• Палякі лічаць, што беларускія ўлады варожа ставяцца да Польшчы
  • Audio4.21 MB
  • 20.07.2011

Большасьць палякаў лічыць, што Беларусь непрыхільна адносіцца да Польшчы. Такія дазеныя апублікавалі нядаўна польскія сацыёлягі. Гаворка ідзе пра стаўленьне беларускіх уладаў, а не беларускага народу да Польшчы – падкрэсьліваюць дасьледчыкі. Пры гэтым большасьць палякаў лічаць беларусаў прыязным народам альбо ставяцца да беларусаў нэйтральна.

З 7 дзяржаваў, якія мяжуюць з Польшчай, найгорш да яе савяцца Беларусь і Расея – лічаць палякі. Самымі добрымі суседзямі польскія грамадзяне лічаць Славакію й Чэхію. Такія вынікі апытаньня, праведзеннага польскім цэнтрам сацыялягічных дасьледваньняў CBOS ў чэрвені гэтага году.

Вядома, што ў сацыялёгіі адказ залежыць ад таго, як навуковец сфармулюе пытаньне. У дасьледваньні цэнтру CBOS сацыёлягі пыталіся ў палякаў менавіта пра тое, як да Варшавы ставяцца суседнія дзяржавы, а не народы – падкрэсьлівае ўдзельнік дасьледваньня Міхал Фяліксяк. Калі б задавалася пытаньне пра стаўленьне суседніх народаў да палякаў, то адказ быў бы абсалютна іншы – заяўляе сацыёляг.

М. Фяліксяк: Гаворка вялася пра стасунак краіны да Польшчы. Яго трэба атаясамліваць хутчэй з тым, як адносяцца да Польшчы беларускія дзяржаўныя ўлады, а не народ, насельніцтва, грамадзяне Беларусі. Няма ніякай нянавісьці ці напружанасьці ў стасунках паміж беларусамі й палякамі. Адносіны ж на міждзяржаўным узроўні – гэта абсалютна іншая рэч.

Чаму ж тады палякі лічаць, што Беларусь ставіцца да Польшчы варожа? Афіцыйныя стасункі паміж Менскам і Варшавай дрэнныя ўжо на працягу доўгіх гадоў, і гэта ні для каго не сакрэт – тлумачыць сацыёляг.

М. Фяліксяк: Ужо працяглы час стасункі паміж дзьвюмя дзяржавамі ацэньваюцца як не самыя лепшыя. Быць можа, галоўнай прычынай такіх нэгатыўных ацэнак стаў стасунак беларускіх уладаў да Саюзу палякаў Беларусі альбо арышты шматлікіх беларускіх апазыцыянэраў. Але паўтараю, што у дасьледваньні вялася гаворка пра палітычныя адносіны, пра стасунак беларускай дзяржавы да польскай дзяржавы, а не пра адносіны беларусаў да палякаў.

А як да палякаў і польскай дзяржавы ставяцца самі беларусы? Паводле апытаньня, праведзенага ў сакавіку Незалежным цэнтрам  сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, у сьпісе варожых да Беларусі дзяржаваў Польшча знаходзіцца на другім месцы пасьля ЗША. Далей у сьпісе “непрыязных краінаў” разьмешчаныя Нямеччына, Расея ды...Ірак.

Аднак такі сьпіс нічога не кажа пра тое, як ставяцца самі беларусы да палякаў, амэрыканцаў ці расейцаў – кажа незалежны сацыёляг Аляксандар Сасноў.

А. Сасноў: Такое пытаньне не высьвятляе адносінаў беларусаў да палякаў. Нашмат больш якасныя дадзеныя дае пытаньне: “З прадстаўнікамі якіх народаў вы хацелі б працаваць, жыць побач, сябраваць ці парадніцца?” Калі на бачаньне міждзяржаўных адносінаў вялікі ўплыў аказвае дзяржаўная прапаганда, то міжасабовыя адносіны заўсёды грунтуюцца на больш трывалых падмурках і паказваюць сапраўдны стасунак да іншага народу.

Згодна з сакавіцкімі дасьледваньнямі беларускіх сацыёлягаў, нягледзячы на непрыхільныя стасункі паміж Варшавай і Менскам, беларусы лічаць палякаў трэцім па блізкасьці й прыязнасьці народам пасьля расейцаў і украінцаў.

У сваю чаргу польскі цэнтар сацыялягічных дасьледваньняў CBOS таксама рэгулярна праводзіць апытаньні з мэтай высьветліць, як палякі адносяцца да прадстаўнікоў розных народаў. У лютым гэтага году пра прыязны стасунак да беларусаў заявіў 31% палякаў. Нэйтральна да беларусаў адносяцца 34% польскіх грамадзян і 26% ставяцца да беларусаў непрыхільна.

Цікава, што на працягу апошніх 18 гадоў сымпатыі палякаў да беларусаў няўхільна расьлі. Калі ў 1993 годзе прыязна да беларусаў ставіліся ўсяго 19% палякаў, то сёньня – 31%. Колькасьць жа тых, хто непрыхільна адносіцца да беларусаў, за гэтыя гады ўпала амаль у 2 разы.  

Аляксандар Папко