• ПУЛЬС ПОЛЬСКАЙ ЭКАНОМІКІ
  • 19.07.2011

         Прафсаюз „Салідарнасьць” патрабуе павышэньня мінімальнага заробку

Прафсаюз падаў у Сэйм грамадзянскі законапраект, які падпісалі 300 тыс. чалавек. Усе дакумэнты ў Сэйм актывісты прывезьлі на спэцыяльным аўтобусе.

„Салідарнасьць” дамагаецца, каб мінімальны заробак складаў палову сярэдняй зарплаты па краіне й павялічваўся разам з эканамічным ростам, прычым у выпадку, калі ВУП будзе большы чым 3%. Калі ж ВУП будзе меншы, мінімальны заробак будзе вызначаць гэтак званая Трохбаковая камісіяя, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі прафсаюзаў, прадпрымальнікаў і ўраду. На дадзены момант мінімальны заробак складае 1386 злотых (паводле сёньняшняга курсу прыкладна 345 эўра). А палова сярэдняга заробку ў Польшчы - гэта 1750 злотых (прыкладна 433 эўра).

Прадстаўнікі працадаўцаў ды эканамісты выступаюць супраць і кажуць, што гэта пашкодзіць працаўнікам і эканоміцы, бо працадаўцы будуць вымушаны праводзіць скарачэньні ў працоўных калектывах.
Упаўнаважаны Камітэту грамадзянскай заканадаўчай ініцыятывы Генрык Наканечны мяркуе інакш.

Г. Наканечны: Працадаўцам прыйшлося б выдаткаваць 600 мільёнаў злотых (прыкладна 130 мільёнаў эўра). Аднак калі параўнаем гэтую суму з чыстым прыбыткам, які яны атрымалі за мінулы год, а гэта 90 мільярдаў злотых (прыкладна 22 мільярды злотых), то бачым, што ім прышлося б выдаць усяго 0,7% заробку. І я лічу, што яны павінны падзяліцца з тымі, хто зарабляе найменш.

Пакуль не вядома, ці Сэйм пасьпее разгледзець законапраект перад парлямэнцкімі выбарамі, якія заплянаваныя на кастрычнік.

 

         Польскія фірмы не зарабляюць на зялёнай энэргіі

500 мільёнаў датацыяў на экалягічныя інвэстыцыі паступяць у замежныя фірмы.

Гэта таму, што ў Польшчы будаўніцтвам электрастанцыяў, якія вырабляюць электрычнасьць з аднаўляльных крыніц, перш за ўсё займаюцца замежныя кампаніі. Справа ў тым, што ўрад Польшчы не стварыў заканадаўчай базы для разьвіцьця й падтрымкі айчынных фірмаў у згаданай галіне. На мінулым тыдні Рада міністраў адобрыла плян Мінэканомікі, у якім гаворыцца, што да 2020 году ў Польшчы амаль 17% энэргіі будзе вырабляцца з аднаўляльных крыніц.

Найхутчэй павінна разьвівацца ветравая энэргетыка й вытворчасьць энэргіі зь біялягічнай масы.

У абодвух выпадках разьвіцьцё гэтых галін дасьць вялізарны прыбытак замежным фірмам. Чаму? Таму што 75% тэхналёгій –замежныя. Падчас рэалізацыі праектаў польскія фірмы найчасьцей зьяўляюцца толькі падрадчыкамі. У горшай сытуацыі знаходзіцца стварэньне біягазавых цеплаэлектрацэнтраляў. У гэтай галіне выкарыстоўваецца пераважна нямецкая тэханолёгія з-за саліднасьці й праверанасьці.

Але ёсьць таксама пазытыўныя прыклады распрацовак польскіх тэхналёгій па вытоворчасьці энэргіі з аднаўляльных крыніц, прычым каштуюць яны таньней. А вось прыклад: дацкі фэрмэр, які мае гаспадарку тут, у Польшчы, шукаў спосабаў, якім чынам пазбавіцца сьвіных адходаў. Ён наняў польскіх інжынераў, якія распрацавалі тэханолёгію па атрымліваньні энэргіі зь біямасы. І аказалася, што польская тэхналёгія каштуе на 35% таньней за нямецкую.

         Польская агародніна вяртаецца на расейскі рынак

Эўрапейская камісія атрымала пацьверджаньне, што Расея адмяняе эмбарга на польскую агародніну. Карэспандэнту Польскага радыё стала вядома, што Масква й Варшава ўжо 8 ліпеня былі падрыхтаваныя да адмены забароны. Эўрапейская камісія патраціла тыдзень на выдачу адпаведных дакумэнтаў расейскім санслужбам.

Эмбарга будзе адменена 20 ліпеня - такое рашэньне прыняў галоўны санітарны лекар Расеі Генадзій Анішчанка.

Гэтага рашэньня доўга чакалі польскія гароднінаводы. Сярод іх - Робэрт Кацішэўскі, які прадае сваю прадукцыю галоўным чынам у Маскву, а таксама ў Сібір. Кацішэўскі зазначае, што ягоная фірма найбольшыя страты панесла ў чэрвені, калі ўжо былі гатовыя да адпраўкі ў Расею памідоры – 200 тонаў на тыдзень.

Р. Кацішэўскі: Мы панесьлі вельмі вялікія страты, таму што ў чэрвені ў нас назіраецца найбольшы экспарт у Расею, бо там яшчэ няма мясцовага ўраджаю таматаў. Здаралася, што мы адпраўлялі дзесяць 20-тонных грузавікоў на тыдзень.

Фірма Робэрта Кацішэўскага страціла амаль 900 тысяч эўра.

Расея ўвяла эмбарга на імпарт агародніны з краін ЭЗ 2 чэрвеня. Прычынай была пагроза заражэньня кішэчнай палачкай, эпідэмія якой назіралася ў Эўропе.

         Курсы валют паводле НБП

1 эўра                4.02 злотых
1 даляр ЗША      2.83 злотых
1000 Бр              0.57 злотых

Я.С.