• Варшаўскія вакацыі зь беларускай сучаснай творчасьцю
  • Audio5.41 MB
  • 21.07.2011

Гэтым летам беларускае сучаснае мастацтва завітала „пад страху” польскай нацыянальнай галерэі мастацтва”Zachęta”.

„Адчыняючы дзьверы? Беларускае мастацтва сёньня”- пад такім назовам у польскай нацыянальнай галерэі можна пабачыць экспазыцыю сучаснага беларускага мастацтва, якое ўпершыню ў такім маштабе прадстаўлена ў польскай сталіцы. Хаця паміж Польшчай і Беларусьсю невялікая адлегласьць, беларускае мастацтва ў Польшчы амаль невядомае. Ды й афіцыйная палітыка ў галіне культуры Беларусі не спрыяе разьвіцьцю сучаснага мастацва.  Аднак беларускае мастацкае асяродзьдзе даволі моцнае, а творцы шукаюць спосабаў рэалізацыі сваіх творчых амбіцыяў і паказаньня плёнаў працы ў краіне й па за яе межамі.

„Адчыняючы дзьверы?”- гэта выстава твораў мастакоў, якія пражываюць як у Беларусі, так і па за яе межамі, кажа суарганізатар выставы з польскага боку Анна Томчак.

Анна Томчак: Выстава - гэта свайго роду сустрэча двух зусім розных пунктаў гледжаньня на палітычную сытуацыю Беларусі, на тоеснасьць беларусаў, на іх культуру, на іх традыцыі. Яна таксама дазваляе пазнаёміцца з палітычнай сытуацыяй у сьвеце праз прызму Беларусі.

Беларусы, якія жывуць за мяжою, нават калі й маюць магчымасьць наведваць сваякоў, то практычна ня маюць магчымасьці зладзіць ў Беларусі выставу ці вернісаж. Аднак яны атрымалі магчымасьць правестці экспазыцыю блізу Беларусі, прыкладама чаго зьяўляюцца выставы ў Вільні ці Варшаве.

Пераважная большасьць працаў з варшаўскай экспазыцыі адносіцца да праблемаў беларускага грамадзтва, пра якія звычайна „не прынята” размаўляць. Варшаўскі праект мае шанец стварыць новы шлях камунікацыі для беларускага мастацтва, невядомага замежнаму гледачу.

Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што экспазыцыя зьмяшчае даволі шмат палітычных элемэнтаў.

Анна Томчак: Беларускім мастакам вельмі складана не закранаць палітычных пытаньняў, паколькі сытуацыя ў іх краіне настолькі складаная, што моцна ўплывае на іх творчасьць. На выставе ёсьць некалькі моцных палітычных акцэнтаў, вельмі актуальных на сёньняшні дзень. Напрыклад, перад уваходам у галерэю прадстаўлена праца Максіма Тымінкі. Праца складаецца з плякатаў апазыцыянэраў, арыштаваных пасьля 19 сьнежаня. Перад уваходам квітнее клюмба аўтарства Марыны Напрушкінай. Зь кветак вырастае лягатып беларускага КДБ, якое пасьля 19 сьнежня працуе надзвычай актыўна.

Выстава адчынілася 24 траўня. У Варшаве яе можна пабачыць да 21 жніўня.
У рамках знаёмства зь беларускім мастацтвам, акрамя выставы ў летні пэрыяд адбываецца шэраг сустрэчаў, дыкусіяй, канцэртаў беларускай альтэрнатыўнай музыкі.
Зь мінулага тыдня асобным элемэнтам зьяўляецца штотыднёвы паказ сучанага незалежнага беларускага кіно, які праходзіць у кожны чацьвер да 4 жніўня.

Каардынатарка кінапаказаў Магдалена Камарніцка кажа, што рэтраспэктыва пачалася паказам незалежнай мастацкай кінастужкі „Акупацыя- Містэрыюм” рэжысэра Андрэя Кудзіненкі.

Магдалена Камарніцка: Пасьля прэм’еры гэтай стужкі Кудзіненку называлі беларускім Таранціна. Гэта стужка пра савецкіх партызанаў з часоў Другой сусьветнай вайны. Кудзіненка, можна так сказаць, „пасягае на сьвятое”,  перакрэсьлівае міф герояў, прадстаўляе жаўнераў у зусім іншым фармаце. Таму ў Беларусі фільм сустрэўся з вострай крытыкай вэтэранаў і цэнзуры. Пры гэтым стужка атрымала ўзнагароду на міжнародным кінафэстывалі ў Ротэрдаме.

Сёньня ў галерэі „Zachęta” можна пабачыць чарговы фільм Андрэя Кудзіненкі. А ў пятніцу адбудзецца канцэрт сучаснай беларускай экспэрымэнтальнай музыкі „Belarus Sound Art in Poland” з удзелам, між іншым, Князя Мышкіна.

Увогуле ў гэтыя вакацыі „Zachęta” прапануе даволі багатую культурную праграму зь беларускімі матывамі, зьвяртае ўвагу Анна Томчaк.
 
Анна Томчaк: Мы плянуем шэраг канцэртаў. На завяршэньне выставы 20 жніўня мы плянуем зладзіць фінісаж - гэта дыскусійная сустрэча, на якой будзе падсумавана выстава. На ёй мы пастараемся адказаць на пытаньне, ці сапраўды нам удалося „адчыніць дзьверы”?  Ці дзякуючы таму, што мы тут зрабілі, яны „застануцца адчыненымі”? Мы намерваемся выдаць аднадзёнку, у якой зьявяцца тэксты сучасных беларускіх празаікаў і паэтаў. Акрамя таго, мы рыхтуем кружэлку з тэкстамі, якія суправаджаюць выставу, усе яны будуць перакладзеныя на беларускую мову. На ёй будуць таксама фрагмэнты канцэртаў, які праходзяць у рамках выставы, а такама на фотадакумэнтацыя самой выставы.

На выставе сучаснасга беларускага мастацтва ў польскай нацыянальнай галерэі „Zachęta” прадстаўлены творы 20 беларускіх мастакоў, у прыватнасьці, Артура Клінава, Руслана Вашкевіча, Анны Школьнікавай, Лены Давідовіч ды й iншых вядомых і менш вядомых беларускіх творцаў.

Выканаўчым прадзюсарам выставы зьяўляецца Цэнтар сучаснага мастацтва ў Вільні.
Выстава паўстала дзякуючы падтрымцы летувіскага Міністэрства культуры й Міністэства замежных справаў Летувы. Яна рэалізавана зь фінансавых сродкаў польскага Міністэрства культуры й нацыянальнай спадчыны.

Падрыхтавала Караліна Русіновіч