сказала штодзёнцы Агнешка Рамашэўска. – Я нясу адказанасьць за людзей. Сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца, робіцца небясьпечнай. Я няўпэўнена, што кар’ера карэспандэнта ў Маскве ў часы СССР дае аб’ектыўны пункт гледжаньня на беларускае пытаньне, - дадала Рамашэўска.

Рэдакцыйны калектыў скіраўваў ва ўправу тэлевізіі адкрыты ліст, дзе напісаў, што ня бачыць магчымасьці супрацы зь Ляскоўскім.

Сам жа Вітальд Ляскоўсі, зь якім у пятніцу тэлевізія спыніла супрацу, лічыць, што авантура вакол ягонага прызначэньня ў вялікай ступені перабольшаная й вельмі незразумелая.

- Я б і сам не прыняў гэтага прызначэньня, паколькі ўмовы майго кантракту з тэлевізіяй значна пагоршыліся б, - кажа былы старшыня тэлеканалу TV Polonia. - Уся мітусьня й эмацыйная рэакцыя Агнешкі Рамашэўскай былі непатрэбныя й неабгрунтаваныя.

- Калі нехта прыходзіць да цябе дадому без запрашэньня, ды яшчэ не выцірае ног, то гаспадар мае права быць незадаволены, - камэнтуе Рамашэўска.

Ляскоўскі кажа, што з тэлевізіі яго выкінулі без паведамленьня прычынаў.

- Сёлета TV Polonia мела добрыя фінансавыя вынікі. Яшчэ зусім нядаўна я атрымаў пахвальны ліст і ўзнагароду ад управы за добрыя вынікі ў працы, а цяпер мяне звольнілі. На дадатак, калі я знаходжуся на бальнічным, -  скардзіцца Вітальд Ляскоўскі. Пра ўзьлёты й паразы кіраўніцтва польскай тэлевізіі піша „Rzeczpospolita”.

Арабы ня любяць Амэрыкі, піша „Gazeta Wyborcza”.

Прыхільнасьць арабскіх краінаў да ЗША значна зьменшылася ў параўнаньні з пэрыядам, калі Амэрыкай кіраваў Дрождж Буш малодшы. Гэтак вынікае з найноўшага сацыялягічнага апытаньня „Zogby International”.

З сыстэматычнага дасьледаваньня, якое праводзіцца ў 6 арабскіх краінах, вынікае, што спадзяваньні, зьвязаныя з Баракам Абамам, не апраўдаліся.

У Марока ў 2008 годзе пад канец прэзыдэнцтва Буша да ЗША пазытыўна ствілася 26 % апытаных.  Год пазьней  пасьля таго, як Абама заявіў у Каіры, што ў кантактах з ісламскім сьветам неабходна пачаць новыя адносіны, сымпатыя мараканцаў да ЗША павялічылася да 55 %. Два гады пазьней ледзьве 12 % апытаных мараканцаў прыязна ставіліся да амэрыканцаў.

На думку эспэртаў, нэта не Абама выклікаў гнеў у арабаў, толькі ня зьдзейсьненыя абяцаньні. Самай вялікай перашкодай для стабільносьці ў рэгіёне арабы лічаць акупацыю Палестыны ізраільскімі войскамі і ўмяшальніцтва ЗША ва ўнутраную палітыку арабскіх краінаў.

 Пераважная большасьць апытаных зазначае, што асноўным фактарам пагаршэньня амэрыканска-арабскіх адносінаў было забойства Усамы бін Ладэна. На іх думку, палепшыць гэтыя адносіны ЗША здолее толькі ў выпадку, калі пазытыўна вырашыць палестынскі канфлікт. Калі амэрыканцы не спрычыняцца да прагрэсу ў гэтым пытаньні, усіх іншых амэрыканскіх памкненьняў арабы проста не заўважаць, падсумоўвае „Gazeta Wyborcza”.

SMS-кі – гэта ўжо перажытак, піша „Dziennik Gazeta Prawna”.

Смартфоны пачалі выцясьняць з рынку традыцыйныя мабільныя тэлефоны. А разам зь імі ў гісторыю тэхнікі адыходзяць зьвязаныя з традыцыйнымі мабільнікамі паслугі, у прыватнасьці SMS-паведамленьні. На іх месца прыходзяць інтэрнэт- камунікатары новай эры.  Адной з навінак зьяўляецца карэйская апэрацыйная сыстэма KaTalk. Яна даступная на рынку толькі некалькі месяцаў, а ёю карыстаюцца ўжо 18 мільёнаў асобаў. Дзякуючы ёй можна ня толькі высылаць тэкставыя паведамленьні, але здымкі, фота й музыку, а нават відэафайлы.  У адрозьненьне ад традыцыйных SMS-паведамленьняў, KaTalk цалкам дармовая паслуга. Як кажуць, новыя тэхналёгіі разьвіваюцца з хуткасьцю сьвету, што й ня сьнілася астраномам.  Пра тэхнічныя навінкі паведамляе „Dziennik Gazeta Prawna”.

KP