• Ці трапяць Курапаты ў Сьпіс ЮНЭСКА?
  • Audio2.08 MB
  • 21.01.2009

Міністэрства культуры Беларусі адмовілася прадставіць Курапаты для ўнясеньня ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.

З такою прапановаю выступала Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры, якое дамагаецца таксама, каб дзяржава выконвала ўскладзеныя на сябе абавязкі па ахове Курапатаў.

Таварыства зьвяраталася ў канцы мінулага году ў Адміністрацыю прэзыдэнта й Саўмін, каб тыя далі даручэньне Міністэрству культуры разгледзець магчымасьць намінаваньня Курапатаў у Сьпіс ЮНЭСКА.
 
І вось прыйшоў адказ. Чыноўнікі лічаць, што гісторыка-культурная каштоўнасьць «Курапаты» - месца зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 30-40-х гадоў мінулага стагодзьдзя – ня можа быць намінаванае для ўнясеньня ў Сьпіс аб'етаў сусьветнай спадчыны. Менавіта гэты адказ знаходзіцца ў лісьце, падпісаным намесьнікам міністра культуры Ўладзімерам Грыдзюшкам да старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры Антона Астаповіча.

Антон Астаповіч: Я атрымаў ліст, дзе фармулюецца, што гэта нельга гэтага рабіць, таму што Курапаты, згодна з Канвэнцыяй ЮНЭСКА 2005 году, не падлягаюць уключэньню ў Сьпіс. Тут яны памыліліся. У Канвэнцыі напісана, што ўключаюцца ня толькі мясціны культуры, прыроды, але й гістарычныя аб'екты, якія аказалі моцны ўплыў на гістарычнае разьвіцьцё. А ў Курапатах з 1939 году зьнішчаліся выбітныя прадстаўнікі ня толькі беларускага наорду, але й народаў Польшчы, Балтыйскіх краін. Гэта транснацыянальны аб'ект. Калі б была палітычная воля, дык менавіта, абапіраючыся на гэтыя пункты Канвэнцыі, можна было б працаваць. Але гэтай волі няма й невядома, калі яна высьпее.

Катэгарычна нязгодны з такім рашэньнем і Вячаслаў Сіўчык.

Вячаслаў Сіўчык: Курапаты зьяўляюцца нацыянальным Нэкропалем Беларусі, адпавядаюць крытэрам, каб быць унесенымі ў Сьпіс ЮНЭСКА. І яны будуць унесеныя, але, баюся, не пры сёньняшняй уладзе. Сёньняшняй уладзе даваўся пэўны шанец паспрабаваць стаць на цывілізаваныя рэйкі. Яны чарговы раз пацьвердзілі, што цывілізавана яны нічога рабіць ня могуць.

Гісторык Ігар Кузьняцоў лічыць, што трэба дамагацца, каб дзяржава пачала выконваць ужо ўскладзеныя на сябе абавязкі. Менавіта гэта галоўнае цяпер, а не намаганьні па ўключэньні Курапатаў у Сьпіс спадчыны ЮНЭСКА.

Ігар Кузьняцоў: Яны спасылаюцца на тое, што аб'ект павінен быць шэдэўрам творчага генію чалавецтва, унікальным сьведчаньнем культурнай традыцыі цывілізацыі, або выбітным узорам будаўніцтва і г.д. А па гэтых крытэрах Курапаты не падыходзяць, нават калі б зь беларускага боку была прадпрынятая такая ініцыятыва. Яны спасылаюцца на фармальныя прыкметы. Але Курапаты ўжо ўнесеныя ў 1994 годзе ў сьпіс №1 аб'ектаў культурна-гістарычнай каштоўнасьці Саўміну Беларусі. Юрыдычны статус ёсьць. А праблема ў тым, што тэрыторыя не ахоўваецца. Не выконваецца дзеючае заканадаўства.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры агучыла чарговую ініцыятыву па стварэньні грамадзкага аргкамітэту па абароне Курапатаў, каб шукаць шляхі супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі ворганамі. Важна, каб мэмарыял Курапаты трымаўся ня толькі на высілках грамадзкасьці, на грамадзкіх ініцыятывах.

На прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 20 студзеня, вялася таксама размова пра тое, як дамагчыся, каб дзяржава выканала ўскладзеныя на сябе абавязкі па ахове гістарычнага аб'екта, каб выканала пастанову Саўміну ад 18 студзеня 1989 году ўстанавіць ва ўрочышчы Курапаты помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў 1937-1941 гадоў.

Ганна Гарачка