• Польскія газэты пішуць пра...
  • Audio4.53 MB
  • 21.07.2011

Сёньня раніцай памёр кардынал Казімеж Сьвёнтэк. Іерарху было 96 гадоў. Паховіны адбудуцца ў панядзелак у Пінску, паведамляе  „Dziennik. Gazeta Prawna”.

Кардынал Сьвёнтак быў першым Мітрапалітам Менска- Магілёўскай дыяцэзіі, створанай у 1991 годзе. Гэтую функцыю ён выконваў аж да пэнсі ў 2006 годзе.

У мінулум годзе сьвятару былі зробленыя апэрацыі ў Менску й Любліне. Пасьля была доўгая рэабілітацыай ў Польшчы й чарговая апэрацыя. З 10 сакавіка сьвятар знаходзіўся ў пінскім шпіталі.

Казімеж Сьвёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 году ў Эстоніі. Ва ўзросьце 3 гадоў разам з бацькамі сасланы ў Сібір. Вярнуўшыся зь Сібіры, паступіў у Пінскую духоўную сэмінарыю і ў 1939 годзе быў узьведзены ў духоўны сан. Неўзабавае трапіў у рукі НКУС і два месяцы знаходзіўся ў камэры сьмяротнікаў. Сьмяротны прысуд ня быў выкананы, паколькі Нямеччына напала на СССР.

У 1944 годзе Сьвёнтэка ізноў арыштавалі й саслалі на 10 гадоў у лягер, спачатку ў Сібір, пасьля - у Варкуту. Вярнуўшыся ў Пінск ён заангажаваўся ў адбудову катэдры й душпастырскую дзейнасьць. Калі на пераломе 1980- 1990-х гадоў прыйшла рэлігійная адліга, Сьвёнтэк заняўся стварэньнем струтураў касьцёла ў Беларусі. Калі яго калісьці запыталі, ці ён хацеў бы нешта зьмяніць у сваім жыцьці, калі б была магчымасьць пражыць яго яшчэ раз, кардынал адказаў, што хацеў бы пражыць таксама, прыгадвае „Dziennik. Gazeta Prawna”.

Апанэнт Лукашэнкі патрабуе сьледзтва, паведамляе „Rzeczpospolita”.

Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў патрабуе, каб людзі, якія зьбілі яго ў дзень выбараў, былі асуджаныя. Палітыку ўдалося прымусіць пракуратуру пачаць сьледзтва па справе ягонага зьбіцьця. У рамках сьледзтва амаль пасьля сямі месяцаў ад зьбіцьця Някляева накіравалі на мэдэкспэртызу.

«Лекары ня знойдуць нічога цікавага, паколькі прайшло шмат часу й раны загаіліся», заявіў палітык журналістам пасьля абсьледаваньня. Ён параіў лекарам зьвярнуцца па інфармацыю ў СІЗА КДБ, у якім ён знаходзіўся пасьля выбараў. Там яго лячылі й, магчыма, яшчэ засталіся нейкія дакумэнты адносна характару й ступені атрыманых пашкоджаньняў.

Някляева зьбілі амаль адразу ж пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Будучы яшчэ кандыдатам у прэзыдэнты палітык меў іммунітэт. У выніку зьбіцьця ён страціў прытомнасьць і трапіў у рэанімацыю. Раніцай са шпіталя яго забралі невядомыя асобы й прывезьлі ў ізалятар КДБ, дзе ён знаходзіўся месяц у цяжкім стане.

Толькі пасьля завяршэньня судовага працэсу ў траўні, калі большасьці ранаў і пабояў ужо не было, Някляеў змог накіраваць у пракуратуру скаргу аб зьбіцьці. Ён перакананы, што пракуратура адмовіць ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, піша „Rzeczpospolita”.

Заўтра пачынаецца „Басовішча”, піша „Gazeta Wyborcza” ў артыкуле пад назовам „Музыка контра фабрыка халтуры”.

Ва ўрочышчы Борык ў Гарадку пад Беластокам як і штогод зьбіраюцца сотні беларусаў. Многія больш за месяц чакалі атрыманьня шэнгенскіх візаў, каб цягам трох дзён дыхаць свабодай.

«Чаму „Басовішца” для нас такое важнае?  На лукашэнкаўскай Беларусі ў нас няма шансаў на правядзеньне такой імпрэзы, - кажа этна-сьпявачка Наста Някрасава, - рэжым мэтанакіравана зьнішчае нашую культуру».

Музычны прадзюсар Ігар Знык прыгадвае гісторык гурта „Далі”, які на пачатку сваёй творчай працы супрацоўнічаў зь Ірынай Дарафеевай - іконай поп-культуры афіцыйных уладаў. Музыкі акампаніявалі ёй падчас канцэртаў, а пасьля 40 хвілін маглі граць уласныя творы. У 2006 годзе, калі сьпявачка заангажавалася ў выбарчую кампанію Лукашэнкі, музыкі палічылі, што прыйшла пара сыходзіць. Доўгі час яны адчувалі непрыязнае стаўленьне з боку незалежных музыкаў, хаця самі граюць на антырэжымных сцэнах.

Сучаснае беларускае пакаленьне жыве паводле прынцыпа „галоўнае - не высоўвацца”. На маніфэстацыю яны можа й ня пойдуць, а вось на канцэрт ахвотна. Музыка зьяўляецца найлепшым сродкам узьдзеяньня на сьвядомасьць маладзёнаў, а прысутнасьць у групе на канцэрце дае пачуцьцё сілы.

«Нехта крыкне „Жыве Беларусь!”, і гэта крычыць ужо ўся зала. Многія маладыя людзі кажуць, што дзякуючы гэтаму дайшлі да крытычнычнага стаўленьня да рэжыму»,- кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

І таму рэжым, пакуль будзе існаваць, не перастане змагацца зь незалежнай  музычнай сцэнай.

«Лукашэнка стараецца зрабіць зь Беларусі фабрыку халтуры. А літаратура, музыка, ідэі, нацыянальная мова ня прыемлюць халтуры. Але й мы маем сваю малую перамогу: забараніць сьпяваць па-беларску нам ніхто не забароніць»,- дадае Вайцюшкевіч. Пра ідэю „Басовішча” напісала  „Gazeta Wyborcza”.
 

KP