• Агляд польскага друку
  • 20.07.2011

Польская штодзёнка „Dziennik. Gazeta Рrawna” піша пра тое, што беларусы чакаюць чарговую дэвальвацыю нацыянальнай валюты. Дзяржаўныя чыноўнікі ды прэса абяцаюць, што кіраўніцтва краіны неўзабаве пяройдзе на адзіны курс рубля. Такое меркаваньне выказаў Антон Далгавечны зь Міністэрства эканомікі. Дагэтуль афіцыйны курс складаў 5000 рублёў за адзін даляр. На чорным рынку курс вышэйшы – 6000, а фірмы, якія імпартуюць тавары, плацяць па 8-9 тысяч за даляр. Валютны крызыс пачаўся ў Беларусі на пачатку году. За першае паўгодзьдзе банкі прадалі насельніцтву 3,3 мільярда даляраў. Перад абменьнікамі зьявіліся чэргі, людзі стаяць суткамі. 56-працэнтная дэвальвацыя рубля, якая была праведзена ў траўні, не выратавала сытуацыю, але крыху запаволіла крызыс, а ў чэрвені валютныя рэзэрвы краіны павялічыліся на 16%.Паводле словаў аналітыкаў, афіцыйны курс павінны зраўняць зь неафіцыйным. Такім чынам, з пачатку году курс даляра да рубля вырасьце да 133%.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Штодзёнка „Dziennik. Gazeta Рrawna” піша таксама пра спрыяльныя беларусам зьмены ў польскім заканадаўстве. Паводле новых нормаў, грамадзяне Беларусі, Украіны ды Новай Зэляндыі, у якіх ёсьць польскія карані й якія прыедуць навучацца ў Польшчу, змогуць лягчэй атрымаць польскае грамадзянства. Гэта рэакцыя на дэмаграфічныя праблемы, зь якімі сёньня сутыкнулася Польшча. Новы законапраект запрапанаваў Сэнат, а дзейнічаць новы закон пачне з 1-га студзеня 2012-га году.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Сёньняшняя „Gazeta Wyborcza” піша пра тое, што апэляцыйныя скаргі канкурэнтаў Лукашэнкі адхіленыя судом. Такім чынам улады пацьвердзілі суровыя прыгаворы, вынесеныя ў дачыненьні да ўдзельнікаў прэзыдэнцкіх выбараў ды маніфэстантаў. Гэта значыць, што Мікалай Статкевіч ды Дзмітры Вус правядуць шэсьць і пяць з паловай гадоў у калёніі.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Сёньняшняя „Gazeta Wyborcza” піша таксама пра зьмены ў самасьвядомасьці палякаў адносна Другой сусьветнай вайны ды Галакосту. Прыклад - зьмена стаўленьня да трагедыі ў Едвабнэ, якая адбылася падчас ІІ сусьветнай вайны. Да апошняга часу большасьць палякаў лічыла, што мясцовых габрэяў забілі немцы. Цяпер жа больш за 55% палякаў лічыць, што габрэяў забівалі палякі . Гэта невялікая, але выразная зьмена, лічаць польскія экспэрты ды публіцысты.

xxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxxx

Пра спадчыну ІІ сусьветнай вайны ва Ўкраіне піша таксама штодзёнка „Rzeczpospolita”. Газэта камэнтуе факт прызнаньня украінскім судом легальным дэкрэту пра абвяшчэньня змагароў УПА барацьбітамі за незалежнасьць Украіны. Гэтым суд скончыў спрэчку паміж былым прэзыдэнтам Ввіктарам Юшчанкам і старшынём Прагрэсыўнай сацыялістычнай партыі Ўкраіны Натальляй Вітрэнка. Цяпер украінскія камуністы чакаюць рэакцыі Януковіча. Яны спадзяюцца, што той адменіць дэкрэт Юшчанкі. У асьсяродзьдзі Януковіча перамагла думка, каб гэтым пытаньнем пакуль не займацца, а толькі пасьля выбараў 2012-га году. Справа ў тым, што вакол Януковіча ёсьць людзі, якія хочуць пагуляць з празаходнім электаратам. На думку гісторыка й палітоляга Аляксандра Палія, гэтае рашэньне суда будзе мець сымбалічнае значэньне й ня зьменіць статусу вэтэранаў УПА. Уся гэтая справа выцягнута, каб адцягнуць увагу насельніцтва ад палітыкі прэзыдэнта ды стрымаць падзеньне ягонага рэйтынгу.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч