• "Басовішча-2011"
  • 22.07.2011

Сёньня ва ўрочышчы Борык на Беласточчыне, што непадалёк аб польска-беларускай мяжы, пачынаецца Басовішча. Гэта буйнейшы фэстываль беларускай музыкі ў сьвеце. Ужо 20 гадоў яго ладзяць розныя пакаленьні студэнтаў беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы.

Басовішча называюць фэстывалем музыкі маладой Беларусі. Сцэна ў Борыку для шмат якіх артыстаў стала трамплінам у сьвет музыкі. Менавіта з “БАСаў” пачыналі сваю кар’еру вядомыя сёньня ў Беларусі й за мяжой выканаўцы.

Адзін з арганізатараў сёлетняга фэсту Норбэрт Васілюк кажа, што цягам выходных на Басовішчы выступяць больш за два дзясяткі гуртоў. Урочышча пад Гарадком ён параўноўвае з касмадромам Байканур і запрашае ўсіх гасьцей у сапраўднае касьмічнае падарожжа.

Н. Васілюк: У гэтым годзе зь Беларусі мы чакаем гуртоў Neuro Dubel, IQ48, якія, дарэчы, ужо выступалі на Басовішчы. Будуць таксама й навінкі. Напрыклад, вельмі вядомы гурт DakhaBrakha з Украіны, які зайграе ў супольным праекце зь беларускім гуртом Port Mone. З Польшчы выступіць Tymon&Transistors, а таксама праект R.U.T.A.

Дарэчы, праект R.U.T.A. выступае на найбуйнейшых польскіх фэстывалях. На “Басах” адбудзецца прэм’ера новай праграмы гэтай каманды “На Ўсход”. Супольна з R.U.T.A. выступіць беларуская фольк-вакалістка Наста Някрасава.

У пятніцу імпрэза пачнецца традыцыйна ад вольнай сцэны. А 16.00 гадзіне адбудзецца ўрачыстае адкрыцьцё фэстывалю й конкурс маладых гуртоў. Ад 19 да поўначы госьці “Басовішча” пачуюць Yellow Brick Road, Akute, Zero-85, TT-34, Exist M. 

Гэтым разам арганізатары, апрача музычнай часткі, падрыхтавалі для гасьцей разнастайную праграму, якая ўключае ў сябе ня толькі выступы рок-гуртоў.

Н. Васілюк: Запрашаем усіх на майстар-клясы трафарэтаў, якія будзе праводзіць выдатны майстар-трафарыст спадар Войцех Крамкевіч зь Беластоку. Таксама можна будзе навучыцца сьпяваць “белым сьпевам” ад нашых падляскіх сьпявачак. Упершыню за гісторыю фэсту будзе працаваць кіназаля, дзе можна будзе пабачыць фільмы, якія мы аб’ядналі пад назвай “Фільмы, якія трэба ведаць”.

А што на выходныя на Беласточчыне падрыхтавала гэтак званая “нябесная канцылярыя”? Сп. Васілюк кажа, што Борык на Басовішча застанецца сонечнай выспай у акіяне навальніцаў.

Н. Васілюк: Мае быць дождж, навальніца, маланка, але ў самім Борыку будзе адмысловае надвор’е, каб усе маглі ад 22 да 24 ліпеня пагуляць на славу.

“Басовішча” называюць апошнім некамэрцыйным музычным фэстам у Польшчы. На яго сцэне выступаюць незалежныя беларускія музыкі, якія ў сваёй краіне амаль цалкам пазбаўленыя права выступаць перад публікай.

Упершыню фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча” адбыўся ў 1990 годзе. Галоўным спонсарам імпрэзы зьяўляецца Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі. Менавіта гэтае ведамства займаецца ў Польшчы нацыянальнымі меншасьцямі.

Польскае радыё, дарэчы, уручае сёлета Гран-пры фэстывалю. Рэпартажы з Борыку на Падляшшы слухайце ў нашым эфіры цягам выходных дзён і ў панядзелак.

дг