• NATO рассакрэціла архіўныя дакумэнты наконт ваеннага становішча ў ПНР
  • 19.07.2011

Паўночнаатлянтычны альянс апублікаў учора 75 архіўных дакумэнтаў наконт ваеннага становішча ў Польшчы. Да гэтага яны захоўваліся пад грыфам “сакрэтна”, піша “Gazeta Wyborcza”.

Высьвятляецца, што ўжо ў 1980 годзе NATO не выключала савецкай экспансіі на Польшчу. На гэта альянс быў гатовы адказаць выключна палітычнымі й эканамічнымі санкцыям, а таксама пратэстамі дыпляматычным шляхам. Напрыклад, NATO-ўскія чыноўнікі бралі па ўвагу скліканьне Рады бясьпекі ААН.

Аналітыкі Паўночнаатлянтычнага альянсу чакалі масавых уцёкаў палякаў за мяжу й пастанавілі, што іх самалёты будуць саправаджаць польскія паветраныя судны ажно да аэрапортаў краін, якія не ўваходзілі ў той час у склад Варшаўскай дамовы. Аднак у выпадку, калі б савецкія войскі пачалі зьбіваць польскія самалёты, то NATO не павінна было на гэта рэагаваць.

Штаб-кватэра NATO яшчэ ў 1980 годзе вырашыла, што альянс павінен пазьбягаць узброенага супрацьстаяньня з краінамі Варшаўскай дамовы. Самалётам NATO забаранялася перакрочваць іх паветранную прастору. Аднак парушэньне паветранай прасторы самалётамі краін сацлягеру было для альянсу непрымальным. Марскія сілы NATO ўвогуле не браліся пад увагу ў выпадку ўцёкаў палякаў на Захад. Аналітыкі лічылі аднак, што СССР будзе ўстрымлівацца ад нападу на Польшчу. Пасьля падзеяў у Вугоршчыне й Чэхаславаччыне саветы стараліся дбаць пра свой імідж за мяжой - лічылі ў штаб-кватэры NАТО. Аднак у той жа час не выключалася, што савецкія танкі могуць увясьці ў Польшчу, так бы мовіць, па запрашэньні польскага народу. У гэтым выпадку сілам СССР маглі б дапамагчы вайскоўцы з ГДР, Вугоршычыны й Чэхаславаччыны.

Каля сотні старонак тайных дакумэнтаў будуць апублікаваныя напрыканцы году.

У першым паўгодзьдзі ў аварыях на польскіх дарогах загінула больш за 1700 чалавек, паведамляе “Dziennik. Gazeta Prawna”. Вынікам гэтай жахлівай статыстыкі можа стаць павышэньне штрафаў. Польшча пабіла эўрапейскі рэкорд. Акрамя сьмяротных выпадкаў, каля 22 тыс. чалавк былі параненыя ў выніку ДТЗ.

І што яшчэ больш засмучае, колькасьць загінуўшых з кожным годам павялічваецца. У выніку Міністэрства ўнутранных справаў і адміністрацыі разглядае магчымасьць павелічэньня штрафаў для кіроўцаў.

Вялікая колькасьць сьмяротных ахвяраў на польскіх дарогах ўжо неаднаразова ўздымалася на ўзроўні ЭЗ. Польшча ў гэтай сумнай статыстыцы лідыруе разам з Балгарыяй і Румыніяй. Каб неяк палепшыць сытуацыю, пры польскай паліцыі быў створаны адмысловы ворган. Але й гэта не дапамагло.

Галоўная кантрольная палата Польшчы (NIK)  сьцьвярджае, што павелічэньне штрафаў ня вырашыць праблемы. “Лекам” можа стаць увядзеньне ў эксплюатацыю новых аўтастрад.

Які рэгіён у Польшчы самы бясьпечны, а дзе за нішто можна атрымаць па патыліцы? Пра гэта піша “Rzeczpospolita”.

Справаздачу на гэтую тэму апублікавала польская паліцыя. Самымі небясьпечнымі рэгіёнамі ў Польшчы зьяўляюцца Ніжняя й Верхняя Сілезія. Там зафіксафана найбольш разбояй і крадзяжоў. Цікава, што значна зьмяншаецца там колькасьць нападаў на людзей, але ў выніку расьце колькасьць разбояў. Летась у Польшчы было 220 тыс. крадзяжоў.

Самы спакойны рэгіён у Польшчы – гэта Падкарпацьце. Там зафіксавна менш за ўсё забойстваў, крадзяжоў і нападаў.

дг